Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі раскрытыкаваў кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску


Амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубель
Амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубель

«Беларусь, напэўна, пакуль яшчэ не краіна ідэальнай дэмакратыі, але ўжо шмат гадоў сувэрэнная дзяржава», — заявіў БелаПАН прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз, камэнтуючы выказваньні кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырка Шубэля.

Напярэдадні ў камэнтары агенцтву дыплямат выказаў надзею, што Эўразьвязу не давядзецца ўводзіць санкцыі супраць Беларусі з прычыны наяўнасці палітвязьняў у краіне.

«Санкцыі — гэта пытаньне ўсіх краін Эўразьвязу, мы будзем іх абмяркоўваць у залежнасьці ад сытуацыі. Спадзяёмся, што ня будзе неабходнасьці гэта рабіць», — сказаў Дырк Шубэль.

Ён таксама адзначыў, што АБСЭ чакае запрашэньня для назіраньня за выбарамі.

«Разьлічваем на неадкладнае запрашэньне. Калі краіна хоча, каб выбары былі аб’ектыўнымі і было добрае назіраньне, то часу засталося вельмі мала», — адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва Эўраўзьвязу.

«Для нас вельмі дзіўна, калі прадстаўнік Эўрапейскай зьвязу які пастаянна дэкляруе падтрымку нашай незалежнасьці, пачынае раптам выступаць у ролі вонкавага кіраўніка, вызначаць вінаватых і невінаватых, дыктаваць, што і як трэба рабіць кіраўніцтву Беларусі, а таксама пагражаць санкцыямі», — сказаў Анатоль Глаз, дадаўшы, што такія настаўнікі хутка забываюць пра свае ўрокі, калі гаворка аб навядзеньні парадку і законнасьці ва ўласных краінах.

Прэс-сакратар нагадаў, што Беларусь, як і ўсе іншыя сувэрэнныя дзяржавы, праводзіць выбары для сябе. Беларускі народ сам зробіць свой выбар, без падказкі «добразычліўцаў», падсумаваў ён.

Што тычыцца запрашэньня міжнародных назіральнікаў, то Беларусь добра ведае пра свае абавязаньні ў межах АБСЭ, запэўніў Анатоль Глаз. З гэтай арганізацыяй вядзецца адпаведны дыялёг, рашэньне аб запрашэньні назіральнікаў будзе прынятае з улікам разьвіцьця эпідэміялягічнага становішча ў краіне і рэгіёне ў цэлым.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG