Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багаслоў Кураеў: Дазволіць расейскай уладзе забіваць — як закадаванаму алькаголіку сказаць «Давай, 50 грамаў не пашкодзіць»


Протадыякан Андрэй Кураеў
Протадыякан Андрэй Кураеў

Расейскі багаслоў і філёзаф, протадыякан Андрэй Кураеў адказаў на пытаньні тэлеканалу «Настоящее время». Прапануем вашай увазе тэкставыя фрагмэнты гэтай размовы і поўны відэазапіс:

— Айцец Андрэй, давайце пачнём здалёк. Якуцкі шаман «узарваў» сацыяльныя сеткі, абвясьціў, што ён ідзе на Маскву пешшу, каб выгнаць Пуціна з Крамля. Як вы лічыце, ён можа выгнаць Пуціна з Крамля?

— Я думаю, усё ж такі гэта хутчэй з вобласьці фрыкаў. Таму ўсур’ёз да гэтага ставіцца ня варта.

— Чаму такая грамадзкая ўвага?

— Таму што ўся сур’ёзная палітыка забітая даўно і трывала. Таму толькі фрыкі і засталіся.

— А рэакцыя ўладаў: тое, што яго схапілі, адправілі назад, завялі крымінальную справу, псыхіятрычная экспэртыза...

— Зорачак усім не хапае.

— То бок, вы думаеце, гэта толькі зорачкі?

— Думаю што так.

— Увесну выданьне «Праект» апублікавала расьсьледаваньне аб тым, як прадстаўнікі нашай улады любяць наведваць усялякіх старцаў, шукаць у іх адкрыцьцяў, прароцтваў і гэтак далей. У прыватнасьці, называлася імя схіархімандрыта Ілія (Наздрына). Як вы думаеце, рэакцыя ўладаў можа быць зьвязаная з тым, што некаторыя асобы на самым версе ва ўладзе расейскай любяць наведваць старцаў, шукаюць нейкай духоўнасьці, прасьвятленьняў, прароцтваў і гэтак далей?

— Літаральна на днях два сьвятары з глыбінкі сядзелі на маёй кухні і дзяліліся сваім вопытам. «Прыходжу я, кажа, да генэрала, а ў яго ў кабінэце абразкі, кнігі старцаў. Я ведаю, што ён іх чытае. Але пры гэтым гэта ніяк не адбіваецца на ягонай працы. І ён ведае, што я гэта ведаю, і я ведаю, што ён гэта ведае».

Сытуацыя дзіўнай такой шызафрэніі, калі быццам бы чалавек з сябе такі духоўны, а насамрэч адбіваецца, можа быць, толькі на ягоным мэню, ня больш за тое, можа, ён пасьціцца часам. А ў рэальным жыцьці ён не становіцца ні менш жорсткім у тым, чым ён кіруе, у адносінах да тых людзей, чые лёсы ад яго залежаць, ні больш сумленным, ні меншым хабарнікам і гэтак далей. Гэта ніяк не ўплывае.

І, вядома, бывае модна мець прыдворнага сьпевака і артыста, якому можна патэлефанаваць і сказаць: «Прыяжджай да мяне, у мяне тут госьці. Я цябе пакажу, пахвалюся, што такі народны артыст ў мяне па камандзе "да нагі!" адразу ж кідае усе справы і зьяўляецца тут». Для гэтых мэтаў можа спатрэбіцца і сьвятар альбо біскуп. Адна ўмова: што гэты старац павінен толькі ўхваляць. Ён павінен лаяць маіх ворагаў. А мяне, мой вобраз улады ён павінен толькі ўхваляць. І ў гэтым сэнсе той жа схіархімандрыт Ілій — ён ідэальны старац.

Ведаеце, прарокі Старажытнага Ізраілю выкрывалі свае ўлады. Не толькі язычнікаў пэрсыдзкіх, але і свайму ж народу ізраільскаму даставалася нямала, і яго лідэрам і жрацам ад прарокаў Старажытнага Ізраілю. Гэтай мужнасьці вельмі не хапае тым, каго сёньня праваслаўная прапаганда спрабуе выставіць у ролі такіх празорлівых старцаў...

— Давайце пагаворым на іншую тэму. На мінулым тыдні быў дзікі выпадак з забойствам дзяўчынкі ў Саратаве, спроба самасуду. І пасьля гэтага гучныя заклікі, у тым ліку з Дзярждумы, аб увядзеньні ў Расеі сьмяротнага пакараньня. Ці патрэбна сьмяротнае пакараньне ў Расеі?

— Я б сказаў, што яно рашуча проціпаказанае Расеі.

— Чаму?

— Калі нейкая Швайцарыя гэтае пытаньне для сябе вырашыць інакш — гэта яе права. А ў Расеі ... Мы часта чуем пра тое, што рэцыдывістам нельга дазваляць тое, што дазволена звычайным людзям. Гэтак жа і тут. Расейская ўлада — гэта рэцыдывіст.

— Вы лічыце, што расейская ўлада працягвае...

— Расейская дзяржаўнасьць, усё роўна, як яна сябе называе: Рурыкавічы, Раманавы, генсэкі ці ж сувэрэнныя дэмакраты. Але ў гісторыі нашай бацькаўшчыны занадта часта ўлада зьвярталася да рэпрэсій супраць людзей, якія думалі ці верылі інакш, чым пажадана было уладзе. І таму проста дазволіць: давайце, так і быць, вам дазволена забіваць — гэта ўсё роўна, што закадаванаму алькаголіку сказаць «Давай, 50 грамаў не пашкодзіць». А на гэтым дах зьнясе.

Таму пачынаецца з маленькай дзяўчынкі, і такое натуральнае пачуцьцё пакараць паскудніка, але мы ж убачылі: тут жа ў Дзярждуме пачаліся спробы пашырыць пералік расстрэльных артыкулаў, у тым ліку здрада радзіме, здраднікаў радзімы трэба пакараць сьмерцю. А гэта ўжо чыстая густаўшчына, не кажучы ўжо пра фразу, пра выдатную формулу Аляксандра Салжаніцына, што з пункту гледжаньня граматыкі здраднік радзімы — гэта той, каму радзіма здрадзіла. Гэта таксама ня варта забываць.

Таму, улічваючы гэты бэкграўнд, гэтую гісторыю хваробы, анамнэз расейскай дзяржаўнасьці, дазваляць ёй кагосьці забіваць нельга...

— У Расеі ўзяліся за Сьведак Яговы. Але я ня бачу ніякіх прыкметаў, каб прадстаўнікі так званых традыцыйных рэлігійных канфэсій казалі, што гэта недапушчальна — перасьлед па рэлігійных матывах. Што вы думаеце пра гэта?

— Гэта ашаламляльная блізарукасьць, вядома ж. І яшчэ раз паказвае адсутнасьць сур’ёзных прававых пачаткаў і проста нейкай этычнай сумленнасьці і прытомнасьці ў дзейнасьці нашых царкоўных лідэраў. То бок, [ідзе перасьлед] ня толькі егавістаў, але і баптыстаў таксама, закрываюць іх дамы, пяцідзесятнікаў і гэтак далей.

Ёсьць у вас свабода сумленьня — ну заступіцеся, бо гэта ж рыецца яма, якая потым жа і вас жа прыкрые. Ня вас асабіста, а вашых пераемнікаў з часам. Таму, мне здаецца, што гэта маўчаньне людзей, якія вельмі любяць рабіць сумесныя малітвы, рабіць сумесныя п’янкі з генэраламі праваахоўных органаў, — гэта ганебная рэч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG