Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Месца, дзе можна было падхапіць вірус беларускасьці». Размова з аўтарам фільму пра «Басовішча»


Кадар з дакумэнтальнага фільму «Басовішча». Рэжысэр: Юры Каліна. «Белсат», 2020.
Кадар з дакумэнтальнага фільму «Басовішча». Рэжысэр: Юры Каліна. «Белсат», 2020.

Пра найноўшую дакумэнтальную стужку Юрыя Каліны, «Басовішча», з рэжысэрам гутарыць Ян Максімюк. Прэм'ера адбудзецца на тэлеканале «Белсат» 31 траўня ў 19:30 па менскім часе.

Рэжысэрскі трэйлер дакумэнтальнага фільму «Басовішча».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:49 0:00

— Ці быў ты на першым «Басовішчы», у ліпені 1990 году?

— На першым «Басовішчы» я ня быў. Можна сказаць, што першае «Басовішча» было ў мяне. Так склалася, што якраз у тую нядзелю ў ліпені 1990-га я вянчаўся са сваёй першай жонкай, Міраславай…

— А хіба ў цябе цяпер іншая жонка, не Міраслава?

— Пакуль што тая самая. Але яна — першая (сьмяецца)… Маё вясельле было якраз 15 ліпеня. Арганізатары першага «Басовішча» — Аляксандар Карпюк, Барбара Кучынская і іншыя — гэта мае сябры, і яны, як мне помніцца, крыху крыўдавалі, што я зладзіў вясельле якраз на першае «Басовішча». Але калі адгрымелі канцэрты ў Гарадку ў пятніцу і суботу, то тыя зь сяброў, хто яшчэ здолеў стаяць на нагах, прыехалі на маё вясельле ў нядзелю, у маю вёску Кашалі. Чалавек 10–15. А зь імі — Сяржук Сокалаў-Воюш з гітарай, які выступаў на «Басовішчы». І ён пайграў і пасьпяваў яшчэ і ў нас на вясельлі.

— Ці ўдалося табе даведацца, хто першы прапанаваў ідэю такога музычнага фэстывалю і хто першы прапанаваў яго назву?

— Мяне найбольш пераконвае вэрсія, што аўтарам пачатковай ідэі быў Алег Латышонак. Ён тады выказаў думку, што вось, маўляў, нам трэба прывабіць да беларускага руху маладых людзей, і найлепш было б наладзіць нейкае такое забаўляльнае мерапрыемства, не фальклёрнае, а сучаснае. І гэта быў зародак ідэі «Басовішча».

А назву прапанаваў Вячаслаў Харужы, мой калега з гістарычнага факультэту ў Беластоку, ён тады быў на чацьвёртым курсе, на год вышэй за мяне. Ён сказаў — Басовішча, ад абрэвіятуры БАС (Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. — РС).

Мне здаецца, што гэта найбольш верагодная вэрсія таго, як узьніклі ідэя фэстывалю ў Гарадку і яго назва. Хоць, дапускаю, магло быць і па-іншаму.

— Калі я цябе сустрэў на апошнім «Басовішчы» ў ліпені 2019-га, мы нават ня мелі часу пагутарыць, бо ты сказаў, што моцна заняты здымкамі фільму пра фэстываль. А ці карыстаўся ты архіўным фільмовым матэрыялам з «Басовішчаў» ранейшых гадоў?

— Архіў — гэта была аснова для майго фільму. Мне як гісторыку па адукацыі хацелася паказаць фэстываль поўнасьцю. Аказалася, і на маё шчасьце, і на маю бяду, што архіўнага матэрыялу з фэстывалю, амаль за 30 гадоў, назьбіралася вельмі-вельмі многа. Першыя «Басовішчы» людзі здымалі па-аматарску, на стужку VHS. Потым, калі ўзьнік рэгіянальны тэлевізійны цэнтар у Беластоку і я там стаў працаваць, мы фактычна штогод прыяжджалі з камэрай на «Басовішча», каб рабіць рэпартажы.

Архіўнага матэрыялу было каля 100 гадзін. Усё гэта, вядома, трэба было дакладна прагледзець, зрабіць скрыпт, пазначыць, што, дзе і як. Атрымалася цэлая кніга. І гэта было шчасьце для дакумэнталіста. А бядою было тое, што, праглядаючы ўвесь гэты матэрыял, я папсаваў сабе зрок да такой ступені, што павінен быў схадзіць да акуліста і выпісаць сабе акуляры. Акуліст мяне суцешыў, кажучы, што мне й так пашанцавала, калі свае першыя акуляры я набываю ў 52 гады.

Ну, і быў яшчэ матэрыял, які я запісаў падчас апошняга «Басовішча» ў 2019-м. Але, як сам ведаеш, падчас фэстывалю запісваць вельмі складана — перш за ўсё, там вельмі шумна і гучна… Мы зрабілі на месцы такую міні-студыю і запісвалі ўдзельнікаў і арганізатараў «Басовішча» на зялёнцы. Але й так я не пасьпеў запісаць усіх, каго хацеў, таму некаторых дазапісалі супрацоўнікі Белсату ў Менску. І такім чынам назьбіралася 120 гадзін матэрыялу, зь якога трэба было зрабіць 52-хвілінны фільм. У Польшчы гэта фармат поўнамэтражнага дакумэнтальнага кіно, які запаўняе гадзіну тэлеэфіру разам з рэклямай.

— Калі я папрашу цябе падсумаваць значэньне «Басовішча» для нашых падляскіх беларусаў у трох пунктах, то што ты назваў бы самым істотным?

— Пра гэта, сярод іншага, мой фільм. Нехта там выказвае думку, што насамрэч былі два «Басовішчы» — адно для беларусаў зь Беларусі, другое — для беларусаў на Падляшшы, для беларусаў — грамадзянаў Польшчы.

Як мне здаецца, галоўнае на «Басовішчы» для маладых падляскіх беларусаў было тое, што там яны маглі падхапіць, гаворачы мэтафарай сёньняшняга дня, вірус беларускасьці. Я гавару тут пра гэта як пра станоўчую зьяву — інфэкцыю беларускасьцю, якую на фэстывалі яго ўдзельнікі, і арганізатары, і звычайныя гледачы, атрымлівалі добраахвотна. Ніхто іх не прымушаў любіць беларускае, не казаў, што трэба гэта любіць, бо яно нам павінна быць блізкае. На фэстывалі беларускасьць набывалася натуральным чынам. Гэта галоўны козыр «Басовішча».

Вядома, на фэстывалі важнай была і яго мастацкая частка, якая не абмяжоўвалася толькі музыкай са сцэны. Каб не «Басовішча», мы на Падляшшы ня мелі б такіх рок-гуртоў, як «Брага», «Кардон», RIMA, Ilo&Friends, якія выконвалі беларускі рэпэртуар. Але была ня толькі музыка, але і іншыя, так сказаць, мастацкія жанры. Рыхтуючыся да мантажу фільму, я адшукаў усе плякаты і афішы, якія ўзьнікалі ў сувязі з «Басовішчам». Фэстывалю спадарожнічалі і іншыя мастацкія ці калямастацкія захады. «Басовішча» — гэта было важнае для нас месца сучаснай крэатыўнай культуры.

— А для суродзічаў зь Беларусі «Басовішча» было чым?

— Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад часу, у якім фэстываль адбываўся. Я помню адно выказваньне Піта Паўлава з «НРМ», які недзе на пачатку нулявых адзначыў, што «Басовішча» ўнесла велізарны ўклад у разьвіцьцё беларускай музыкі, што «Басовішча» — гэта такі «беларускі Вудстак», які немагчыма арганізаваць у Беларусі…

Але ў маім фільме ёсьць таксама шмат крытыкі на адрас «Басовішча». Гэта, па-мойму, нармальна. Бо, як кажа Лёнік Тарасэвіч у фільме, бяз крытыкі няма разьвіцьця…

— Калі «Басовішча» было такое харошае, то чаму, на тваю думку, яно скончыла сваё існаваньне?

— «Басовішча» скончылася таму, што скончылася пэўная эпоха. Кожная эпоха патрабуе свайго «Вудстаку», калі можна так сказаць. Нашая эпоха патрабавала якраз такога фэстывалю, і дзякуй Богу, што ён адбыўся.

«Басовішча» выдыхалася перш за ўсё таму, што яго арганізатарамі ўвесь час былі студэнты. Студэнцкае жыцьцё трывае чатыры-пяць гадоў, а потым на тваё месца прыходзяць іншыя. Сёньняшняя студэнцкая моладзь — зусім іншая, чым на пачатку 1990-х. Тады, як думаю, для нас нароўні істотнымі з асабістай кар’ерай і грашмі былі і ідэі. Цяпер пайшлі больш прагматычныя студэнцкія пакаленьні. Некаторыя ўжо на першым курсе працуюць у нейкіх карпарацыях і выяжджаюць за мяжу. З такім практычным падыходам да жыцьця мала хто хоча быць валянтэрам і займацца даволі працаёмкай арганізацыяй беларускага фэстывалю. Яны ахвотна паглядзяць стрым з такога фэстывалю ў інтэрнэце, але самі арганізоўваць яго ня будуць.

— Ці бачыш ты патэнцыял, і культурны, і арганізатарскі, сярод маладога пакаленьня падляскіх беларусаў, які быў бы здольны запрапанаваць у будучыні культурную падзею падобнага размаху, як «Басовішча»?

— Слухай, мне ўжо 53 гады, і я ня вельмі добра ведаю, што ўяўляе зь сябе цяперашняе маладое пакаленьне. Бо гэта ўжо ня столькі пакаленьне маіх дзяцей, колькі — маіх унукаў…

— Але ж сваю думку пра гэта, напэўна, маеш?

— Маю, безумоўна. Гэта быў толькі такі ўступ, каб маладое пакаленьне занадта не абурылася на тое, што скажу…

На жаль, тут у нас на Падляшшы ўжо няма такога патэнцыялу, які мог бы арганізаваць такую маштабную імпрэзу, як «Басовішча». Насамрэч найбольшы ўздым беларускай ініцыятывы — як ні хвальбунска гэта гучыць — быў у час нашай маладосьці. Тады фактычна стварылася ўсё тое новае, што яшчэ існуе да гэтага часу або паволі дагарае.

Няма чаго моцна плакаць над гэтым. Так выглядае аб’ектыўны працэс асыміляцыі кожнай іншай меншасьці, у гэтай краіне ці іншай. Асыміляцыю можна тармазіць, але няможна яе спыніць.

— Каб ня скончыць нашай размовы на такой зусім сумнай ноце, скажы нешта весялейшае. Што далей у тваіх творчых плянах?

— Ёсьць ідэі для наступных фільмаў, і я нават зьбіраўся іх рэалізаваць. Але дырэктарка каналу «Белсат», для якога я працую, спадарыня Агнешка Рамашэўска-Гузы, прапанавала мне зрабіць фільм пра «Басовішча», бо, дадала, ніхто іншы гэтага ня зробіць. Разумееш, для такой прапановы трэба было пакінуць свае іншыя праекты. Ёсьць прынамсі тры праекты, якія знаходзяцца на розных этапах ажыцьцяўленьня, але называць іх ня буду, каб не сурочыць.

Падчас працы над фільмам «Басовішча». Стаяць: Юры Каліна (рэжысэр), Кшыштаф Вянцкоўскі (апэратар), Андрэй Тафілюк (гукарэжысэр). Сядзіць: Ілёна Карпюк-Дамброўская (лідэрка гурту «Ilo&Friends»).
Падчас працы над фільмам «Басовішча». Стаяць: Юры Каліна (рэжысэр), Кшыштаф Вянцкоўскі (апэратар), Андрэй Тафілюк (гукарэжысэр). Сядзіць: Ілёна Карпюк-Дамброўская (лідэрка гурту «Ilo&Friends»).

* * *

Юры Каліна — журналіст і рэжысэр-дакумэнталіст у рэгіянальным аддзеле Польскай тэлевізіі ў Беластоку, кіраўнік рэгіянальнай рэдакцыі тэлеканалу «Белсат». Аўтар некалькіх дзясяткаў рэпартажаў і дакумэнтальных фільмаў пра жыцьцё беларускай меншасьці на Падляшшы і пра Беларусь. Яго апошнія фільмы: «Архімандрыт» (2012), «Сярожа» (2015), «Сейбіт» (2014), «Бежанцы» (2017).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG