Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ праводзіць чарговыя ператрусы і затрыманьні крымскіх татараў


У анэксаваным Расеяй Крыме супрацоўнікі ФСБ праводзяць ператрусы і затрыманьні ў крымскіх татараў. Чатырох жыхароў Бахчысараю падазраюць ва ўдзеле ў забароненай у Расеі арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр». Пра гэта паведамляе «Крым. Реалии» са спасылкай на грамадзкую арганізацыю «Крымская салідарнасьць».

Супрацоўнікі ФСБ утрымліваюць чатырох чалавек па падазрэньні ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі. Паводле актывістаў «Крымскай салідарнасьці», у часе ператрусаў супрацоўнікі ФСБ забралі мабільныя тэлефоны і «падкідвалі літаратуру».

Супрацоўнікі расейскіх праваахоўных органаў не камэнтуюць ператрусаў і затрыманьняў. Ва Ўкраіне пачалі крымінальную справу па факце «парушэньня недатыкальнасьці жытла пры правядзеньні незаконных ператрусаў у дамаўладаньнях грамадзян Украіны ў горадзе Бахчысарай».

  • Расея анэксавала Крым у 2014 годзе. У Маскве называюць гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыма незаконнай. Краіны Захаду ўвялі супраць Расеі санкцыі.
  • Крымскія татары, якія выступілі супраць анэксіі, рэгулярна паведамляюць пра перасьлед з боку расейскай паліцыі і ФСБ.
  • Паводле экспэртаў Крымскататарскага рэсурснага цэнтру, у 2019 годзе на паўвостраве адбылося больш за 150 затрыманьняў і больш за 300 захадаў па абмежаваньні волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG