Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нідэрлянды падаюць у Эўрапейскі суд пазоў супраць Расеі ў справе зьбітага над Данбасам самалёта


Данецкімя сэпаратысты сярод абломкаў зьбітага самалёта

Нідэрлянды падаюць пазоў супраць Расеі ў Эўрапейскі суд правоў чалавека за зьбіты летам 2014 году ў Данецкай вобласьці Ўкраіны самалёт «Малайзійскіх авіялініяў» МН17. Тады загінулі 298 чалавек — грамадзяне 17 дзяржаваў.​

У паведамленьні ўраду Нідэрляндаў гаворыцца, што яны падзеляцца з судом ўсёй даступнай і актуальнай інфармацыяй аб зьбітым самалёце. Матэрыялы скаргі далучаць да заяваў у ЭСПЧ супраць Расеі ад блізкіх сваякоў загінулых у гэтай авіякатастрофе.

Урад Нідэрляндаў адзначае, што, падаючы заяўку, ён падтрымлівае сваякоў усіх 298 загінулых, незалежна ад іх грамадзянства. «Дасягненьне справядлівасьці для 298 ахвяраў зьбітага самалёта MH17 ёсьць і застаецца найвышэйшым прыярытэтам ўраду», — сказана ў паведамленьні.

Паводле вэрсіі Міжнароднай сумеснай сьледчай групы, самалёт быў зьбіты ракетай, якую выпусьціла ўстаноўка «Бук» расейскай вытворчасьці, разьмешчаная непадалёк ад гораду Сьняжное на тэрыторыі, якую кантралявалі сэпаратысты самаабвешчанай «ДНР», а сама ўстаноўка належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе расейскай супрацьпаветранай абароны з Курску. Паводле вэрсіі сьледчых, устаноўку даставілі на тэрыторыю «ДНР» з Курскай вобласьці Расеі незадоўга да стрэлу.

Улетку 2019 году пракуратура Нідэрляндаў, грунтуючыся на дадзеных сьледзтва, выставіла абвінавачаньне ў забойстве пасажыраў «Боінга» супраць трох грамадзян Расеі і аднаго грамадзяніна Ўкраіны, заявіўшы аб іх датычнасьці да катастрофы самалёта. 9 сакавіка 2020 году ў Нідэрляндах пачаліся судовыя слуханьні ў справе зьбітага лайнэра. Абвінавачаныя:

  • былы палкоўнік ФСБ Расеі Ігар Гіркін (Стралкоў): на момант катастрофы «Боінга» ён займаў пасаду кіраўніка «ўзброеных сілаў» сэпаратыстаў «ДНР»;
  • былы падпалкоўнік расейскіх паветрана-дэсантных войскаў Алег Пулатаў (пазыўныя «Гюрза» і «Халіф»): у момант катастрофы быў камандзірам 2-га аддзелу «ГРУ ДНР», сьледзтва лічыць яго датычным да аховы ўстаноўкі «Бук» на тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам;
  • расеец Сяргей Дубінскі («Хмурны»), у ліпені 2014 году ўзначальваў «ГРУ ДНР», цалкам або часткова падкантрольнае расейскаму ГРУ; паводле Bellingcat, раніцай 18 ліпеня 2014 году, назаўтра пасьля падзеньня самалёта, ён стэлефаноўваўся з Гіркіным (Стралковым) — яны абмяркоўвалі эвакуацыю ракетнай устаноўкі «Бук», зь якой быў зьбіты «Боінг», назад у Расею;
  • а таксама грамадзянін Украіны Леанід Харчанка («Крот»). 23 ліпеня 2014 году таксама размаўляў праз тэлефон з Стралковым і запытваў артылерыйскія ўдары па пазыцыях украінскіх войскаў.

Абвінавачаньні ім выставілі паводле артыкулаў 168 і 289 Крымінальнага кодэксу Нідэрляндаў — у наўмысным зьнішчэньні самалёта і ў наўмысным забойстве. Абодва артыкулы прадугледжваюць зьняволеньне аж да пажыцьцёвага.

Улетку 2015 году сваякі 18 пасажыраў зьбітага «Боінга» падалі ў амэрыканскі суд грамадзянскі пазоў на Ігара Стралкова. Ад былога міністра яны патрабуюць 900 мільёнаў даляраў. Пазоўнікі мяркуюць, што ракета па самалёце была пушчаная на яго ўказаньне, а таксама што Стралкоў удзельнічаў у канфлікце ва Ўкраіне «з дабраславеньня» Крамля.

Ніводзін з абвінавачаных, уключаючы Гіркіна, на судзе ў Нідэрляндах асабіста не прысутнічае. Масква адмаўляе ўсе абвінавачаньні ў датычнасьці да крушэньня лайнэра, а ў міністэрстве абароны Расеі сьцьвярджаюць, што ў пэрыяд крушэньня «Боінга» ніводная з расейскіх установак «Бук» ня перасякала мяжы з Украінай.

Калі ЭСПЧ будзе разглядаць справу — невядома. Аднак паводле новай Канстытуцыі, галасаваньне аб якой праходзіла з 25 чэрвеня па 1 ліпеня 2020 году, Расея можа не выконваць рашэньняў міжнародных судоў, у тым ліку ЭСПЧ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG