Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго закранае ўказ Дональда Трампа аб прыпыненьні выдачы працоўных візаў


Імігранты пераходзяць мэксыканска-амэрыканскую мяжу. Ілюстрацыйнае фота
Імігранты пераходзяць мэксыканска-амэрыканскую мяжу. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў 22 чэрвеня ўказ аб прыпыненьні допуску ў ЗША іншаземцаў, якія павялічваюць канкурэнцыю на амэрыканскім рынку працы.

Голас Амэрыкі тлумачыць, хто падпадае пад дзеяньне ўказу, каго закрануць новаўвядзеньні і які эфэкт могуць аказаць на рынак працы і эканоміку ў цэлым новыя абмежаваньні.

Агульна кажучы, указ робіць больш жорсткімі абмежаваньні на выдачу працоўных візаў іншаземцам і лімітуе легальную іміграцыю ў ЗША.

Каго ў першую чаргу закрануць новаўвядзеньні

Указ распаўсюджваецца на візы:

  • H-1B для высокакваліфікаваных супрацоўнікаў сфэры IT (інфармацыйныя тэхналёгіі), інжынэраў, прадстаўнікоў навукі;
  • L-візы, якія часта выкарыстоўваюцца для пераводу супрацоўнікаў-замежнікаў на іншыя пазыцыі ў рамках адной кампаніі;
  • візы J-1, якія прызначаны для тых, хто ўдзельнічае ў праграмах абмену або адукацыйных праграмах;
  • візы H-2B для часовых работнікаў у галінах, якія не адносяцца да сельскай гаспадаркі.

Указ таксама паўплывае на мужа, жонку і непаўналетніх дзяцей уладальнікаў візаў: яны звычайна атрымліваюць візы, якія не дазваляюць ім працаваць у ЗША.

Каго ўказ не кранае

Указ не распаўсюджваецца на тых, у каго ўжо ёсьць дзейныя візы або грын-карты, — як унутры краіны, так і за яе межамі, — і на тых, хто ўжо падаў заяўку на грын-карту або працоўную амэрыканскую візу.

Абмежаваньні таксама не закрануць мужа, жонкі і дзяцей грамадзянаў ЗША, а таксама спэцыялістаў, якія ўяўляюць сабою асаблівы нацыянальны інтарэс — заключэньне пра гэта павінны даць Дзярждэпартамэнт або Міністэрства ўнутранай бясьпекі.

У лік тых, каго ўказ не закране, увайшлі таксама муж і жонка або дзеці грамадзян ЗША, якія аказваюць паслугі, што лічацца неабходнымі для забесьпячэньня краіны харчаваньнем, ці тых, хто ўяўляе карысьць для нацыянальных інтарэсаў, вызначаных Дзярждэпартамэнтам або Міністэрствам унутранай бясьпекі.

Чым кіравалася адміністрацыя Белага дома, выдаючы ўказ

Прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што ўказ накіраваны на абарону і захаваньне працоўных месцаў для амэрыканцаў ва ўмовах высокага беспрацоўя, якое вырасла праз пандэмію COVID-19.

Указ быў падпісаны праз два месяцы пасьля таго, як прэзыдэнт абвясьціў аб прыпыненьні выдачы грынкартаў, якія дазваляюць іншаземцам атрымаць від на жыхарства ў ЗША і даюць права на працу. Прыпыненьне выдачы грын-картаў тлумачылася захадамі, якія трэба прыняць для дапамогі аднаўленьню амэрыканскай эканомікі.

Хто вітаў новаўвядзеньні

Хоць рэакцыя на ўказ прэзыдэнта ў Кангрэсе была ў асноўным адмоўнай, сэнатар-рэспубліканец ад штату Тэхас Тэд Круз назваў указ «важным». У заяве Круза гаворыцца, што ўлады «павінны засяродзіцца на захаваньні жыцьця амэрыканцаў і працоўных месцаў у Амэрыцы. Таму я заклікаў прэзыдэнта не аднаўляць легальную іміграцыю падчас гэтага падвойнага крызысу».

NumbersUSA, група, якая выступае за абмежаваньні ў іміграцыйнай палітыцы, назвала гэтае рашэньне «беспрэцэдэнтным» і заявіла, што вітае рашэньне прэзыдэнта часова спыніць уезд пэўных катэгорый імігрантаў і гастарбайтэраў.

«Для больш чым 45 мільёнаў амэрыканцаў, якія страцілі свае працоўныя месцы падчас гэтай пандэміі, гэты ўказ уяўляе рэальную магчымасьць зноў атрымаць працу з прымальнай заработнай платай. Ня менш важна, што гэта дае магчымасьць амэрыканскім працадаўцам пашырыць свае намаганьні адносна набору пэрсаналу ў мясцовасьцях, дзе гістарычна склаўся недастатковы ўзровень забясьпечанасьці паслугамі, і даказаць, што амэрыканцы будуць выконваць гэтую працу», — гаворыцца ў заяве NumbersUSA.

Хто выступіў супраць указу

Іміграцыйны ўказ выклікаў крытыку з боку як рэспубліканцаў, так і дэмакратаў у Кангрэсе. Сэнатар-рэспубліканец з Паўднёвай Караліны Ліндсі Грэм, звычайна перакананы абаронца Трампа, напісаў у твітэры: «Легальная іміграцыя станоўча ўплывае на амэрыканскую эканоміку», дадаўшы, што гэты ўказ будзе стрымліваць яе аднаўленьне.

Старшыня Юрыдычнага камітэту Палаты прадстаўнікоў Джэралд Надлер, дэмакрат з Нью-Ёрку, абвінаваціў прэзыдэнта ў спробе «адцягнуць амэрыканскую грамадзкасьць ад сваёй брыдкай адмовы змагацца з пандэміяй COVID-19». Супраць ініцыятывы прэзыдэнта таксама выступілі арганізацыі абароны правоў імігрантаў і іншыя праваабарончыя арганізацыі.

Рэакцыя бізнэс-супольнасьці

Кіраўнік Гандлёвай палаты ЗША Том Донаг’ю заявіў, што абмежаваньне іміграцыі стрымае рост эканомікі краіны.

«Абмежавальныя зьмены ў іміграцыйнай сыстэме нашай краіны будуць выштурхоўваць інвэстыцыі і эканамічную актыўнасьць за мяжу, запавольваючы рост і скарачаючы стварэньне працоўных месцаў», — сказаў Донаг’ю.

Кампаніі, якія працуюць у сфэры тэхналёгій, таксама актыўна выступілі супраць.

«Гэты ўказ падрывае найвялікшы эканамічны актыў Амэрыкі: яе разнастайнасьць. Людзі з усяго сьвету прыяжджаюць сюды, каб далучыцца да нашай працоўнай сілы, заплаціць падаткі і ўнесьці свой уклад у нашу глябальную канкурэнтаздольнасьць на сусьветнай арэне», — гаворыцца ў заяве кіраўніцтва кампаніі Twitter.

Генэральны дырэктар Google Сундар Пічай сказаў, што іміграцыя выгадная ня толькі Google, але і эканоміцы Амэрыкі ў больш шырокім сэнсе.

«Іміграцыя ўнесла вялікі ўклад у эканамічны посьпех Амэрыкі, зрабіўшы яе сусьветным лідэрам у галіне тэхналёгій, а Google дзякуючы гэтаму стаў кампаніяй, якой ён зьяўляецца сёньня», — напісаў Пічай, дадаўшы, што ён «расчараваны» ўказам прэзыдэнта.

Інстытут міграцыйнай палітыкі падлічыў, што ў выніку дзеяньняў адміністрацыі каля 167 тысяч часовых работнікаў ня змогуць уехаць у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG