Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША прыпыняюць выдачу працоўных візаў да канца 2020 году


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў распараджэньне аб прыпыненьні выдачы візаў, якія дазваляюць замежным грамадзянам працаваць у ЗША, да канца 2020 году.

Указ тычыцца як высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якіх наймаюць пераважна амэрыканскія кампаніі высокіх тэхналёгіяў, так і сэзонных працаўнікоў, не занятых у сельскай гаспадарцы. Паводле прадстаўнікоў Белага дому, рашэньне прынялі, каб забясьпечыць працоўнымі месцамі амэрыканцаў, якія страцілі працу праз прыпыненьне эканамічнай актыўнасьці ў ЗША ў выніку пандэміі каранавірусу. Забарона не закране мэдычных работнікаў і працоўных, занятых у харчовай прамысловасьці.

Указ прэзыдэнта падаўжае забарону выдаваць візы, уведзены ў красавіку. Ён дзейнічаў да верасьня. Белы дом ацэньвае, што такім чынам будзе пастаўлены бар’ер на ўезд у краіну больш як 500 тыс іншаземцаў. Няўрадавая арганізацыя Інстытут міграцыйнай палітыкі лічыць, што забарона закране 325 тыс іншаземцаў. Тыя, хто ўжо атрымаў візы, змогуць уехаць у ЗША.

Рашэньне Белага дому рэзка скрытыкавалі прадстаўнікі некалькіх найбуйнейшых амэрыканскіх кампаніяў і заканадаўцы, якія сьцьвярджаюць, што Злучаныя Штаты адчуваюць сурʼёзны дэфіцыт высокакваліфікаваных работнікаў, асабліва інжынэраў і праграмістаў. Кіраўнік Google выказаў «расчараваньне» рашэньнем прэзыдэнта Трампа. Прадстаўнік карпарацыі Twitter назвала гэтае рашэньне «недальнабачным» і лічыць, што яно «падрывае эканамічны фундамэнт» Злучаных Штатаў. Сэнатары-рэспубліканцы Ліндсі Грэм і Джон Корнін заклікалі прэзыдэнта перагледзець рашэньне. Газэта Wall Street Journal піша, што гэтае рашэньне прэзыдэнта могуць аспрэчыць у судзе.

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, пераважная большасьць жыхароў ЗША лічыць, што імігранты ў асноўным атрымліваюць працу, у якой не зацікаўленыя амэрыканцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG