Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі сацыёляг: «Існаваньне імпэрыі такой як Расея зьяўляецца нонсэнсам у XXI стагодзьдзі»


Ігар Якавенка
Ігар Якавенка

«Вырашальны ўнёсак у пахаваньне рэжыму зробіць не сталічная лібэральная палітычная тусоўка, а мясцовыя рэгіянальныя палітыкі, грамадзкія дзеячы, публіцысты і мысьляры», — лічыць маскоўскі сацыёляг і журналіст Ігар Якавенка.

Зь ім пагутарыў карэспандэнт «Idel.Реалии» Рамазан Алпаут.

  • Расейская імпэрыя распадаецца ўжо больш як сто гадоў. Першыя спробы распаду адбыліся ў 1917 годзе. Але тады бальшавікі здолелі захаваць імпэрыю, пераназваўшы яе і перафарбаваўшы. Гэта была чырвоная імпэрыя, якая існавала 74 гады. Потым другі распад Расейскай імпэрыі адбыўся ў 1991 годзе. Мы ўсе яго добра памятаем. І нарэшце, цяпер адбываецца трэці распад Расейскай імпэрыі. Ён робіцца намаганьнямі Ўладзіміра Пуціна, які, так бы мовіць, абнуліў дзяржаву. Гэта адбылося 1 ліпеня.
  • Калі мы прыгадаем зусім нядаўнюю гісторыю, мы прыгадаем, што вялізнае імкненьне рэгіёнаў было ня проста да сувэрэнітэту, але і да існаваньня па-за межамі Расеі. Прыгадаем рэфэрэндум аб незалежнасьці Татарстану ў сакавіку 1992-га, калі больш як 61% прагаласавалі за тое, каб Татарстан быў самастойнай дзяржавай, якая ўваходзіць у адносіны з Расеяй на падставе міжнароднага права. Прыблізна тое самае ў рознай ступені радыкальнасьці было і ў іншых суб’ектах фэдэрацыі, якія прымалі свае канстытуцыі, са сваімі законамі, і ў шмат якіх зь іх існавала вяршэнства права суб’екта фэдэрацыі. То бок фактычна вялося пра стварэньне самастойных дзяржаў. Таму трэба разумець, што гэты імпульс нікуды ня зьнік.
  • Насамрэч мы ведаем, што гісторыя рэгіянальных рухаў, сувэрэнітэтаў у розных краінах сьвету залежыць ад таго, наколькі былая мэтраполія можа даць прывабныя ўмовы для жыцьця. Ну, напрыклад, мы добра ведаем, што той самы Гібральтар альбо Пуэрта-Рыка маюць нагэтулькі прывабныя ўмовы для жыцьця ў складзе былой мэтраполіі (Вялікая Брытанія і ЗША), што самі не жадаюць выходзіць з-пад юрысдыкцыі гэтых краінаў. У іншых выпадках адбываецца інакш. І таму імпэрыі разбураюцца. Насамрэч, існаваньне імпэрыі такой як Расея зьяўляецца нонсэнсам у XXI стагодзьдзі.
  • Папраўка Ўладзіміра Пуціна ў Канстытуцыю пра рускі народ як дзяржаватворны — частка імпэрскай і, я б нават сказаў, расісцкай палітыкі Пуціна, якая на самой справе безумоўна зьяўляецца гэткай падставовай пазыцыяй у тым фашысцкім рэжыме, які ён выбудаваў. Справа ў тым, што тут можна ўбачыць наўпроставыя адсылкі да сталінізму, ... што вось рускі народ сапраўды самы, самы, самы... За гэтым стаіць імпэрства. Дзікае, абсалютна цемрашальскае, сярэднявечнае імпэрства. Імпэрства, якое на самой справе прывяло да стварэньня вось гэтага жудаснага рэжыму, імпэрыі, якая сапраўды вельмі моцна затрымалася ў часе. Таму што ў сьвеце сёньня акрамя Расеі няма іншых імпэрый, у XXI стагодзьдзі імпэрыі не жывуць, яны проста дажываюць па інэрцыі.
  • У сьвеце няма прыкладаў пасьпяховай дыктатарскай краіны. Таму, вядома, эканоміка будзе разбурацца, што мы бачым на працягу апошніх гадоў: даходы насельніцтва рэзка падаюць, колькасьць зьбяднелых скачкападобна павялічваецца. І рана ці позна сацыяльны пратэст зьліецца з палітычным, з нацыянальным пратэстам, і гэта будзе непазьбежны распад Расейскай Фэдэрацыі.

Ігар Якавенка — расійскі журналіст і педагог. Былы сакратар Саюза журналістаў Расіі, былы дэпутат Дзяржаўнай думы. Генеральны дырэктар Нацыянальнай тыражнай службы. Старшыня прафсаюза журналістаў «Журналісцкая салідарнасць».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG