Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі траплялі ў турму?


Ілюстрацыйнае фота

Свабода прыгадала, хто з зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты трапляў у турму за сваю палітычную дзейнасьць.

Траціна кандыдатаў сядзела ў турме. Разам ім прысудзілі столькі гадоў, колькі Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе

На выбарах 2001 году былі 3 кандыдаты: Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Ганчарык, Сяргей Гайдукевіч.

У выбарах 2006 году ўдзельнічалі чатыры кандыдаты: Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Казулін, Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Лукашэнка.

На выбары 2010 году вылучыліся 10 кандыдатаў: Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Дзьмітры Ус, Віталь Рымашэўскі, Віктар Цярэшчанка, Рыгор Кастусёў, Яраслаў Раманчук, Мікола Статкевіч, Алесь Міхалевіч.

У выбарах 2015 году ўдзельнічалі чатыры кандыдаты: Аляксандар Лукашэнка, Тацяна Караткевіч, Мікалай Улаховіч, Сяргей Гайдукевіч.

З 21 кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, якія выстаўлялі свае кандыдатуры на выбары пасьля зьмены Канстытуцыі ў 1996 годзе, сямёра апынуліся за кратамі. Агулам на ўсіх ім прысудзілі 26 гадоў зьняволеньня.

Як гэта было. 2006 год: 5,5 года турмы за паход да турмы

У 2006 годзе па прэзыдэнцкую пасаду прэтэндавалі два альтэрнатыўныя кандыдаты: Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін. Увечары дня выбараў 19 сьнежня яны заклікалі да акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, дзе сабраліся дзясяткі тысяч людзей, а пасьля паўстала намётавае мястэчка. Намёты і людзей разагнаў АМАП уначы 24 сакавіка.

Сутыкненьне пратэстоўцаў з АМАПам, 25 сакавіка 2006
Сутыкненьне пратэстоўцаў з АМАПам, 25 сакавіка 2006

25 сакавіка сабралася чарговая акцыя пратэсту на Дзень Волі. Кастрычніцкую плошчу ачапілі, таму людзі сабраліся ў сквэры Янкі Купалы. У канцы мітынгу Аляксандар Казулін заклікаў людзей прайсьці да ізалятара на Акрэсьціна (а менавіта там знаходзіліся затрыманыя 24 сакавіка) і паставіць там кветкі на знак салідарнасьці.

Пад мостам на праспэкце Дзяржынскага калёну сустрэлі спэцназаўцы пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Паўлічэнкі і салдаты ўнутраных войскаў. Яны разагналі людзей, жорстка зьбіваючы кожнага, хто трапіў на шляху.

Аляксандра Казуліна затрымалі і абвінавацілі ў злосным хуліганстве і арганізацыі масавых беспарадкаў. Пазьней яму прысудзілі 5,5 года зьняволеньня. У турме Казулін трымаў галадоўку, яго прызналі вязьнем сумленьня. У 2008 годзе Аляксандар Лукашэнка памілаваў адмысловым указам Казуліна, а разам зь ім актывістаў Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Больш Аляксандар Казулін палітычнай дзейнасьцю не займаўся.

Як гэта было. 2010 год: 6 з 9 кандыдатаў трапілі ў турму

Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Дзьмітры Ус, Алесь Міхалевіч апынуліся ў турме пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Кандыдаты клікалі людзей на пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў. Уладзімер Някляеў да Кастрычніцкай плошчы не дабраўся, ягоную калёну атакавалі невядомыя са сьвятлошумавымі гранатамі. Кандыдат у прэзыдэнты быў моцна зьбіты, пазьней яго забралі зь лякарні супрацоўнікі КДБ. Ва ўнутранай турме КДБ Някляеў правёў больш за месяц, да суду яго адпусьцілі пад хатні арышт, а пасьля асудзілі на 2 гады з адтэрміноўкай на 2 гады, за арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Гэта значыць, у турму пасьля суду ён ужо ня трапіў.

У фільме Белтэлерадыёкампаніі «Жалезам па шкле» паказалі нібыта гараж Някляева з гранатамётамі ды іншай зброяй. Там жа прагучалі абвінавачаньні ў падрыхтоўцы баевікоў. Усе гэтыя «факты» на судзе так і не прагучалі.

Андрэя Саньнікава пры затрыманьні на плошчы каля Дому ўраду моцна зьбілі, яму прысудзілі 5 гадоў за арганізацыю масавых беспарадкаў. Саньнікава памілавалі і выпусьцілі датэрмінова ў красавіку 2012 году пасьля прашэньня на імя Лукашэнкі. Міжнародная супольнасьць прызнала яго вязьням сумленьня. Ён эміграваў у Вялікую Брытанію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча. Жонка Ірына Халіп засталася ў Менску.

Віталя Рымашэўскага таксама пабілі на плошчы. Кадры з акрываўленай галавой кандыдата абляцелі ўвесь сьвет. Пасьля пратэстаў яго затрымалі. 1 студзеня Рымашэўскага выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Таксама палітык напісаў тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі. Рымашэўскаму далі 2 гады з адтэрміноўкай на 2 гады, пасьля суду ў турму ён ня трапіў. Працягвае займацца палітыкай.

Алеся Міхалевіча арыштавалі ўначы на 20 сьнежня. Ва ўнутранай турме КДБ ён правёў каля двух месяцаў, а вызваліўшыся, заявіў пра катаваньні. Умовай ягонага вызваленьня была згода на супрацу са спэцслужбамі, пра што палітык адразу публічна паведаміў на волі. Тады ж ён тайна пакінуў краіну, жыў ва эміграцыі, у 2015-м вярнуўся ў Беларусь.

Да сакавіка 2020 году ён заставаўся фігурантам справы аб арганізацыі масавых беспарадкаў, потым ягоная справа была прыпыненая, але не закрытая. Цяпер займаецца юрыдычнымі кансультацыям.

Дзьмітрыя Уса не затрымлівалі ўвечары 19 сьнежня. Ён заставаўся падазраваным у справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе. У траўні 2011-га Дзьмітрыя Уса асудзілі на 5,5 года пазбаўленьня волі ў турме ўзмоцненага рэжыму. За кратамі Дзьмітры Ус трапіў у лякарню, атрымаў другую групу інваліднасьці. Ён не падаваў прашэньня на імя Лукашэнкі, у кастрычніку 2011 году быў памілаваны і выйшаў на волю. Палітыкай цяпер не займаецца.

Мікалая Статкевіча затрымалі адразу пасьля Плошчы-2010. У траўні 2011 году яму прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Статкевіч не пісаў прашэньня аб памілаваньні і пацьвердзіў інфармацыю аб катаваньнях, якую агучыў Алесь Міхалевіч. Выйшаў на волю 22 жніўня 2015 году згодна з указам Лукашэнкі аб памілаваньні. З таго часу ня раз затрымліваўся і адбываў адміністрацыйныя пакараньні. У 2017 годзе, паводле яго, зноў быў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА КДБ перад Днём Волі.

Працягвае займацца палітыкай. На выбарах-2020 падтрымлівае ініцыятыўную групу Ўладзімера Няпомняшчых. Падтрымаў таксама блогера Сяргея Ціханоўскага.

Мікалая Статкевіча затрымалі каля ўласнага дома 31 траўня, а 1 чэрвеня асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG