Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах акрэдытавалі 40 тысяч назіральнікаў. Абсалютная бальшыня з праўладных арганізацыяў


Назіральнікі ад СНД на парлямэнцкіх выбарах, 2019 год
Назіральнікі ад СНД на парлямэнцкіх выбарах, 2019 год

Выбарчыя камісіі акрэдытавалі 39 420 нацыянальных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, сьведчаць зьвесткі на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі. За тыдзень іх стала больш на 5 841 чалавека.

28 716 нацыянальных назіральнікаў, або амаль 73%, прыпадае на долю грамадзкіх аб’яднаньняў. Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла 8 602 чалавекі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 5 666, праўладная «Белая Русь» — 4 909, Беларускае аб’яднаньне вэтэранаў — 3 655, Беларускі саюз жанчын — 3 473, Беларускі фонд міру — 1 501, Беларускі Хэльсынскі камітэт — 48, БНФ «Адраджэньне» — 1. Іншыя грамадзкія аб’яднаньні дэлегавалі 1 646 чалавек.

Ад палітычных партыяў выбарчыя камісіі акрэдытавалі 1 678 нацыянальных назіральнікаў. У Камуністычнай партыі Беларусі 814 прадстаўнікоў, у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 593, Лібэральна-дэмакратычнай партыі — 65, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 63, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — 62, Беларускай аграрнай партыі — 48, Рэспубліканскай партыі — 21, Беларускай патрыятычнай партыі — 8, партыі БНФ — 2, Беларускай партыі «Зялёныя» — 1, Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 1.

6 300 грамадзян сталі назіральнікамі шляхам падачы адпаведнай заявы ад свайго імя, 1 940 акрэдытаваныя ад працоўных калектываў.
На папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе былі акрэдытаваныя 43 572 нацыянальныя назіральнікі, у 2010-м — 39 619.

Назіральнікі ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ пакуль не атрымалі запрашэньня ў Беларусь на выбары. Сваіх прадстаўнікоў гатовыя накіраваць і структуры СНД.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG