Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ўжо расплочваюцца за парад. Пакуль толькі грашыма


Менск, 9 траўня 2020 году

Лукашэнка дамогся свайго. Ягонае фота ў форме генэралісімуса абышло вядучыя інфармацыйныя рэсурсы сьвету. Пра парад на Дзень Перамогі паведамілі ўсе.

Ну, а цяпер надышоў час расплочвацца. Пакуль не здароўем і жыцьцямі людзей, а — грашыма.

Эўрапарлямэнт даў згоду на выдзяленьне экстранай дапамогі ў 3 мільярды эўра дзесяці краінам-суседкам на падтрымку плацёжнага балянсу падчас пандэміі.

Украіна атрымае адзін мільярд 200 мільёнаў эўра, Грузія — 150 мільёнаў, Малдова — 100 мільёнаў эўра. Гэта ня самыя вялікія грошы для Эўразьвязу — прыгадаем, што адносна нядаўна Брусэль выдзеліў Грэцыі дапамогу ў некалькі сотняў мільярдаў эўра. Так што цяперашняя дапамога — гэта, выглядае, не апошні транш.

Беларусь таксама суседка краін Эўразьвязу. І ёй вельмі патрэбныя грошы. Віцебскі гарвыканкам зьвярнуўся да віцяблянаў з заклікам дапамагчы мэдыкам; можна ўявіць, якія дзіркі ў бюджэце.

Ад пачатку году ў Беларусі валавы ўнутраны прадукт ужо ўпаў на 1,3% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась. І па прагнозах Сусьветнага банку ён можа апусьціцца на 4%, па прагнозах Эўрапейскага банку — на 5%.

Ну, і каб болей не абцяжарваць вас лічбамі, прывяду апошнюю. Беларусь прасіла ў Эўразьвязу на барацьбу з пандэміяй 60 мільёнаў эўра. Гэта значна меней, чым ужо атрымлівае Грузія, чым атрымлівае Малдова, якія разам узятыя меншыя па насельніцтве за Беларусь.

У адказ з Брусэлю — маўчаньне.

Эўразьвяз увязаў фінансавую дапамогу Беларусі з выкананьнем рэкамендацыяў Сусьветнай арганізацыі здароўя. Галоўная зь іх — ніякіх масавых мерапрыемстваў. Ніякіх парадаў.

Але ж Аляксандра Рыгоравіча — не нагнеш!

Вось і атрымалі.

Дакладней — не атрымалі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG