Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьветлагорску назіральніца паскардзілася ў пракуратуру на прымус падпісвацца за Лукашэнку 


Алена Масьлюкова

Назіральніца кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» са Сьветлагорску Алена Масьлюкова паскардзілася ў пракуратуру на выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу для збору подпісаў у падтрымку дзейнага кіраўніка краіны.

Цягам мінулага тыдня Алена Масьлюкова атрымала некалькі паведамленняў наконт таго, што на прадпрыемствах гораду, а менавіта на аб’яднаньні «Хімвалакно», цэлюлозна-кардонным камбінаце ды іншых дзяржаўных установах адбываецца ціск на патэнцыйных выбарнікаў. Іх прымушаюць ставіць подпіс за прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнку.

Таксама ёй паведамілі, што старшыня Сьветлагорскай раённай выбарчай камісіі Канстанцін Пятроўскі асабіста езьдзіў па прадпрыемствах, і менавіта пасьля яго візытаў пачынаўся прымус падпісвацца за Лукашэнку.

Назіральніца называе такую сытуацыю недапушчальнай. Згодна з часткай 10 артыкулу 61 Выбарчага кодэксу, удзел адміністрацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус ці ўзнагароджаньне выбарнікаў, зьяўляецца супрацьзаконным. Парушэньне гэтых патрабаванняў можа быць падставай для адмены рашэньня аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты.

Назіральніца просіць пракуратуру Сьветлагорскага раёну праверыць названыя факты.

Канстанцін Пятроўскі працуе намесьнікам старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму. Пакуль ён не даступны для камэнтару па сутнасьці скаргі на яго ні праз службовы, ні праз мабільны тэлефон. Намесьнік дырэктара аб’яднаньня «Хімвалакно» ў ідэалёгіі Сяргей Мяркулаў таксама не адказвае на тэлефанаваньні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG