Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны тэлеканал АНТ заявіў, што пасьля параду 9 траўня не было ўсплёску каранавірусу


Тэлеканал АНТ зрабіў спэцыяльны сюжэт, у якім спрабаваў зьняпраўдзіць «фэйкі» пра рост каранавірусу ў сувязі зь менскім парадам 9 траўня, не назваўшы пры гэтым ніводнага СМІ і ніводнай лічбы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У нядзельнай перадачы «Контуры» на АНТ у рубрыцы «Антыфэйк» журналісты спрабавалі абвергнуць прагнозы пра ўсплёск каранавірусу пасьля параду.

Вядоўца «Контураў» Юры Гроераў прадставіў свайго калегу Дзьмітрыя Семчанку як журналіста, які ведае, «як правільна фільтраваць непраўдзівую, скажоную інфармацыю».

«Мы часьцяком сварымся на сыноптыкаў, але чаму мы такія міласэрныя да тых, хто робіць больш сур’ёзныя прагнозы! Робяць, ня маючы спэцыяльнай адукацыі, кваліфікацыі і досьведу. Памыляюцца, але настырна робяць зноў», — разважаў Семчанка.

Пры гэтым ніводнага прагнозу ніводнага СМІ ён не назваў.

Не назваў ён таксама і афіцыйных прагнозаў, у тым ліку першага прагнозу Аляксандра Лукашэнкі, як ён агучыў 31 сакавіка, што «мы цяпер на піку», ні прагнозу міністра здароўя Караніка 9 красавіка, калі той думаў, што Беларусь на пік захворваньня каранавірусам выйдзе ў канцы красавіка ці ў пачатку траўня, ні скарэктаванага прагнозу намесьніцы галоўнага доктара Беларускага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Ірыны Глінскай, што «ў канцы траўня мы выйдзем на зьніжэньне», які чыноўніца дала 5 траўня.

«Калі ў Беларусі вырашылі правесьці парад Перамогі, многіх прадказальнікаў проста бамбанула! Яны прагназавалі шалёны ўсплёск каранавірусу. Прычым расейскія СМІ перажывалі нават больш за беларускія», — выказаўся Семчанка. — Магчыма, хтосьці на ўсход ад Крычава пакрыўдзіўся на тое, што непахісны Менск вырашыў годна сустрэць вялікую дату, пакуль астатнія, склаўшы рукі, сядзелі па дамах».

Семчанка згадаў графік інфікаваньня каранавірусам пасьля 9 траўня, калі распаўсюд інфэкцыі ішоў з аднолькавай хуткасьцю цягам трох тыдняў — звыш 900 чалавек за дзень. На яго думку, парад тут быў ні пры чым.

«Я сам быў на парадзе і бачыў, што многія гледачы прыйшлі ў масках і трымалі дыстанцыю. Я кожны дзень хаджу ў вялікую краму каля дома і бачу, што там у масках менш людзей. На парадзе былі 15 тысяч, а рэкорд аднаго гандлёвага цэнтру ў Менску — 130 тысяч чалавек за выходныя», — расказаў Семчанка.

Пры гэтым было відаць, што на парадзе людзей у масках было мала — пра гэта сьведчыць тэлетрансьляцыя БТ і АНТ.

Аўтар сюжэту спаслаўся на расейскага сацыёляга Андрэя Ганчарова.

«Чамусьці ўсе адчайна маўчаць пра парад у Менску, — заявіў расейскі сацыёляг Ганчароў. — А напярэдадні ўся заходняя прэса і, на жаль, расейская, „клікушнічала“: „Лукашэнка вывеў людзей на вуліцы, праз 2 тыдні інкубацыйнага пэрыяду Беларусь „вымрэ“.

Нічога не адбылося — Беларусь жывейшая за ўсіх жывых. Эпідэмічныя паказьнікі там лепшыя, чым у Аўстрыі і Нямеччыне. Калі б самая малая вірусная ўспышка здарылася пасьля параду, мы б пра гэта чулі з кожнага праса».

«Гэта і ёсьць аўтарытэтная думка, а не чарговы псэўдапрагноз, — сказаў Семчанка. — Такую цытату наўрад ці дасьць хоць адзін фэдэральны тэлеканал Расеі. Хоць больш дробныя рэсурсы ўсё часьцей спасылаюцца на прыклад Беларусі: маўляў, навошта вы нам хлусіце пра выратавальны карантын?»

На думку аўтара сюжэту, «сытуацыя з каранавірусам усяляе аптымізм: колькасьць выпісаных перавышае колькасьць заражаных».

Пры гэтым тэлеканал АНТ не згадаў новы загад Міністэрства аховы здароўя, які зьмяніў пратакол лячэньня, паводле якога цяпер не чакаюць двух адмоўных тэстаў, а выпісваюць са шпіталяў на 14-ы дзень.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG