Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарвыканкам адмовіўся назваць вуліцу ў гонар Юрыя Зісера


Юры Зісер, 2019 год

Юрыст Уладзімер Нясьмашны стварыў у сярэдзіне траўня зварот на сайце Petitions.by за наданьне вуліцы ў Менску імя памерлага заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера. 1 ліпеня ён апублікаваў на Facebook атрыманы адказ гарадзкіх уладаў.

У пэтыцыі, якую падпісалі больш за 4600 чалавек, заяўлялі, што Юры Зісер вядомы ня толькі як заснавальнік Tut.by, але і як актыўны ўдзельнік стартап-руху, мэнтар і інвэстар, які зрабіў унёсак у разьвіцьцё беларускай культуры і нацыянальнай ідэі.

Начальніца ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Віталіна Рудзікава адказала, што пэтыцыю разглядзелі службы выканкаму і прыйшлі да высновы, што прапановы па назвах вуліц могуць уносіць мясцовыя Саветы дэпутатаў, распарадчыя і выканаўчыя органы, іншыя арганізацыі, а таксама грамадзяне пасьля правядзеньня мясцовага сходу або мясцовага рэфэрэндуму. Пасьля рашэньне накіроўваюць у камісію па найменьнях, якая па ўзгадненьні з выканкамам накіроўваецца мясцоваму савету дэпутатаў.

Менгарвыканкам ня згадвае ў адказе, што сам адносіцца да выканаўчых органаў, які можа ўносіць прапановы па назвах вуліц, і ня піша, якія дзеяньні прыме ў сувязі са зваротам 4600 чалавек.

Але дадаткова інфармуе, што ў чарзе прапановаў на назвы вуліц цяпер звыш 60 імёнаў. Новым вуліцам у Менску цяпер практычна не надаюць імёнаў: сьцьвярджаецца, што за 2016 год назвалі 5 вуліц, за 2017 і 2018 — па дзьве, за 2019 год — ніводнай вуліцы. Пра магчымасьць перайменаваньня ўжо названых вуліц Менгарвыканкам ня згадвае.

У чарзе Менгарвыканкаму цяпер такія імёны, як Васіль Быкаў, Міхаіл Савіцкі, Эдвард Вайніловіч, Генадзь Бураўкін, Тадэвуш Рэйтан, Мікалай Кірычэнка, Леанід Левін, Алесь Адамовіч, Жарэс Алфёраў, Ігар Лучанок, Ніл Гілевіч і іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG