Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў па торт для дачкі. Што расказала жонка затрыманага разам зь Ціханоўскім Уладзімера Навуміка


Затрыманьне ў Горадні 29 траўня, ілюстрацыйнае фота

Інжынэра-канструктара Ўладзімера Навуміка затрымалі ў Горадні 29 траўня на пікеце для збору подпісаў разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Уладзімеру Навуміку маюць прад'явіць абвінавачваньне або адпусьціць да пятніцы, 5 чэрвеня. Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка затрыманага Віта, спаслаўшыся на адваката, які ўжо наведваў яе мужа. Але за што пэўна зьбіраюцца судзіць яе мужа і ў якім судзе, Віта ня ведае.

Жанчына кажа, што сама ніколі брала ўдзелу ў палітычных кампаніях, як і яе муж, і лічыць зьяўленьне Ўладзімера на выбарчым пікеце Сяргея Ціханоўскага выпадковасьцю.

«У дачкі быў выпускны, і муж зьбіраўся зайсьці ў краму па торт, каб мы пасядзелі, адзначылі, — расказала Віта Навумік. — Званю яму на мабільны, адказвае, што ён на Савецкай вуліцы і праз хвілін 30 будзе. Думала, ён мог зайсьці туды, каб купіць падарунак у краме, а з Савецкай ідзе маршрутка да нас, вельмі зручна дабірацца. Бо пра збор подпісаў ён мне нічога не казаў, мы ўвогуле пра гэта не гаварылі ніколі.

Але да ночы, колькі ні чакалі, не прыехаў, а тэлефон адключаны. Можа, батарэйка села ці сустрэў каго зь сяброў, дык прыйдзе позна? Легла спаць, а раніцай падхапілася ды пачала званіць па знаёмых. І тут цётка кажа, што на Савецкай быў пікет і людзей пахапалі. Пазваніла ў міліцыю, сказалі, што ён у нашым пастарунку на Гая; паехала туды — яго там няма.

Ужо зьбіралася пісаць заяву аб зьнікненьні чалавека, як мне пазваніла адвакатка і сказала, што ён затрыманы і знаходзіцца ў Менску».

Тое, што муж ня браў удзелу ў «нейкіх незаконных дзеяньнях», можна ўбачыць на відэа, мяркуе жонка затрыманага.

«Ён у тым натоўпе знаходзіўся, гэта відаць, я сама бачыла на відэа, але ён ня быў побач з гэтым міліцыянтам, які паваліўся. Валодзя яго не чапаў, гэта добра відаць. Таму я абураная ўвогуле, што яго затрымалі. Я супраць такіх затрыманьняў — ну зьбіралі людзі подпісы, і што? Гэта ж законам дазволена», — кажа жанчына.

Уладзімер працуе інжынэрам-канструктарам на заводзе, дзе вырабляюць гандлёвае абсталяваньне.
Віты Навумік сьцьвярджае, што яе муж вельмі спакойны і неканфліктны чалавек, які ніколі б не ўцягнуўся ў агрэсіўныя дзеяньні.

«Ён у мяне малайчына», — кажа Віта. Сёньня яна будзе пісаць зварот у пракуратуру, каб разабраліся, чаму АМАП затрымаў Уладзімера. «І ягоны бацька таксама пойдзе туды са скаргай. Відавочна, што ён невінаваты».

«Менскі сябар перадаў яму рэчы, з гэтым нібыта ўсё добра, але сказаў, што першая ноч у ізалятары была вельмі халоднай, натуральна зьмерз», — расказвае жанчына.

Віта Навумік верыць, што яе мужа хутка выпусьцяць, але і асьцерагаецца правакацый.

«У нас быў вобшук, кампутар мужа забралі, флэшку. Як думаеце, а раптам туды нешта падкінуць? І потым даказвай, што гэтага не было».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спэцназу падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.

Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>

  • У Twitter-акаўнце Ціханоўскага «Страна для жизни» зьявілася відэа, на якім бачна, як мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю чалавеку ў міліцэйскай форме.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміў пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
  • Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Вядома пра наступных затрыманых у «справе Ціханоўскага»:
  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG