Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стары прэзыдэнт нічога ня можа нам прапанаваць». Андрэй Дзьмітрыеў зьвярнуўся да выбарнікаў


21 ліпеня кандыдаты ў прэзыдэнты зьвяртаюцца да сваіх выбарнікаў. Андрэй Дзьмітрыеў пачаў свой зварот з крытыкі ўлады і не заклікаў галасаваць толькі за сябе.

Што сказаў Дзьмітрыеў. Сьцісла

  • Старая ўлада ня можа ці ня хоча нічога рабіць.
  • Лукашэнка ўвесь час прапануе пацярпець.
  • Чыноўнікі не зьвяртаюць увагі на патрэбы беларусаў.
  • Дзяржаўныя СМІ не расказваюць пра рэальныя праблемы.
  • Неабходна ліквідаваць кантрактную сыстэму.
  • Трэба галасаваць 9 жніўня.

Паводле Андрэя Дзьмітрыева, ад цяперашняй улады людзі бачаць «хамства і абразы».

«Сёньня палова моладзі плянуе зьехаць зь Беларусі, і гэта катастрофа. Такую будучыню нам абяцае старая ўлада. Калі прыйшоў каранавірус, Лукашэнка і чыноўнікі не захацелі пра нас думаць. Яны думалі пра эканоміку», — сказаў Дзьмітрыеў.

Выказаўся Дзьмітрыеў і пра затрыманьні грамадзян у чэргах і на вуліцы. На яго думку, гэта вынік нязьменнасьці ўлады.

«Я пытаўся ў людзей у 40 гарадах пра іх заробкі, у сярэднім атрымліваецца 500 рублёў. Гэта што, нармальна? За 10 гадоў ва ўсіх нашых суседзяў заробкі вырасьлі, у Літве і Польшчы — удвая. Ва Ўкраіне, дзе вайна, заробкі таксама вырасьлі. І толькі ў нас заробкі не мяняюцца, як і прэзыдэнт», — сказаў Дзьмітрыеў.

Згадаў Андрэй Дзьмітрыеў і пра Сьвятлану Ціханоўскую і ейнага мужа Сяргея Ціханоўскага.

«Сотні людзей затрымліваюць за тое, што яны хочуць нешта зьмяніць — гэта што, злачынства? У нас меней за 1% апраўдальных прысудаў. Выйшаў з дому — ужо злачынца. Трэба адыходзіць ад практык прыніжэньня і запужваньня», — сказаў Дзьмітрыеў.

Кандыдат заклікаў усіх галасаваць 9 жніўня, а таксама дапамагаць кандыдатам весьці кампанію. Галасаваць за сябе ён не заклікаў.

«Кампаніі Дзьмітрыева больш няма, ёсьць кампанія ўсіх людзей, якія хочуць пераменаў. Ідзіце ў назіральнікі. Такіх кампаній цяпер шмат. Давайце арганізоўваць сустрэчы ў офісах і на прадпрыемствах. У пераменаў у Беларусі сёньня шмат імёнаў: мужчынскіх, жаночых, у кожных гарадах і вёсках. Іх мільён. Якім будзе імя новага прэзыдэнта, вырашаць вам. Але адно зразумела — Беларусі патрэбен новы прэзыдэнт», — скончыў свой выступ Дзьмітрыеў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG