Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі быць сьведкам Яговы не злачынства». У Расею вернікі стараюцца ня езьдзіць


У Генпракуратуры Беларусі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што затрыманы сьведка Яговы Мікалай Махалічаў з Расеі знаходзіцца ў сьледчым ізалятары № 2 у Віцебску. Генпракуратура ж будзе прымаць рашэньне аб экстрадыцыі.

«Цяпер чакаем працэсуальныя дакумэнты з Расеі, каб іх вывучыць. На гэта ёсьць 40 дзён ад моманту ўзяцьця пад варту. Пасьля іх атрыманьня будзем прымаць рашэньне. Будзе выкарыстоўвацца Менская канвэнцыя СНД аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах. Як будуць далей разьвівацца падзеі, казаць пакуль рана», — сказаў прадстаўнік Генпракуратуры Дзьмітры Брылёў.

36-гадовага Мікалая Махалічава затрымалі 21 лютага ў Гарадку Віцебскай вобласьці. Яму паведамілі, што Расея абвясьціла яго ў міждзяржаўны вышук, бо ён належыць да забароненай рэлігійнай супольнасьці. Праз тры дні намесьнік пракурора Гарадоцкага раёну адправіў верніка ў віцебскае СІЗА.

«Затрыманьне было вельмі нечаканым»

Бацькі і сястра Мікалая Махалічава жывуць у Расеі , яны знайшлі яму адваката.

Паводле прадстаўніка «Эўрапейскай асацыяцыі Сьведак Яговы», Мікалай «ніякі не злачынца, проста вернік. І калі, магчыма, пачата справа супраць яго ў Расеі, гэта яшчэ не падстава, каб затрымліваць яго ў Беларусі». Мікалай наведваў сваіх сяброў і неаднаразова раней прыяжджаў у Беларусь.

«Затрыманьне для яго было вельмі нечаканым, ён быў шакаваны такім разьвіцьцём падзей. Ён спадзяецца, што беларускія ўлады абʼектыўна разгледзяць справу, і калі гэта не зьяўляецца злачынствам у Беларусі, то ён будзе адпушчаны на свабоду».

Як паведамляе сайт jw-russia.org, у расейскім горадзе Ура́й Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі супраць Мікалая Махалічава ў студзені мінулага году завялі крымінальную справу за арганізацыю і ўдзел у дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі. Такой арганізацыяй у Расеі па рашэньні Вярхоўнага суду ад 2017 году прызнаюць Сьведак Яговы. Іх дзейнасьць у Расеі забароненая, супраць вернікаў пачатыя крымінальныя справы.

Мікалая Махалічава беларускія ўлады могуць выдаць Расеі. Паводле сайту jw-russia.org, ён накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека і папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Сьведка Яговы мае намер абскардзіць у судзе пастанову намесьніка пракурора раёну аб ягоным зьмяшчэньні пад варту.

«Усе канфэсіі роўныя і ўсе дзейнічаюць»

У Беларусі дзейнасьць рэлігійнай арганізацыі «Сьведкі Яговы» не забароненая.

«У адпаведнасьці з законам у нас усе канфэсіі роўныя і ўсе дзейнічаюць», — сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Алена Радчанка. Пытаньні, зьвязаныя з затрыманьнем Мікалая Махалічава, яна параіла адрасаваць праваахоўным органам.

Паводле Паўла Ядлоўскага, старшыні рэлігійнага абʼяднаньня «Сьведак Яговы» ў Беларусі, у розных гарадах краіны дзейнічае 27 зарэгістраваных мясцовых грамадаў. Яны абʼядноўваюць 6 тысяч вернікаў. Набажэнствы і сустрэчы наведваюць каля 10 тысяч чалавек.

«Беларускія ўлады пакуль паступаюць мудра і не пайшлі шляхам Расеі. Цягам апошніх гадоў сытуацыя адносна сьведак Яговы ў Беларусі стабільная. Калі беларускія ўлады будуць захоўваць такую пазыцыю, то нас гэта ў пэўнай ступені задавальняе, — кажа Павал Ядлоўскі. — Калі параўноўваць нашу сытуацыю з Расеяй, то мы ў лепшым становішчы і спадзяёмся, што хаця б стабільнасьць захаваецца і нам ня трэба будзе ўцякаць ці баяцца перасьледу, як баяцца нашы сувернікі ў Расеі».

Павал Ядлоўскі лічыць, што не было падставаў для затрыманьня Мікалая Махалічава, бо «быць сьведкам Яговы на тэрыторыі Беларусі — гэта не злачынства».

«Таму сытуацыя не адназначная. Атрымліваецца, што тут ён не злачынца за тое, што вызнае сьведак Яговы. Але як павядуць сябе ўлады, пракуратура, пакажа час. Мы спадзяёмся, што будзе захавана права чалавека на абарону, на прытулак, бо ў Расеі ёсьць рэальная пагроза перасьледу сьведак Яговы па прыкмеце рэлігіі. Мікалай Махалічаў хоча, каб беларускія ўлады не выдавалі яго ў Расею. Гэта наш духоўны брат. І калі нашы блізкія знаходзяцца ў падобнай сытуацыі, мы хочам, каб яны былі вольныя».

З Расеі ў Беларусь мігруе невялікі працэнт сьведак Яговы, бо пераважна яны выбіраюць іншыя краіны. Але вернікі зь Беларусі менш езьдзяць у Расею «з прычыны боязі рэальнага перасьледу».

Паводле Паўла Ядлоўскага, сьведкі Яговы ніколі не былі экстрэмістамі, «яны вядомыя сваёй дабрынёй і павагай да ўладаў».

«У нас ёсьць свая цьвёрдая рэлігійная пазыцыя, мы ня можам ісьці на кампраміс у пытаньнях веры і пакланеньня Богу. Мы міралюбівыя людзі».

Апошняя рэгістрацыя грамады адбылася 10 гадоў таму

З рэгістрацыяй грамадаў сьведак Яговы ў Беларусі ёсьць «пэўныя цяжкасьці», кажа Ядлоўскі. Апошняя рэгістрацыя грамады адбылася ажно ў 2010 годзе. У краіне ёсьць шэраг «праблемных» гарадоў, дзе мясцовыя сьведкі Яговы спрабуюць зарэгістравацца некалькі дзесяцігодзьдзяў. Так, у Барысаве больш за 20 гадоў улады не рэгіструюць Сьведак Яговы, хоць было ўжо больш за 15 спробаў. Грамада зноў спрабуе дамагчыся рэгістрацыі праз суд.

«Адна з распаўсюджаных фармальных прычын адмовы ў рэгістрацыі — маўляў, няма юрыдычнай асобы. Улады аказваюць ціск на ўласьніка, і ён адмаўляецца даць сваё памяшканьне ў арэнду альбо забірае свой гарантыйны ліст. І паводле такіх фармальных падставаў адмаўляюць у рэгістрацыі. У працэсе рэгістрацыі мы бачым перадузятае стаўленьне, і тут цяжка нешта зрабіць», — кажа Павал Ядлоўскі.

Цягам апошніх гадоў сьведкі Яговы таксама не атрымалі дазволу на будоўлю культавага будынку. Таму малітоўныя сходы ці набажэнствы адбываюцца ў жылых дамах альбо актавых залях.

«Грамада ў Менску мае ва ўласнасьці канфэрэнц-залю, у якой могуць знаходзіцца адначасова каля 100–120 чалавек. Але яна не зьяўляецца культавай, таму даводзіцца зьвяртацца ў выканкам па дазвол, які даецца на 3–6 месяцаў. Без дазволу правесьці сустрэчу нельга».

Апошнім часам сьведкі Яговы некалькі разоў на год праводзяць вялікія рэлігійныя сходы (кангрэсы). За ахову міліцыяй паводле закону аб масавых мерапрыемствах даводзіцца плаціць даражэй, чым за арэнду. Але гэта праблема, якая тычыцца і іншых канфэсій.

У што вераць Сьведкі Яговы

  1. Бог. Сьведкі Яговы вераць у адзінага праўдзівага і ўсёмагутнага Бога, чыё імя — Ягова.
  2. Біблія. Сьведкі Яговы вераць, што Біблія — гэта слова Бога. Яны засноўваюць усе свае вучэньні на 66 кананічных кнігах Бібліі. Пры гэтым яны прызнаюць, што частка Бібліі напісана вобразнай мовай і не павінна разумецца літаральна.
  3. Ісус Хрыстос. Яны вераць у тое, што Ісус Хрыстос — гэта Збаўца і Сын Бога, але лічаць, што вучэньне пра Тройцу не заснаванае на Сьвятым Пісаньні.
  4. Царства Бога. Яны вераць у тое, што адзіная надзея чалавецтва — Царства Бога як нябесны ўрад, які ў хуткім часе зьнішчыць сучасны парадак у сьвеце, у тым ліку ўсе чалавечыя ўрады, і створыць новы парадак, у якім будуць жыць толькі праведныя людзі.
  5. Збавеньне. Пазбаўленьне ад граху магчымае дзякуючы ахвяры Ісуса Хрыста. Для гэтага трэба верыць у Хрыста і хрысьціцца. Аднак збавеньне немагчыма заслужыць, яго можна атрымаць толькі дзякуючы Божай дабрыні.
  6. Нябёсы. Адносна невялікая колькасьць людзей, 144 000, уваскрэснуць для жыцьця нябеснага, каб кіраваць разам з Ісусам Хрыстом у Царстве Бога.
  7. Зямля. Сьведкі Яговы вераць, што Бог падорыць паслухмяным яму людзям дасканалае здароўе і вечнае жыцьцё ў раі на зямлі.
  8. Зло і пакуты. Паводле Сьведак Яговы, зло і пакуты зьявіліся, калі адзін з анёлаў паўстаў супраць Бога. Гэты былы анёл пасьля бунту быў названы Сатаной і Д’яблам. Ён спакусіў Адама і Еву, што мела для людзей жахлівыя наступствы.
  9. Сьмерць. Калі чалавек памірае, ён перастае існаваць. Бог не катуе людзей у пекле. Бог верне людзей да жыцьця праз уваскрашэньне. Тыя, хто пасьля ўваскрашэньня адмовіцца вучыцца Божым шляхам, будуць назаўжды зьнішчаныя.
  10. Сям’я. Сям’я разглядаецца як саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, а развод лічыцца дапушчальным толькі ў выпадку сэксуальнай здрады мужа ці жонкі.
  11. Пакланеньне Богу. Сьведкі Яговы не ўшаноўваюць крыж ды іншыя выявы. Сярод іх формаў пакланеньня Богу — малітва, чытаньне і вывучэньне Бібліі, дапамога бедным і пацярпелым ад стыхійных бедзтваў.
  12. Арганізацыя. Сьведкі Яговы аб’яднаныя ў сходы, кожны зь якіх мае раду старэйшын. Аднак старэйшыны не атрымліваюць платы і не зьяўляюцца духавенствам. Дзейнасьць падтрымліваецца добраахвотнымі ахвяраваньнямі, якія робяцца ананімна.
  13. Адзінства. Сьведкі Яговы дэкляруюць, што робяць усё магчымае, каб сярод іх не было сацыяльных, этнічных, расавых ці клясавых падзелаў.
  14. Паводзіны. Сьведкі Яговы кажуць пра павагу да законаў любой краіны, калі тыя не пярэчаць законам Бога. Сярод забароненых Богам рэчаў яны называюць пераліваньне крыві. Сьведкі Яговы імкнуцца да міру і ня ўдзельнічаюць у войнах.
  15. Адносіны зь іншымі. Сьведкі Яговы спрабуюцца заставацца нэўтральнымі ў палітычных пытаньнях.

Паводле афіцыйнага сайту Сьведак Яговы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG