Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які даход паказаў Бабарыка ў дэклярацыі для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты


Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка за 2019 год задэкляраваў даход у 383,1 тысячы рублёў, амаль 16 тысяч даляраў і 13,2 тысячы эўра. Гэта вынікае зь яго дэклярацыі аб даходах, якую 20 чэрвеня яго каманда падала ў ЦВК для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

Пра гэта паведамляе партал TUT.BY.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сам Віктар Бабарыка цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. «Мы выступаем за сумленныя і празрыстыя выбары. Вось гэты пакет дакумэнтаў нашая каманда падала ў ЦВК. Усё адкрыта, чытайце», — паведаміў штаб ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

У «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка зарабіў у 2019 годзе 361 тысячу 194,21 рубля. Мяркуючы па дэклярацыі, прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзыдэнты ў мінулым годзе прадаў аўтамабіль Toyota Land Cruiser 200, памер даходу — амаль 22 тысячы рублёў.

Агулам даход у рублях склаў 383,1 тысячы рублёў (даходы ад працы ў банку і ад продажу аўтамабіля).

Віктар Бабарыка таксама пазначыў прыбытак па аблігацыях Мінфіну — 12 950 даляраў і 5742 эўра, а таксама па аблігацыях «Белгазпрамбанку» — 3000 даляраў і 7500 эўра. У дэклярацыі пазначана, што ў 2019 годзе ў Віктара Бабарыкі былі аблігацыі Мінфіну на 160 тысяч даляраў і 116 тысяч эўра.

З маёмасьці Віктар Бабарыка паказаў жылы дом у вёсцы Мачаны агульнай плошчай у 68,5 квадратных мэтры, а таксама тры зямельныя ўчасткі ў гэтым жа населеным пункце (адзін у 0,25 гектара — для будаўніцтва і абслугоўваньня жылога дому, яшчэ два — для вядзеньня асабістай дапаможнай гаспадаркі, прычым адзін зь іх у долевым валоданьні). Ва ўласнасьці пазначаны легкавы аўтамабіль Ford Fiesta 2015 году, трактар і міні-трактар.

У дэклярацыі таксама ўказана, што Віктар Бабарыка даў на захоўваньне наяўныя грашовыя сродкі і аблігацыі двум людзям. Дзьмітрыю Жардзецкаму — 100 тысяч эўра, а Уладзімеру Дразду — 100 тысяч даляраў і аблігацыі «Белгазпрамбанку» на 100 тысяч даляраў і 250 тысяч эўра.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG