Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС пракамэнтавала аўдыёзапіс, дзе міліцыянтам тлумачаць, як паводле «фабулы» афармляць затрыманых на акцыях 


Затрыманьні 14 ліпеня ў Менску

Запіс, зроблены ў Цэнтральным РУУС Менска 14 ліпеня, абнародавала «Эўрарадыё». Гутарка праваахоўнікаў была запісаная на тэлефон аднаго з затрыманых.

Адзін з галасоў паведамляе колькасьць людзей, якія павінны адправіцца ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, а таксама інструктуе маладзейшых калег, як правільна афармляць дакумэнты аб затрыманьні.

Пазьней затрыманых, якіх часам называюць «бандытамі», разьмяркоўваюць сярод супрацоўнікаў, называючы іхныя прозьвішчы.

Афіцыйная прадстаўніца МУС Беларусі Вольга Чамаданава паведаміла Tut.by, што абнародаваны аўдыёзапіс патрабуе праверкі дакладнасьці, а зьвесткі могуць адносіцца да інфармацыі «абмежаванага распаўсюду».

«Заканадаўча вызначаны парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Усе ўдзельнікі абавязаныя яго выконваць. У выпадку парушэньня да адказнасьці прыцягваюцца асобы, якія пасьля неаднаразовых папярэджаньняў працягваюць супрацьпраўную дзейнасьць. Ніякай практыкі прыцягненьня паводле разнарадкі няма і быць ня можа», — паведаміла прадстаўніца ведамства.

Паводле яе, супрацоўнікі міліцыі падчас правядзеньня несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў затрымліваюць правапарушальніка і дастаўляюць яго ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў, дзе перадаюць службовым асобам, надзеленым правам складаньня пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Тыя ў поўным аб’ёме высьвятляюць абставіны ўчыненага правапарушэньня (час, месца, дата), у тым ліку ў супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі парушальніка. Са зьместу фабулы павінна быць зразумела, які артыкул КаАП парушаны.

Яна таксама ўдакладніла, што правапарушальнік можа быць затрыманы як падчас, так і пасьля заканчэньня масавага мерапрыемства. Законам прадугледжана прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці на працягу двух месяцаў пасьля правапарушэньня, а ў некаторых выпадках і больш.

Увесь працэс вядзецца ў адпаведнасці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам і Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, падсумавала Вольга Чамаданава.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG