Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На блогера Ўладзімера Няронскага завялі крымінальную справу


Уладзімер Няронскі ў Магілёве на сустрэчы з чытачамі каналу «Страна для жизни»
Уладзімер Няронскі ў Магілёве на сустрэчы з чытачамі каналу «Страна для жизни»

На блогера Ўладзімера Няронскага са Слуцку завялі крымінальную справу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, і абразу прадстаўніка ўлады, піша Tut.by.​

У пастанове, падпісанай кіраўніком сьледчай групы — намесьнікам начальніка галоўнага сьледчага ўпраўленьня цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Аляксандрам Агафонавым, сказана, што Няронскі ў пэрыяд з 5 па 23 лютага разьмясьціў на YouTube відэа, якія ўтрымліваюць абразы ў непрыстойнай форме і прыніжаюць гонар і годнасьць прадстаўніка ўлады — старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага ў сувязі з выкананьнем ім службовых паўнамоцтваў.

Што тычыцца абвінавачваньня ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, то сьцьвярджаецца, што Няронскі змовіўся зь Ціханоўскім, Арановічам, Сакавым, Ушаковым, Фурманавым і іншымі неўстаноўленымі асобамі і арганізаваў у горадзе 29 траўня пікет Ціханоўскай. Паводле СК, пікет праходзіў у выглядзе «незаконнага грамадзка-масавага мерапрыемства-мітынгу».

Уладзімера Няронскага затрымалі 6 траўня пад Менскам, калі ён з паплечнікамі вяртаўся з Магілёва, дзе напярэдадні яны ладзілі сустрэчу з чытачамі YouTube-каналу «Страна для жизни». Яе магілёўская міліцыя кваліфікавала як «масавае несанкцыянаванае мерапрыемства», і 8 траўня Кастрычніцкі раённы суд Магілёва пакараў Няронскага 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за яго арганізацыю. Разам зь ім асудзілі і ягоных паплечнікаў Аляксандра Арановіча і Арцёма Сакава.

16 траўня стала вядома, што Няронскі ўжо адбывае пакараньне ў Мар’інай Горцы, дзе яму дадалі яшчэ 5 дзён арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Як высьветліла Свабода ад родных Няронскага, 12 чэрвеня яго з Слуцку, дзе ён адбываў чарговы адміністрацыйны арышт, перавезьлі ў Менск. Ім пра гэта стала вядома ад Сьледчага камітэту. У сталіцу яго павезьлі нібыта для «нейкіх сьледчых дзеяньняў». У матчынай кватэры, дзе прапісаны Ўладзімер, правялі ператрус.

Напярэдадні Няронскаму дазволілі сустрэцца з жонкай і дзіцем. З жончыных словаў, у мужа пагоршылася здароўе: стала кепска з сэрцам і лёгкімі, акрамя таго, у яго быў нэрвовы зрыў. Яна кажа, што апошні адміністрацыйны арышт павінен быў скончыцца 15 чэрвеня ў 14.30.

У няволі Ўладзімер Няронскі адзначыў 40-годзьдзе (24 траўня). У яго трое непаўналетніх дзяцей.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG