МУС пакінула без разгляду заяву БАЖ і рэдакцый СМІ пра незаконныя затрыманьні журналістаў 

Затрыманьне карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько на пікеце ў Менску 19 чэрвеня 2020 году.
Затрыманьне карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько на пікеце ў Менску 19 чэрвеня 2020 году.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі праігнаравала сумесную заяву Беларускай асацыяцыі журналістаў і рэдакцый звыш 50 мэдыя з патрабаваньнем спыніць перасьлед за прафэсійную дзейнасьць, гаворыцца на сайце БАЖ.

У сваім адказе МУС спасылаецца на тое, што заяўнікі не прыклалі дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць права асацыяцыі прадстаўляць інтарэсы калегаў. Кіраўніцтва БАЖ не разумее, што мае на ўвазе МУС, бо толькі 19 і 20 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі пры выкананьні службовых абавязкаў затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў –сяброў арганізацыі.

Адзін з тых, каго затрымалі падчас працы, да гэтага часу адбывае 15-дзённы адміністрацыйны арышт у Баранавічах. Гэта апэратар выданьня «Ганцавіцкі час» Сяргей Багроў.

Іншы журналіст, Сяргей Лацінскі з Бабруйску, асуджаны на 10 сутак і таксама павінен будзе адбыць гэтае пакараньне за сваю працу.

Сярод затрыманых былі журналісты Свабоды Аляксандра Дынько і Андрэй Рабчык, якія вялі жывы відэарэпартаж са збору подпісаў у Менску 19 чэрвеня.

Разам з тым Беларуская асацыяцыя журналістаў ня страчвае надзею, што, нягледзячы на фармальны адказ, супольны зварот арганізацыі і больш чым 50 рэдакцый палепшыць стаўленьне работнікаў правапарадку да прадстаўнікоў прэсы.

​
XS
SM
MD
LG