Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода, лёгкасьць і пісталет: памяці мастачкі Людмілы Русавай


Людміла Русава, фрагмэнт твору «Рэквіем», 1987 год
Людміла Русава, фрагмэнт твору «Рэквіем», 1987 год

Дзесяць гадоў таму заўчасна дагарэла жыцьцё лідэркі беларускага мастацкага авангарду Людмілы Русавай.

Цяжка не пагадзіцца з Адамам Глобусам: Людміла сапраўды была найбольш падобная да артысткі эпохі вялікага нямога кіно.

Ад самага пачатку прыходу ў мастацтва на мяжы 70-х – 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя яна (як потым напішуць, лідэрка беларускага авангарду і «хросная маці айчыннага акцыянізму») нязьменна зьдзіўляла.

Зьдзіўляла жанравай і тэматычнай шырынёю свайго канцэптуальнага творчага абсягу: жывапіс, графіка, тэкстыль, інсталяцыі, відэапраекты, фотакаляжы… І – вершы (пад псэўданімам Вераніка Архангельская), а таксама тэарэтычнае асэнсаваньне мастацкіх пошукаў.

Русава стала ў Беларусі аўтаркаю першай арт-кнігі і ці ня першага пэрформансу.

Разам з мастаком Ігарам Кашкурэвічам яна зладзіла незабыўны выступ, прысьвечаны Казімеру Малевічу: аўтар «Чорнага квадрату» быў пахаваны ў супрэматычнай труне і ўрачыста ўнесены ў Палац мастацтва. Але Малевіч – разам з сэрбкай Марынай Абрамавіч, расейцам Андрэем Таркоўскім, французам Івам Кляйнам – і надалей патрэбны быў Русавай як віртуальны апанэнт, а таму адбыліся менскае «Ажыўленьне Казімера» і ягонае маскоўскае «Супрэматычнае ўваскрашэньне».

З аднолькавым посьпехам Людміла рэпрэзэнтавала сваю творчасьць і нацыянальнае мастацтва ў Менску і Полацку, Віцебску і Маскве, Таліне і Стакгольме. Яе працы набывалі Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі і мэрыя Бону, Музэй Зымэрлі ў амэрыканскім штаце Нью-Джэрзі і прыватныя калекцыянэры з усёй Эўропы.

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што Русава канцэнтравана стварала на скрыжаваньні трансцэндэнтальных абсалютаў і постмадэрнісцкай гульні, на сутыкненьні веры ў «аўру» тэарэтыка культуры Вальтэра Бэньяміна і разуменьні немагчымасьці яе ўвасабленьня.

Аднойчы Людміла абвясьціла сябрам: ёй надакучыла служыць д’яблу і яна будзе служыць Богу, зрабіўшы асноўным колерам палітры блакітны.
Потым надышоў момант, калі яе палотны пацямнелі. Гэта не азначала, што яна адвярнулася ад Бога. У Русавай дыягнаставалі невылечную хваробу – ваўчанку.

«Жыць засталося мала, – казала яна, – але я цяпер цалкам свабодная. Я адчуваю лёгкасьць, бо нікому нічога не вінаватая. Хвароба сьпісала ўсе мае пазыкі. У мяне засталіся лёгкасьць, свабода і блакітны колер».

Людміла захаплялася Ігнатам Грынявіцкім, наогул рэвалюцыянэрамі-нарадавольцамі і мела пісталет, што нарадзіла думку пра яе магчымае самагубства. Аднак яна, неверагодна пакутуючы, ня стрэліла і сышла, глянуўшы ў вочы сьмерці з стаічнай мужнасьцю.

Працуючы над працягам кнігі «Імёны свабоды», я не сумняваўся: Людміла Русава – мая гераіня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG