Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК апублікаваў рэкамэндацыі Міністэрства здароўя для прадухіленьня пашырэньня COVID-19 пры галасаваньні на выбарах


Ілюстрацыйнае фота

Цэнтральная выбарчая камісія 15 ліпеня надрукавала рэкамэндацыі для прадухіленьня распаўсюду рэсьпіраторных інфэкцый (у тым ліку COVID-19) пры правядзеньні галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Рэкамэндацыі распрацавала Міністэрства аховы здароўя, узгадніўшы з ЦВК, паведамляе сайт камісіі.

У пераліку 14 рэкамэндацый:

  • арганізаваць перад пачаткам працы апытаньне кожнага чальца ўчастковай камісіі пра стан здароўя. Да працы ўчастковай камісіі дапускаць асобаў без прыкмет рэсьпіраторнай інфэкцыі (падвышаная тэмпэратура цела, кашаль, чханьне і інш.);
  • забясьпечыць наяўнасьць і выкарыстаньне чальцамі ўчастковай камісіі сродкаў засьцярогі (маска, пальчаткі, пры магчымасьці тваравы шчыток), сродкаў дэзынфэкцыі для апрацоўкі рук і паверхняў;
  • забясьпечыць выкананьне прынцыпу сацыяльнага дыстанцыяваньня пры расстаноўцы сталоў і крэслаў чальцоў участковай камісіі, месцаў для назіральнікаў, паміж выбарнікамі, забясьпечыўшы адлегласьць, ня меншую за адзін мэтар, адзін ад аднаго;
  • забясьпечыць наяўнасьць у месцах агульнага доступу (калідоры, фае і інш.) сродкаў для дэзынфэкцыі скуры / антысэптыку для апрацоўкі рук і кантроль рэгулярнай запраўкі дазатараў;
  • па магчымасьці арганізаваць падзел патокаў асобаў, якія ўваходзяць і якія выходзяць, разьмясьціўшы адпаведныя паказальнікі на падлозе, дзьвярах або сьценах;
  • рэкамэндаваць выбарнікам пры наведваньні ўчастку для галасаваньня знаходзіцца ў сродках індывідуальнай засьцярогі (масцы, пальчатках), а таксама выкарыстоўваць гэтыя сродкі пры арганізацыі для іх галасаваньня па месцы знаходжаньня (дома). На просьбу чальца ўчастковай камісіі выбарнік ссоўвае маску і паказвае твар, каб быць ідэнтыфікаваным;
  • рэкамэндаваць выбарнікам прадʼяўляць дакумэнт, які пацьвярджае асобу, у разгорнутым выглядзе, дэманструючы неабходныя старонкі самастойна, безь перадачы ў рукі чальца ўчастковай камісіі;
  • рэкамэндаваць выбарнікам выкарыстоўваць уласныя аўтаручкі для подпісаў аб атрыманьні бюлетэня ў сьпісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, а таксама для запаўненьня бюлетэня;
  • забясьпечыць апрацоўку аўтаручак антысэптыкам пасьля кожнага выбарніка;
  • арганізаваць правядзеньне рэгулярнай апрацоўкі (не радзей за 6 разоў цягам дня выбараў) сродкамі дэзынфэкцыі дзьвярных ручак, поручняў, паверхняў у кабінах для галасаваньня, сталоў ды іншых кантактных паверхняў. У дні датэрміновага галасаваньня забясьпечыць таксама правядзеньне вільготнай прыборкі памяшканьня, дзе праводзіцца галасаваньне, падчас перапынку з 14 да 16 гадзін;
  • рэкамэндаваць трымаць дзьверы ў памяшканьне для галасаваньня і іншыя памяшканьні, празь якія перамяшчаюцца выбарнікі, адчыненымі;
  • арганізаваць рэгулярнае праветрываньне памяшканьняў (безь перапыненьня працэсу галасаваньня). У дні датэрміновага галасаваньня забясьпечыць праветрываньне ў перапынку з 14 да 16 гадзін;
  • пасьля завяршэньня галасаваньня апрацаваць звонку скрыню для галасаваньня дэзынфэкцыйным сродкам, а пры арганізацыi галасаваньня па месцы знаходжаньня выбарніка апрацоўваць скрыню для галасаваньня пасьля наведваньня кожнага выбарніка;
  • галасаваньне па месцы знаходжаньня выбарніка па магчымасьці праводзіць без уваходжаньня ў жылое памяшканьне і з захаваньнем прынцыпу сацыяльнага дыстанцыяваньня, прытрымліваючыся адлегласьці ня менш за адзін мэтар адзін ад аднаго.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG