Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прыхільнікам блогера Ціханоўскага прысудзілі ад 2 да 10 сутак


Арцём Сакаў у масцы ў Кастрычніцкім судзе, 8 траўня 2020 году
Арцём Сакаў у масцы ў Кастрычніцкім судзе, 8 траўня 2020 году

У Магілёве Кастрычніцкі суд пакараў адміністрацыйным арыштам прыхільнікаў гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага. Іх прызналі вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

  • Уладзімера Няронскага судзьдзя Натальля Ясенка асудзіла на 10 сутак
  • Арцёма Сакава судзьдзя Натальля Ясенка асудзіла на 5 сутак
  • Аляксандра Арановіча судзьдзя Натальля Ясенка асудзіла на 6 сутак
  • Сьцяпана Лазаронка судзьдзя Тацяна Міхайлава асудзіла на 5 сутак
  • Вячаслава Зайцава судзьдзя Жанна Пушкіна асудзіла на 2 сутак

Блогера Няронскага (YouTube-канал «Слуцк для жизни») судзьдзя Кастрычніцкага суду Ясенка прызнала вінаватым у арганізацыі 5 траўня 2020 году ў Магілёве на Віцебскім праспэкце несанкцыянаванага шэсьця і мітынгу «з абмеркаваньнем дзейнай улады». Затрымалі яго 6 траўня з гвалтам (выбілі шкло ў машыне) у пасёлку Дружны (Менскі раён). Адтуль прывезьлі ў Магілёў. Да суду Няронскага трымалі ў ізалятары.

Аляксандар Арановіч (зьлева) і Ўладзімер Няронскі
Аляксандар Арановіч (зьлева) і Ўладзімер Няронскі

Сваёй віны Няронскі не прызнаў. Суду даводзіў, што ў Магілёў зь Менску прыехаў, каб асьвятліць сустрэчу з гараджанамі, на якой меліся абмеркаваць злабадзённыя праблемы іхнага жыцьця. Паводле абвінавачанага, пасьля таго як «ягоных сяброў спыніла міліцыя на Віцебскім праспэкце ды спрабавала ўварвацца ў аўтобус Сяргея Ціханоўскага „Аўтадом“, ужыўшы пярцовы газ», ён распачаў онлайн-трансьляцыю ў канале «Страна для жизни». У ёй заклікаў людзей прыходзіць на месца інцыдэнту.

«Я скарыстаўся канстытуцыйным правам на свабоду слова і сходаў», — казаў суду Няронскі.

Арцёма Сакава, Аляксандра Арановіча, Сьцяпана Лазаронка, Вячаслава Зайцава прызналі вінаватымі ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным шэсьці і мітынгу на Віцебскім праспэкце. Сакава і Арановіча затрымалі разам зь Няронскім 6 траўня ў пасёлку Дружным (Менскі раён), а Лазаронка 7-га ў Магілёве. Да суду трое знаходзіліся ў магілёўскім ізалятары.

Сьцяпан Лазаронак
Сьцяпан Лазаронак

Па словах Аляксандра Арановіча, міліцыянты яго зблыталі зь Сяргеем Ціханоўскім і былі зьбянтэжаныя, калі высьветлілі, хто ён. Пры сабе яны мелі паперы на Ціханоўскага. Арановіч быў у аўтобусе, калі ў яго пырснулі пярцовым газам. У судзе ён казаў, што выйшаў з аўтобуса, калі міліцыянты зьбіраліся ў ім біць вокны.

«Мы пачалі здымаць тое, што адбывалася, каб не дапусьціць неправамерных дзеяньняў з боку міліцыі», — казаў у судзе Арановіч.

Супраць абвінавачаных сьведчылі супрацоўнік абласной міліцыі падпалкоўнік Уладзімер Пугачоў, інспэктар ДАІ маёр Генадзь Баброў ды міліцыянт Цярэшчанка. Паводле іх, на заклік падсудных на Віцебскім праспэкце сабралася блізу 50–60 чалавек, дзеяньні якіх былі правакацыйныя ў адносінах да міліцыянтаў, а таксама яны выказваліся супраць дзейнай улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG