Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім Варонежы за дзень правялі звыш сотні ператрусаў у Сьведак Яговы


Сама меней 110 ператрусаў правялі 14 ліпеня ў Варонежы, што на захадзе Расеі, у меркаваных чальцоў рэлігійнай арганізацыі «Сьведкі Яговы», трынаццаць чалавек затрымалі і адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня да суду, зь іх дзесяць у выніку арыштавалі, паведамляюць «Вести Воронеж».

Двое затрыманых заявілі, што іх білі, піша «Медиазона».

У Міністэрстве ўнутраных справаў Расеі паведамілі, што пры ператрусах у затрыманых канфіскавалі «забароненую літаратуру, у тым ліку нетрадыцыйныя Бібліі, а таксама лісты, якія вернікі раскідвалі па паштовых скрынях». Супраць іх распачалі крымінальныя справы аб арганізацыі дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі. Максымальнае пакараньне —10 гадоў пазбаўленьня волі.

У аўторак у арганізацыі «Сьведкі Яговы» заявілі, што пасьля яе забароны на тэрыторыі Расеі ў 2017 годзе праваахоўныя органы правялі ў вернікаў ужо больш за тысячу ператрусаў. У якасьці рэчыўных доказаў у крымінальных справах у пасьлядоўнікаў веравучэньня адбіраюць «Бібліі, друкаваныя публікацыі, а таксама асабістыя рэчы, якія ня маюць ніякага дачыненьня да рэлігіі: грошы, банкаўскія карты, электронныя прылады і нават часопісы пра шыцьцё».

  • У 2017 годзе Вярхоўны суд Расеі прызнаў рэлігійную арганізацыю «Сьведкі Яговы» экстрэмісцкай і забараніў яе дзейнасьць у Расейскай Фэдэрацыі. Праваабарончы цэнтар «Мемориал» адзначыў, што ў рашэньні суду «не было прыведзена ніводнага факту парушэньня вернікамі грамадзкага парадку, праявы агрэсіі або гвалту зь іх боку, а таксама сьведчаньняў, што іхная дзейнасьць пагражала бясьпецы Расейскай Фэдэрацыі».
  • У сьнежні 2018 году Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з чальцамі прэзыдэнцкага Савету правоў чалавека назваў прызнаньне Сьведак Яговы экстрэмістамі «лухтой», заявіўшы, што яны таксама хрысьціяне і перасьледаваць іх няма за што.
  • Нягледзячы на гэта, рашэньне Вярхоўнага суду не пераглядалі, сотні вернікаў трапілі пад крымінальны перасьлед, дзясяткі былі асуджаныя на рэальныя тэрміны зьняволеньня, многія з арыштаваных скардзіліся на катаваньні падчас допытаў.
  • У Беларусі афіцыйна не забаронена дзейнасьць Сьведак Яговы, але вернікі сутыкаюцца зь цяжкасьцямі ў рэгістрацыі мясцовых рэлігійных суполак. Сёлета Генэральная пракуратура Беларусі адмовіла ў выдачы Расеі егавіста Мікалая Махалічава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG