Лінкі ўнівэрсальнага доступу

298 загінулых, зь іх 80 дзяцей. 6 гадоў таму рэйс MH17 зьбілі ў небе над Данбасам. Суд працягваецца


На месцы катастрофы рэйсу МН17 у 2014 годзе

Сёньня, 17 ліпеня, спаўняецца шэсьць гадоў з дня, калі «Боінг» «малайзійскіх авіяліній» рэйсу MH17 быў зьбіты ў небе над Данбасам. У катастрофе загінулі 298 чалавек.

17 ліпеня дзевяць амбасадаў краінаў, грамадзяне якіх загінулі падчас палёту, правядуць жалобныя цырымоніі ў Малайзіі, якая страціла ў выніку катастрофы 43 чалавекі. У Нідэрляндах, якія страцілі ў катастрофе 193 грамадзян, памінальныя імпрэзы пачаліся 16 ліпеня, калі сем'і 15 загінулых сабраліся ў горадзе Гілвэрсум. Яшчэ адна акцыя, закрытая для прэсы, адбудзецца 17 ліпеня ў аэрапорце Схіпхол у Амстэрдаме.

Судовы працэс аб крушэньні лайнэра пачаўся ў сакавіку 2020 году, але яго працяг адклалі з прычыны пандэміі каранавірусу.

Што адбылося ў небе над Данбасам 6 гадоў таму

17 ліпеня 2014 самалёт «Боінг-777» «Малайзійскіх авіяліній» рэйсу MH17, які выконваў рэйс з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты над зонай збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Загінулі 298 чалавек — усе, хто быў на борце. Сярод іх былі грамадзяне Нідэрляндаў (193 чалавекі), Малайзіі, ЗША, Аўстраліі.

Журналіст на месцы катастрофы
Журналіст на месцы катастрофы

Праз тры гады, у ліпені 2017 году, кіраўнік МЗС Аўстраліі Джулія Бішап зьвярнулася да Расеі з заклікам трымацца рэзалюцыі 2166 Рады Бясьпекі ААН. Гэтую рэзалюцыю ўнесла Аўстралія празь некалькі дзён пасьля падзеньня самалёта, яна заклікае усе зацікаўленыя дзяржавы да супрацоўніцтва ў пошуку адказных. Бішап выказала здагадку, што вінаватых могуць судзіць завочна.

«Магчыма, адбудзецца завочны судовы разбор. Гучалі паведамленьні, некаторых сьведак затрымалі ў Расеі. Таму я, вядома, заклікаю Расею выконваць рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН і зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці», — заявіла яна.

Першыя абвінавачаныя

Міжнародная сьледчая група выставіла афіцыйныя абвінавачаньні ў датычнасьці да крушэньня малазійскага «Боінга» ў 2014 годзе ў адрас трох расейцаў і аднаго грамадзяніна Ўкраіны.

Фігурантамі справы сталі былы камандзір сілаў самаабвешчанай «ДНР» Ігар Стралкоў (сапраўднае прозьвішча Гіркін), ягоны намесьнік Сяргей Дубінскі (пазыўны Хмуры), намесьнік Дубінскага Алег Пулатаў (Гюрза) і ўкраінец Леанід Харчанка (Крот), якога сэпаратысты называлі камэндантам Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласьці.​

Сьледзтва лічыць, што яны нясуць адказнасьць за арганізацыю дастаўкі зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» на кантраляваную сэпаратыстамі тэрыторыю. Усе яны абвінавачаныя ў забойстве. Іх абвесьцяць у міжнародны вышук.

Дасьледаваньне Bellingcat

Летась апублікавалі новае дасьледаваньне Bellingcat, заснаванае на тэлефонных перамовах сэпаратыстаў, перахопленых Службай бясьпекі Ўкраіны ў дзень катастрофы, 17 ліпеня, а таксама ў папярэдні і наступны дні. Частку гэтых перамоваў апублікавалі ў адкрытым доступе самой СБУ і Сумесная сьледчая група. Усяго Ўкраіна перадала Сумеснай сьледчай групе запісы каля 150 тысяч перахопленых званкоў.​

Дасьледчыкам Bellingcat атрымалася ідэнтыфікаваць практычна ўсіх неназваных дагэтуль асоб, якія адказвалі за перасоўваньне ракетнай устаноўкі «Бук» па захопленай сэпаратыстамі тэрыторыі Ўкраіны. Яны таксама здолелі растлумачыць ролю, якую адыгрывалі ў трагедыі высокапастаўленыя камандзіры сэпаратыстаў і іх куратары з ГРУ — Сяргей Дубінскі, Ігар Стралкоў, Ігар Безьлер, Аляксандар Хадакоўскі і іншыя.

У красавіку 2020 году апублікавалі новае расьсьледаваньне групы Bellingcat, выданьняў The Insider і Der Spiegel. У ім сьцьвярджаецца, што чалавек, які хаваўся пад пазыўным «Эльбрус» у перахопленых тэлефонных перамовах пра падзеі на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе, у тым ліку пра катастрофу малайзійскага «Боінга» над Данбасам, — гэта палкоўнік ФСБ Расеі Ігар Ягораў.

Роля Расеі ў трагедыі

Расея працягвае адмаўляць сваю датычнасьць да зьбіваньня «Боінга». Сярод вэрсій, якія выкарыстоўваў Крэмль, настойваючы на адказнасьці Ўкраіны, былі нібыта сьведчаньне «іспанскага дыспэтчара» аэрапорта «Барыспаль» па імі Карлас, які пісаў у Twitter, што бачыў, як малайзійскі «Боінг» перасьледуюць два ўкраінскія вайсковыя самалёты.​

Вясной 2018-га журналісты Радыё Свабода і румынскага RISE Project знайшлі Карласа. Высьветлілася, што яго імя Хасэ Карлас Барыёс Санчэс, акрамя таго, ён сьцьвярджаў, што атрымаў 48 тысяч даляраў ад Крамля за сваю ролю «гішпанскага дыспэтчара».

Прарасейскі сэпаратыст на месцы катастрофы
Прарасейскі сэпаратыст на месцы катастрофы

За пару месяцаў да зьбіваньня малайзійскага «Боінга» ён ужо фігураваў у матэрыяле расейскага тэлеканалу Russia Today як «жыхар Украіны», якому быццам бы прыйшлося зьехаць «праз пагрозы з боку прыхільнікаў Эўрамайдану».

Суд

Нацыянальная пракуратура Нідэрляндаў у лютым 2020 году прад’явіла абвінавачваньні чатыром фігурантам справы аб катастрофе рэйсу MH17. Сярод іх трое грамадзян Расеі (генэрал-маёр Сяргей Дубінскі, палкоўнік Алег Пулатаў, колішні «міністар абароны „ДНР“» Ігар Стралкоў (Гіркін), а таксама ўкраінец Леанід Харчанка.

Апошняга ў траўні​ арыштавалі і дапыталі баевікі «ДНР» ў Данецку. Суразмоўцы ВВС казалі, што сапраўдная мэта — «ізаляваць» Харчанку, каб выключыць магчымасьць яго выкраданьня спэцслужбамі Ўкраіны

9 сакавіка ў нідэрляндзкай Гаазе пачаліся слуханьні ў гэтай справе. З чацьвярых падазраваных на выстаўленыя абвінавачаньні адрэагавалі Дубінскі, Пулатаў і Гіркін, усе трое адмаўляюць сваю віну і датычнасьць да катастрофы. Абвінавачаныя не зьявіліся для ўдзелу ў крымінальным працэсе — іх прадставілі іхныя адвакаты.

Прарасейскія сэпаратысты на месцы катастрофы
Прарасейскія сэпаратысты на месцы катастрофы

У абвінаваўчым заключэньні, абнародаваным на сайце нідэрляндзкай пракуратуры, фігуруюць два абвінавачаньні — ва ўласна зьнішчэньні самалёта і ў забойстве.

У дакумэнце пазначана, у якіх менавіта дзеяньнях падсудных абвінавачаньне бачыць склад злачынства. У прыватнасьці, сьцяврджаецца, што абвінавачаныя (асабіста або апасродкавана) спрыялі таму, што ва Ўкраіну быў дастаўлены расейскі «Бук» з экіпажам. Выступаючы ў судзе, прадстаўнік абвінавачваньня заявіў, што расьсьледаваньне працягваецца, і сьледчыя спрабуюць высьветліць асобы экіпажу «Бука», а таксама тых, хто аддаваў ім загады.

Таксама ў абвінавачваньні сказана, што падсудныя аддавалі распараджэньне пра тое, дзе менавіта разьмясьціць «Бук», а таксама спрыялі таму, каб комплекс быў вывезены з тэрыторыі Ўкраіны назад у Расею.

Чацьвёра абвінавачаных, на думку сьледзтва, адыгралі ключавую ролю ў апэрацыі з «Букам», хоць, як заявіў пракурор, «кпопку націскалі не яны, а экіпаж». У абвінавачаньні таксама не гаворыцца, ці наўмысна зьбілі «Боінг», ці памылкова. Выступаючы ў судзе, пракурор сказаў, што гэта ня так важна, бо чалавека, які застрэліў бы выпадковага мінака, пераблытаўшы яго са сваім ворагам, усё адно судзілі б за забойства.

Пракурор таксама заявіў, што сьведкі абвінавачваньня застануцца засакрэчанымі, бо асьцерагаюцца перасьледу з боку Расеі і сэпаратыстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG