Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці апынецца Румас у камандзе Бабарыкі


Лукашэнка абмеркаваў новы ўрад з Качанавай, Андрэйчанкам, Сяргеенкам і Раўковым, 3 чэрвеня 2020
Лукашэнка абмеркаваў новы ўрад з Качанавай, Андрэйчанкам, Сяргеенкам і Раўковым, 3 чэрвеня 2020

Чаму на нарадзе ў Лукашэнкі наконт складу новага ўраду не прысутнічаў дзейны прэм’ер Румас? Якога тыпу асобу кіраўнік дзяржавы прызначыць на пасаду прэмʼера? Якіх зьменаў у палітыцы можна чакаць ад гэтага кадравага рашэньня? Ці апынецца Румас у камандзе Бабарыкі? Абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Дракахруст: Аляксандар Лукашэнка 3 чэрвеня адправіў урад Беларусі ў адстаўку. Перад гэтым у кіраўніка дзяржавы адбылася нарада наконт складу новага ўраду, у якой узялі ўдзел старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка і дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў. Заўважна, што сярод удзельнікаў нарады не было дзейнага прэмʼера Сяргея Румаса. А навошта Лукашэнка памяняў урад?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Гэтым крокам Лукашэнка хоча найперш даказаць, што ён здольны да пераменаў. Паказаць людзям, якія абураныя эканамічнай сытуацыяй, стаўленьнем улады да каранавірусу — што ён здольны мяняцца і нешта мяняць у краіне. Па-другое, тут пытаньне ляяльнасьці. Мне падаецца, што цяперашні склад ураду і найперш прэм’ер Румас не выклікаюць у Лукашэнкі даверу. Ён ня ўпэўнены, як Румас, другі чалавек у дзяржаве, можа павесьці сабе ў крытычны час Х падчас выбарчай кампаніі. Відавочна, што большасьць эканамічных перакананьняў Румаса не супадае з падыходамі Лукашэнкі. Таксама можна назіраць, што адносіны паміж Румасам і Лукашэнкам ня склаліся, і гэта відаць нават з кадраў афіцыйнай хронікі.

Карбалевіч: У Лукашэнкі чамусьці ня склаліся адносіны з прэм’ерам Румасам. Пра гэта можа сьведчыць той факт, што Румаса рэдка запрашалі на нарады ў кіраўніка дзяржавы. Прэм’ер амаль не спадарожнічаў Лукашэнку падчас ягоных паездак па краіне. Нагадаю, што яшчэ 25 траўня Лукашэнка на нарадзе абвясьціў, што будзе мяняць урад. І пры гэтым дадаў, што ня мае прэтэнзій да гэтага ўраду. Калі няма прэтэнзій, то ўзьнікае натуральнае пытаньне: навошта мяняць? Падаецца, што адзіны сэнс апэрацыі па зьмене ўраду палягае ў тым, каб пазбавіцца ад ягонага кіраўніка Сяргея Румаса. І да таго ж галоўны апанэнт Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі Віктар Бабарыка, так бы мовіць, падліў алею ў агонь. Ён заявіў у нядаўнім інтэрвію БелаПАН 25 траўня, што станоўча ацэньвае працу ўраду Сяргея Румаса, згодны зь ягонымі прапановамі на 80%. А нагадаю, што ў выпадку чаго, паводле Канстытуцыі, выконваць абавязкі прэзыдэнта павінен прэм’ер. Таму чалавеку, які займае гэтую пасаду, Лукашэнка павінен давяраць безумоўна. А тут якраз ня той выпадак.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: 25 траўня Лукашэнка анансаваў зьмену ўраду. Тады таксама была нарада ў Лукашэнкі па гэтым пытаньні, на якой не было Румаса, але быў доўгажыхар беларускай уладнай сыстэмы, кіраўнік спраў прэзыдэнта Віктар Шэйман. На каго Лукашэнка памяняе Румаса? На Качанаву, ці на Шэймана, ці на нейкага «Х»?

Цыганкоў: Ні Качанава, ні Шэйман, а хутчэй «Х». Шэйман — гэта быў бы занадта радыкальны і неадпаведны часу варыянт. У яго ня тая функцыя, ён выконвае нейкія спэцыяльныя даручэньні. Качанава — варыянт магчымы, але, як падаецца, Лукашэнка выкарыстоўвае яе таксама для вырашэньня асаблівых задачаў, спэцыяльных даручэньняў. Да таго ж яна — старшыня Савета Рэспублікі, магчыма, узьнікнуць нейкія працэдурныя складанасьці. Але калі паглядзець на сьпіс віцэ-прэм’ераў, то, магчыма, там і трэба шукаць прозьвішча будучага прэм’ера. Ня думаю, што гэта на сёньня можа быць моцная і вядомая фігура — хутчэй наадварот.

Дракахруст: Якіх зьменаў палітыкі можна чакаць ад новага ўраду? Ці можа зьмяніцца палітыка адносна пандэміі каранавірусу?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Думаю, пандэмія ніякага ўплыву на зьмену ўраду ня мае, і ніякіх зьменаў у гэтай сфэры ня будзе. Думаю, гаворка тут увогуле не ідзе пра зьмену палітыкі. Тут ідзецца пра тое, каб утрымаць сытуацыю, узяць яе пад кантроль, кансалідаваць намэнклятуру. Справа ў тым, што перадвыбарчы пэрыяд — гэта той рэдкі момант, калі роля намэнклятуры моцна ўзрастае. Зьяўляецца далікатная сытуацыя, калі не чыноўнікі залежаць ад Лукашэнкі, а наадварот, палітычны лёс Лукашэнкі залежыць ад паводзінаў выканаўчай вэртыкалі на ўсіх узроўнях. Уся ўвага грамадзкасьці цяпер зьвернутая на альтэрнатыўных кандыдатаў. Яны апынуліся ў цэнтры інфармацыйных плыняў. На гэтым тле мала каму цікава, што там гаворыць нязьменны кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка апынуўся на пэрыфэрыі ўвагі. Для яго гэтая сытуацыя вельмі хваравітая. Таму трэба вярнуць цікавасьць, стаць у цэнтры мэдыйных паведамленьняў. Дзеля гэтага патрэбна нейкая гучная акцыя, піяр-ход які стане заўважным для інфармацыйных рэсурсаў. Зьмена ўраду — гэта тое, што можа вярнуць цікавасьць да Лукашэнкі

Цыганкоў: Зьмена ўраду якраз павінна дэманстраваць, што Лукашэнка ўсё кантралюе, трымае сытуацыю пад кантролем. Зь іншага боку, ён падкрэсьлівае, што ня трэба радыкальных зьменаў, курс правільны і мяняцца ня будзе. Так што мэсыдж даволі неадназначны.

Дракахруст: Якія пажаданьні да гэтага «Х»? Валер сказаў, што мэта зьмены ўраду — паказаць, што Лукашэнка дужы, моцны. Але калі мэта менавіта такая, то якая розьніца, хто займае пасаду прэмʼера? Чаму не прафэсійны тэхнакрат, якім Румас і быў? А калі з «хрыбтом» праблемы, дык у Лукашэнкі «хрыбет» за дваіх. А калі прэмʼер павінен абавязкова быць з «хрыбтом», то які ж Лукашэнка самы галоўны?

Цыганкоў: Няма ніякай патрэбы прызначаць у пераходны выбарчы пэрыяд моцнага чалавека і моцнага палітыка. Прызначаная цяпер фігура можа быць нейкай пераходнай, часовай. Якраз Румас быў даволі моцнай асобай, але яму нічога важнага і рэфарматарскага не ўдалося зрабіць. Так што сэнс замены прапануецца наступны — «усё ў нас добра, курс правільны, проста некалькі чалавек ня справіліся, мы іх заменім».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG