Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі адмянілі прысуд сьвятару РПЦ, якога ў Беларусі асудзілі за сутэнэрства

абноўлена

Мікалай Кірэеў падчас суду

У Расеі адмянілі прысуд сьвятару РПЦ​ Мікалаю Кірэеву, асуджанаму ў Віцебску за спробу арганізацыі занятку прастытуцыяй з вывазам асобы за межы дзяржавы.

Чаму судзілі ў Беларусі, а апраўдалі ў Расеі?

У Віцебску Кірэева асудзілі на 5 гадоў і 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Потым тэрмін пакараньня скарацілі да 4 гадоў і 6 месяцаў па амністыі. У жніўні 2019 году Кірэева накіравалі адбываць пакараньне ў Расею.

19 лютага Выбаргская эпархія паведаміла, што Ленінградскі абласны суд 30 студзеня апраўдаў Кірэева і вызваліў з-пад варты. Прадʼяўленыя ў Беларусі абвінавачаньні Кірэеву эпархія назавала ілжывымі. 20 лютага Ленінградзкі суд удакладніў, што Кірэева не апраўдалі, а адмянілі яму прысуд.

Мікалая Кірэева, жыхара Пасёлка імя Марозава, што ў Ленінградзкай вобласьці, затрымалі ў Віцебску ў жніўні 2017 году. Сьледзтва выявіла, што ярэй храма Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (пазьней, ужо калі ён быў пад сьледзтвам, Мікалая Кірэева адхілілі ад царкоўнай службы) спрабаваў вывезьці ў Санкт-Пецярбург для заняткаў прастытуцыяй дзьвюх жыхарак Віцебску — 20 і 30 гадоў. Сьледчыя высьветлілі, што вэрбаваньне шляхам угавораў і абяцаньняў адбывалася праз інтэрнэт: сьвятар перапісваўся з жанчынамі на працягу красавіка — жніўня 2017 году. Але давесьці свой намер да канца ня змог, бо разам з жанчынамі яго затрымалі пры пасадцы ў аўтобус «Віцебск — Санкт-Пецярбург».

​У Расейскай праваслаўнай царкве спадзяваліся, што Кірэева будуць судзіць у Расеі. Аднак паводле беларускага заканадаўства «злачынства, учыненае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, расьсьледуецца беларускімі праваахоўнікамі ў адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам».

Мікалай Кірэеў у судзе
Мікалай Кірэеў у судзе

Сьвятар раней ужо вэрбаваў беларусак

Высьветлілася, што спроба вэрбаваньня прастытутак у расейскага сьвятара была ня першая. Падобным чынам у студзені-лютым 2017 году ён вэрбаваў жыхарак Гомля. Злачынства тым разам таксама ўдалося прадухіліць: пасярэдніцу Кірэева, грамадзянку Таджыкістану, затрымалі перад самай пасадкай у цягнік «Гомель — Санкт-Пецярбург». Пазьней жанчыну асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. У калёніі агульнага рэжыму яна ўбачыла тэлесюжэт пра затрыманьне сьвятара ў Віцебску, у якім пазнала свайго былога саўдзельніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG