Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайт Petitions.by заявіў пра хакерскія атакі, папрасіў зьмяніць паролі


Ілюстрацыйнае фота

Папулярны сайт зваротаў да чыноўнікаў Petitions.by расказаў 16 ліпеня, што ўжо тыдзень цярпіць ад хакерскіх атак — невядомыя спрабуюць падабраць паролі карыстальнікаў.

Тых, хто ствараў уліковы запіс на самім сайце, а не рэгістраваўся праз сацыяльныя сеткі, просяць зьмяніць пароль. Адміністратары сайта сьцьвярджаюць, што «трымаюць абарону», але просяць ім у гэтым дапамагчы: зрабіць складаны пароль або стварыць такі праз генэратар выпадковых пароляў.

Хто вядзе атаку і зь якіх адрасоў, адміністратары ня кажуць.

Petitions.by дазваляе скласьці зварот і сабраць пад ім подпісы рэальных жыхароў Беларусі — для падпісаньня пэтыцыі трэба ўвесьці нумар тэлефона, які, у сваю чаргу, прывязаны да пашпарта. На звароты з сайта чыноўнікі абавязаныя даць адказ у вызначаны тэрмін.

Цяпер на сайце, напрыклад, зьбіраюць подпісы за вяртаньне вернікам Чырвонага касьцёла ў Менску (ужо звыш 1000) і за перанос фізычнага пуску БелАЭС (звыш 2500 подпісаў). Чыноўнікі нядаўна далі адказы, напрыклад, на звароты пра выкарыстаньне беларускай мовы на чыгуначных квітках і пра разбурэньне гістарычных могілак у Ракаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG