Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікалі саюзьнікаў павялічыць свой уклад у падтрымку ўцекачоў


Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо, архіўнае фота
Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо, архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо расказаў 20 чэрвеня, што ЗША па-ранейшаму лідэры ў аказаньні гуманітарнай дапамогі і задавальненьні патрэбаў уцекачоў і перамешчаных асобаў па ўсім сьвеце, аднак ня могуць справіцца з гуманітарным крызісам у адзіночку. Пампэо, як перадае «Голас Амэрыкі», казаў, што саюзьнікі і партнэры павінны зрабіць свой унёсак у падтрымку ўцекачоў.

Паводле найвышэйшага камісара Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў у справах уцекачоў, лік прымусова перамешчаных асобаў у сьвеце вырас у 2019 годзе да амаль 80 мільёнаў чалавек.

Стратэгія нацыянальнай бясьпекі ЗША прадугледжвае працяг місіі: быць лідэрамі ў галіне аказаньня гуманітарнай дапамогі і аказваць дапамогу ўцекачам і перамешчаным асобам па ўсім сьвеце.

Пампэо нагадаў, што ў гэтым годзе адзначаецца 40-я гадавіна прыняцьця Закону аб уцекачах, адпаведна якому ў 1980 годзе ў Дзяржаўным дэпартамэнце было створанае Ўпраўленьне каардынатара па справах уцекачоў, якое пасьля ператварылася ў Дзяржаўнае ўпраўленьне па справах насельніцтва, уцекачоў і міграцыі. Закон аб уцекачах быў першым у гісторыі ЗША ўсёабдымным заканадаўчым актам, распрацаваным дзеля стварэньня гнуткіх мэханізмаў вырашэньня зьменлівай сытуацыі з уцекачамі.

ЗША па-ранейшаму ёсьць найбуйнейшым у сьвеце донарам у сфэры гуманітарнай дапамогі: у 2019 фінансавым годзе ЗША перадалі іншым краінам гуманітарную дапамогу на суму больш за 9,5 мільярдаў даляраў, а за апошняе дзесяцігодзьдзе — на амаль 70 мільярдаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG