Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ня так зь сюжэтам АНТ, дзе Бабарыку абвінавачваюць у хабары і адмываньні грошай


Віктар Бабарыка падчас прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня 2020 году

Свабода паспрабавала адшукаць склад злачынства ў вялікім сюжэце АНТ, дзе Віктара Бабарыку і ягоных былых падначаленых абвінавацілі ў хабары і адмываньні грошай.

Што паказалі па АНТ

У 12-хвілінным сюжэце АНТ паказалі вочную стаўку Віктара Бабарыкі з Кірылам Бадзеем. Той быў падначаленым Віктара Бабарыкі, а пазьней выконваў абавязкі старшыні праўленьня банку.

У сюжэце Кірыл Бадзей называе кампаніі-кліенты банку: «Прыватлізінг», «Прававы дыялёг» і «Сыстэмы апрацоўкі». Ён кажа, што раз на год атрымліваў ад кампаній сумы ў 250-300 тысяч даляраў і перадаваў іх свайму шэфу — Віктару Бабарыку. Пасьля атрымліваў ад яго грошы.

«Апошняя сума, якая была ўжо вясной 2020 году (Віктар Дзьмітрыевіч пакідаў банк), ён даручыў самастойна перадаць гэтыя грашовыя сродкі іншым калегам. Грошы я аддаваў Ільясюку, Кузьмічу і Шабану. Гэта была не мая ініцыятыва. Мне яе агучыў Віктар Дзьмітрыевіч [Бабарыка]. Грашовыя сродкі перадаваліся, як разумею, за супрацоўніцтва з названымі кампаніямі. Паміж банкам і кампаніямі», — кажа Бадзей.

Усе прэтэнзіі да Бабарыкі і ягоных падначаленых у сюжэце агучвае начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак.

«Калі сьцісла, то сутнасьць бізнэсу была такая. „ПрыватЛізінг“ рэалізоўваў насельніцтву тавары ў растэрміноўку або лізінг і разьлічваўся з прадаўцом за кошт крэдытных рэсурсаў банку. Такім чынам, пасьпяховасьць дзейнасьці кампаніі непасрэдна залежала ад умоў, на якіх банк падаваў крэдытныя рэсурсы. Кіраўніцтвам банку, у тым ліку старшынём праўленьня Віктарам Бабарыкам, прадпрымальнікам пастаўленая ўмова: за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў аб крэдытаваньні на выгадных умовах яны павінны былі даваць частку прыбытку ў выглядзе так званага адкату», — сказаў Канстанцін Бычак.

Раней Канстанцін Бычак ужо фігураваў у сюжэтах дзяржаўнай тэлевізіі, калі там паказвалі расьсьледаваньне «цукровай справы».

Дык дзе злачынства ў гэтай схеме і каго паказалі па тэлевізіі

Ільясюк, Кузьміч і Шабан, чые прозьвішчы прагучалі ў сюжэце, — былыя падначаленыя Віктара Бабарыкі.

«Прыватлізінг» — гэта фірма-кліент «Белгазпрамбанку», сярод акцыянэраў якой ёсьць былыя супрацоўнікі «Белгазпрамбанку». Па 19% «Прыватлізінгу» належыць Аляксею Герашчанку і Андрэю Харлановічу. Па 15% — Сяргею Дабралёту і Антону Марозаву. Абодва раней працавалі ў «Белгазпрамбанку». Яшчэ 32% кампаніі належыць латвійскім кампаніям «АЛДІ Проджэктс» (18%), якая зьмяніла іншую латвійскую кампанію «Аўструму Цілтс», і «МВС Інвестмент» (14%).

«Прававы дыялёг» — юрыдычная фірма, мае дзяржаўную рэгістрацыю ў Беларусі.

Згодна зь сюжэтам АНТ, віна Бабарыкі і ягоных падначаленых у тым, што яны як кіраўніцтва банку крэдытавалі «Прыватлізінг», а пасьля ад гэтага атрымлівалі дывідэнды.

«Крэдытаваць нейкія структуры і атрымліваць прыбытак — гэта асноўны сэнс статутнай дзейнасьці банку. Задача — крэдытаваць і атрымліваць ад гэтага прыбытак. Акцыянэры маюць права разьмяркоўваць паміж сабой дывідэнды, у гэтым няма нічога крымінальнага. Разьмеркаваньне дывідэндаў — ня хабар. Пра адмываньне ў сюжэце нічога няма, пра нясплату падаткаў таксама», — кажа старшы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

У сюжэце па АНТ сказалі, што грошы падначаленыя Бабарыкі атрымлівалі ў канвэртах. Але і ў гэтым, на думку Вадзіма Іосуба, няма нічога крымінальнага.

«У нас наяўныя грошы — гэта не незаконная дзейнасьць, калі ёсьць бізнэс. Атрымаць дывідэнды можна на рахунак і пасьля зьняць з рахунку, можна набыць валюту за гэтыя наяўныя. Усё гэта не зьяўляецца нечым незаконным», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

«Белгазпрамбанк» — прыватны банк, доля дзяржавы ў ім складае менш за 1%. Па законе банк сам можа вырашаць, з кім яму працаваць і як матываваць сваіх супрацоўнікаў.

Калі нейкая лізінгавая кампанія разьмяркоўвае дывідэнды паміж асобамі-інсайдэрамі, якія зьяўляюцца заснавальнікамі кампаніі, але не займаюць там кіраўнічых пасадаў, то яны маюць на гэта права.

Такія высновы робіць юрыст, кандыдат навук Юры Гушча ў сваім допісе-аналізе сюжэту АНТ.

Чым займаецца кампанія «ПрыватЛізінг»

Лізінгам — дае магчымасьць набываць тавары ў растэрміноўку, пры гэтым юрыдычна тавар пераходзіць у рукі ўласьніка толькі пасьля таго, як будзе цалкам аплачаны. Аднак ад моманту пачатку выплат ён знаходзіцца ў руках карыстальніка, таму фактычна асоба, якая набывае нешта з дапамогай лізінгу, розьніцы не адчувае.

Прыбытак лізінгавая кампанія атрымлівае дзякуючы розьніцы ў кошце набытага ёю тавару і аб’ёму растэрмінаваных выплат, атрыманых ёю ад асобы, якой гэты тавар быў перададзены ў карыстаньне.

Кампанія «ПрыватЛізінг» пачала дзейнічаць у 2007 годзе, адпачатку супрацоўнічала зь «Белгазпрамбанкам», які выдаваў кампаніі грошы для дзейнасьці. Фірма «Сыстэмы апрацоўкі інфармацыі», якая таксама згаданая ў сюжэце АНТ, — фактычна першая назва «ПрыватЛізінгу». У 2019 годзе «ПрыватЛізінг» уваходзіў у пяцёрку найбуйнейшых лізінгавых кампаній краіны. Да іх таксама адносяцца «Прамагралізінг», «АСБ лізінг», «Райффайзен-лізінг», «ВТБ Лізінг». Дзьве першыя са згаданых належаць дзяржаўным Банку разьвіцьця і «Беларусбанку».

«Сувязь паміж лізінгавымі кампаніямі і банкамі — гэта пашыраная практыка, — кажа старшы аналітык кампаніі „Альпары Эўразія“ Вадзім Іосуб. — Бізнэс лізінгавай кампаніі нечым падобны да банкаўскага. Такі бізнэс мае вялікую запатрабаванасьць у пастаянным фінансаваньні. Грошы трэба траціць тут і цяпер, а потым зь цягам часу гэтыя грошы па частках вяртаюцца.

Капітал лізінгавых кампаній так ці інакш абмежаваны, неабходна прыцягваць фінансаваньне. І гэта альбо цеснае супрацоўніцтва з банкамі, прыцягваньне крэдытаў, альбо выпуск аблігацый. Нейкія лізінгавыя кампаніі карыстаюцца абодвума варыянтамі. Узаемадзеяньне лізінгавых кампаній і банкаў — гэта карысны сымбіёз. Самі банкі не займаюцца лізінгам з прычыны юрыдычных нюансаў. Гледзячы што ўваходзіць у ліцэнзію пад паняцьцем „банкаўская дзейнасьць“. Калі там няма паняцьця „лізінгу“, то неабходна ствараць асобную юрыдычную асобу, якая будзе займацца лізінгам».

Сярод асноўных кліентаў «ПрыватЛізінгу» — фізычныя асобы. Набыць тавары з дапамогай паслугаў гэтай кампаніі можна, напрыклад, у крамах сеткі «5 элемэнт» альбо праз сайт інтэрнэт-крамы «Рассрочка.бел». Для афармленьня дамовы дастаткова мець пашпарт, даведкі аб даходах не патрабуюць.

Пад які працэнт «ПрыватЛізінг» выдае растэрміноўку

Гаворкі аб працэнтах падчас набыцьця тавараў з дапамогай «ПрыватЛізінгу» няма, фактычна гэта растэрміноўка. Адрозьніваецца толькі кошт тавараў. У інтэрнэт-краме «Рассрочка.бел» ён значна вышэйшы, чым там, дзе за тавар трэба плаціць адразу ўсю суму.

Напрыклад, папулярны тэлефон Apple iPhone X 256GB (Space Gray) на сайце «Рассрочка.бел» каштуе 3210 рублёў, а ў шэрагу іншых зарэгістраваных у Беларусі інтэрнэт-крамаў — ад 1800 да 2000 рублёў. Розьніца ў цане больш за 30%. Аднак, набываючы тэлефон з дапамогай «ПрыватЛізінгу», можна заплаціць 20% ад цаны і атрымаць яго ў арэнду ўжо за 600 рублёў. Астатнюю цану трэба будзе сплаціць на працягу 19 месяцаў. Пераплата ў выпадку гэтага канкрэтнага тэлефона складае прыкладна 1300 рублёў. Гэта і ёсьць прыбытак лізінгавай кампаніі.

Чые прозьвішчы гучалі ў фільме АНТ

Па словах выканаўцы абавязкаў старшыні «Белгазпрамбанку» Кірыла Бадзея, Марозаў, Дабралёт, Харлановіч, Герашчанка перадавалі яму грошы, прызначаныя для Віктара Бабарыкі.

Адбывалася гэта тады, калі сам Бабарыка кіраваў банкам, а Бадзей быў яго намесьнікам. Частку сумы Бабарыка пазьней вяртаў Бадзею. Па словах таго ж Бадзея, грошы ён таксама перадаваў Ільясюку, Кузьмічу і Шабану. Ініцыятарам гэтага быў Віктар Бабарыка. Па словах Бадзея, грошы названым людзям ён перадаваў за супрацоўніцтва паміж «Белгазпрамбанкам» і «ПрыватЛізінгам».

Сьледчы КДБ у тэлесюжэце ўдакладняе, што яны атрымлівалі грошы за прадстаўленьне «ПрыватЛізінгу» выгадных умоваў супрацоўніцтва.

Аляксей Герашчанка і Андрэй Харлановіч — заснавальнікі «ПрыватЛізінгу». Сяргей Дабралёт і Антон Марозаў валодаюць долямі ў гэтай кампаніі. Харлановіч, Дабралёт і Герашчанка раней працавалі ў «Белгазпрамбанку». Дзьмітрый Кузьміч — гэта былы намесьнік Віктара Бабарыкі ў «Белгазпрамбанку», цяпер ён таксама займае пасаду намесьніка старшыні праўленьня. Такую ж пасаду займаюць Аляксандар Ільясюк і Сяргей Шабан. Валер Сяляўка, які таксама згадваецца ў сюжэце АНТ, быў адным з заснавальнікаў «Белгазпрамбанку», ён памёр у 2011 годзе.

З паказаньняў Кірыла Бадзея можна зразумець, што ўсе атрыманыя ад прадстаўнікоў «ПрыватЛізінгу» грошы дзяліліся паміж Бабарыкам, Сяляўкам (абодвум па 25%) і іншымі прадстаўнікамі праўленьня (кожнаму па 10%).

У кампаніі «ПрыватЛізінг» адмовіліся камэнтаваць інфармацыю, агучаную ў сюжэце АНТ. Вядома, што шэраг кіраўнікоў «ПрыватЛізінгу» дагэтуль затрыманыя. Кампанія паведамляе, што выступіць з прэс-рэлізам у выпадку, «калі гэта спатрэбіцца». Згаданыя ў сюжэце АНТ супрацоўнікі «Белгазпрамбанку» цяпер у СІЗА КДБ і таксама недасяжныя для камэнтароў. Іх адвакаты далі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы.

Такім чынам, на дадзены момант застаецца незразумелым, якія менавіта грошы кіраўніцтва «ПрыватЛізінгу» перадавала дырэктарам «Белгазпрамбанку», за якія паслугі і чаму.

Што парушыў тэлеканал АНТ у сваім сюжэце

Прэзумпцыя невінаватасьці прапісаная ў Канстытуцыі Беларусі. Прызнаць грамадзяніна вінаватым можа толькі суд. Пры гэтым тэлеканал АНТ прыходзіць у сваім сюжэце да высновы, што Бабарыка і ягоныя намесьнікі «вінаватыя ў атрыманьні хабару і адмываньні грошай».

«Віна грамадзіна можа быць усталяваная толькі судом. А нам паказваюць фільм з мэтай пераканаць нас, што Бабарыка — злодзей. Гэта прапагандысцкі фільм, мэта якога — пераканаць грамадзтва. Прадстаўнікі абароны Бабарыкі далі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. А само сьледзтва дало матэрыялы справы дзяржаўнаму тэлеканалу. Мы бачым на кадрах сьледчыя дзеяньні, што парушае працэсуальныя нормы», — падсумоўвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Самому Віктару Бабарыку ў сюжэце слова не далі, сказалі толькі, што «сказаць яму няма чаго».

З публічных дакумэнтаў суду вядома, што Віктара Бабарыку вінавацяць у «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК), ухіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК) і даваньні хабару паўторна або ў буйным памеры (ч. 2 арт. 431 КК). Сына, кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку, вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК).

Праваабаронцы прызналі Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда вязьнямі сумленьня.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавачваюць у «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG