Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі словаў пра «Басовішча», якіх ня скажа ніхто


«Басовішча» 1992. Экран на сцэне, падрыхтаваны мастаком Лявонам Тарасэвічам, быў размаляваны гледачамі перад пачаткам канцэртаў
«Басовішча» 1992. Экран на сцэне, падрыхтаваны мастаком Лявонам Тарасэвічам, быў размаляваны гледачамі перад пачаткам канцэртаў

Сёньня мінае дакладна 29 гадоў, калі стартавала першае «Басовішча» — Фэстываль музыкі маладой Беларусі ў Гарадку на Беласточчыне. А праз тыдзень адбудзецца апошняе «Басовішча», 30-тае па ліку.

З гэтай нагоды Ян Максімюк вырашыў паставіць сабе самому сем з паловай пытаньняў пра тыя аспэкты фэстывалю, пра якія, як ён лічыць, іншыя не пытаюцца.

«Басовішча» 1992. Прэс-канфэрэнцыя. На першым пляне: Ян Максімюк, Яраслаў Іванюк, Мікола Ваўранюк
«Басовішча» 1992. Прэс-канфэрэнцыя. На першым пляне: Ян Максімюк, Яраслаў Іванюк, Мікола Ваўранюк

— Чаму ты вырашыў зрабіць інтэрвію пра «Басовішча» з самім сабою — настолькі зазнаўся, што думаеш, быццам іншыя ведаюць пра гэты фэстываль менш за цябе ці скажуць пра яго менш цікава за цябе?

«Басовішча» 1992. Публіка сыходзіцца на канцэрты
«Басовішча» 1992. Публіка сыходзіцца на канцэрты

​— Зусім не. Ніхто ня ведае пра «Басовішча» больш, чым яго арганізатары, а да арганізатараў фэстывалю я ніколі не належаў. Калі адбылося першае «Басовішча» — 13–14 ліпеня 1990 — я ўжо ня быў студэнтам і ў падрыхтоўку фэстывалю ўключыўся літаральна за дзень да яго інаўгурацыі. Малодшыя сябры зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў папрасілі мяне тады пабыць адным зь вядоўцаў фэстывалю — такім мадэратарам (у пары з маёй пазьнейшай кумой, Барбарай Кучыньскай), які перад выступамі выканаўцаў скажа ў мікрафон некалькі словаў да публікі.

«Басовішча» 1992. Адпачынак пасьля перасячэньня мяжы: Кася Камоцкая, гурт «Новае неба», Ян Максімюк
«Басовішча» 1992. Адпачынак пасьля перасячэньня мяжы: Кася Камоцкая, гурт «Новае неба», Ян Максімюк

Справа тут у іншым. Мне хочацца сказаць не пра сам мэханізм «Басовішча» і яго арганізацыйныя посьпехі ці праколы, у чым я арыентуюся менш за іншых, а пра значэньне фэстывалю ў шырэйшым беларускім кантэксьце. Хочацца выказаць некалькі думак, якіх мае падляскія землякі наагул не выказваюць публічна.

«Басовішча» 1992. Вядоўцы: Барбара Пякарская і Аляксандар Максімюк. Журналісты: Юрка Ляшчынскі і Ўладзімер Пац
«Басовішча» 1992. Вядоўцы: Барбара Пякарская і Аляксандар Максімюк. Журналісты: Юрка Ляшчынскі і Ўладзімер Пац

— Калі так, то давай… Толькі не кажы, што фэстываль, які пратрымаўся 29 гадоў, сканчаецца сёлета якраз таму, што ўжо ня мае ніякага значэньня, добра?

— Гэтага я не скажу. «Басовішча», як любы музычны фэстываль летняй парою, мае значэньне для маладых людзей, якім цікава пажыць два-тры дні ў намётах здалёк ад гарадзкога гармідару, паслухаць музыкі, папіць піва, завязаць новыя знаёмствы. Лясок каля Гарадка — вельмі добрае месца для ўсяго гэтага.

«Басовішча» 1992. Выступае Ігар Варашкевіч
«Басовішча» 1992. Выступае Ігар Варашкевіч

Праблема аднак у тым, што цягам гэтых 29 гадоў, калі каля Гарадка два дні ў ліпені гучала беларуская поп- і рок-музыка, няўмольна прападаў беларускі кантэкст на Падляшшы. Наступала хуткая палянізацыя моладзі зь беларускімі каранямі — моўная, культурная, сьветапоглядная. То бок адбывалася на першы погляд парадаксальная рэч — чым вышэйшы быў музычны ўзровень «Басовішча» і чым лепшая была яго арганізацыя, тым менш «беларускім» ён станавіўся. Менш «беларускім» у сэнсе ўплыву на сьветапогляд і жыцьцёвыя паводзіны маладых пакаленьняў патэнцыйных беларусаў.

«Басовішча» 1992. Выступае Кася Камоцкая з гуртам «Новае неба»
«Басовішча» 1992. Выступае Кася Камоцкая з гуртам «Новае неба»

— Ці не занадта пэсымістычна?

— Ня думаю. Хопіць усьвядоміць сабе толькі адну рэч, пра якую зараз скажу, каб пабачыць гэтую карціну ў такой пэрспэктыве, у якой бачу яе я.

«Басовішча» 1992. Выступае Алесь Камоцкі
«Басовішча» 1992. Выступае Алесь Камоцкі

Сярод сучасных студэнтаў у Польшчы няма ўжо болей людзей з дастатковай «беларускай матывацыяй», каб працягваць арганізаваць «Басовішча». Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (БАС), якое дало назву і афіцыйную шыльду фэстывалю, як жыцьцяздольная арганізацыя не існуе як мінімум два дзесяцігодзьдзі. Фэстываль у нашым стагодзьдзі ладзіла ня столькі арганізацыя, колькі невялікая сябрына самых заўзятых маладых беларусаў, апошнім часам — дзяцей першых арганізатараў з пачатку 1990-х. І БАС рэальна праіснаваў да сёньня толькі як арганізацыйны камітэт «Басовішча». Таму канец «Басовішча» — гэта насамрэч канец спадзяваньняў, што ў нас на Падляшшы будзе новая беларуская зьмена з унівэрсытэцкімі дыплёмамі…

«Басовішча» 1992. З гітарай сьпявачка зь Беласточчыны Эля Бэзюк
«Басовішча» 1992. З гітарай сьпявачка зь Беласточчыны Эля Бэзюк

— А ці былі часы, калі БАС быў больш шматлікім і займаўся яшчэ нечым іншым акрамя «Басовішча»?

«Басовішча» 1992. Выступае Вольга Цярэшчанка
«Басовішча» 1992. Выступае Вольга Цярэшчанка

— Маладыя ня помняць гэтага часу. Але маё пакаленьне помніць. Калі мы арганізавалі «першы БАС», — у 1981-м і пазьней, пасьля ваеннага становішча ў Польшчы, — мы ацэньвалі патэнцыял беларускага студэнцтва ў Польшчы недзе на тысячу чалавек. Рэальная гэта была ацэнка ці не, я ня ведаю, але скажу табе, што я быў на сустрэчах у Беластоку, дзе зьбіраліся дзьве сотні маладых, гендэрна збалянсаваных беларусаў са студэнцкіх інтэрнатаў. Ты таксама павінен гэта помніць…

Калі БАС урэшце афіцыйна зарэгістравалі пад канец 1980-х, актыўных удзельнікаў беларускага студэнцкага руху прыкметна паменшала, але ўсё яшчэ можна было казаць пра сотню-паўтары патэнцыйных сяброў арганізацыі.

У нашым стагодзьдзі можна было казаць рэальна ўсяго пра адзін-два дзясяткі чалавек, якіх можна было мабілізаваць для беларускай дзейнасьці, і гэтая дзейнасьць абмяжоўвалася ўсяго «Басовішчам».

«Басовішча» 1992. На сцэне паэт Анатоль Сыс
«Басовішча» 1992. На сцэне паэт Анатоль Сыс

— Чаму ўсё так здрабнела, можаш патлумачыць?

— Магу, але ад гэтага будзе яшчэ сумней. Таму скажу не пра ўсё, а толькі пра «Басовішча».

«Басовішча» 1992. Выступае Віктар Шалкевіч
«Басовішча» 1992. Выступае Віктар Шалкевіч

Фэстываль узьнік у «зорны час» для Беласточчыны, якая тады на два-тры гады стала, калі можна так сказаць, «пупам» беларускага сусьвету, «акном у Эўропу» для савецкіх беларусаў і «акном у Беларусь» для беларускіх эмігрантаў з-за акіяну. І мы тады паверылі, што для нас магчыма ўключыцца ў агульнабеларускі кантэкст. «Басовішча» было якраз задуманае як адзін з такіх захадаў, які ўключае нашу рэгіянальную беларускасьць у агульнабеларускі кантэкст. Ну бо ж на «Басовішчы» выступалі, побач з нашымі, выканаўцы зь Беларусі, а багацейшыя за нас заакіянскія суродзічы давалі нам грошы, каб бяднейшыя за нас выканаўцы зь Беларусі мелі што есьці ў Гарадку.

Але гэты «зорны час» скончыўся яшчэ да прыходу Аляксандра Лукашэнкі, а пасьля 1994 году дык усе ўвогуле начхалі на нас, і мы засталіся сам-насам са сваім правінцыйным кантэкстам, хоць стараліся не падаваць выгляду і ўсё яшчэ лічылі, што мы важныя для «большай Беларусі» і што яна ўсё яшчэ можа служыць нам апірышчам, калі не матэрыяльным, дык маральным.

«Басовішча» 1992. Да канцэрту рыхтуецца «Мроя»
«Басовішча» 1992. Да канцэрту рыхтуецца «Мроя»

Усё гэта ў доўгатэрміновай пэрспэктыве аказалася памылковым і безвыніковым. На «Басовішчы» выступалі штораз іншыя і штораз лепшыя гурты зь Менску, але тое, што яны сьпявалі, было ўжо па-за нашым падляскім кантэкстам. Ну, прынамсі па-за кантэкстам маладых, якія танчылі перад сцэнай і пілі піва ў кустах, але ніякага беларускага мэсыджу на «Басовішчы» ўжо не лавілі…

— Цябе паслухаеш, дык і ў пятлю палезеш. Дык што, сёлета «Басовішча» адгрыміць апошні раз і ўсё для нас скончыцца?

— Cкончыцца ня ўсё. Будзе выходзіць газэта, часопіс, будуць радыё- і тэлеперадачы па-беларуску, але пэрспэктыва абнаўленьня беларускага руху ў сэнсе чалавечых рэсурсаў і ідэй — абнаўленьня падобнага да таго студэнцкага, якое адбылося пад канец 1980-х і на пачатку 1990-х — становіцца вельмі цьмянай…

«Басовішча» 1992. Выступае «Ўліс», на першым пляне гітарыст Слава Корань
«Басовішча» 1992. Выступае «Ўліс», на першым пляне гітарыст Слава Корань

— Досыць. Скажы нешта аптымістычнае нарэшце…

— Сёлета наш падляскі празаік Міша Андрасюк апублікаваў прыстойны раман, а наша падляская паэтка Зоя Сачко — харошы паэтычны зборнік. Так што рана яшчэ гаварыць пра канец. Старая гвардыя памірае, але не здаецца. Ну, а мая (то бок, твая) жонка ні з таго ні зь сяго ўзяла і апублікавала кнігу ўспамінаў на пачатку гэтага году, і пагражае апублікаваць другую пад яго канец. Ты гэтага чакаў, га? Вось я еду на Падляшша, каб прасьлязіцца на апошнім «Басовішчы» ў Гарадку, але літаральна празь дзень у Гайнаўцы адбудзецца прэм’ера тэатральнага спэктаклю паводле Грабала па-падляску. Так што чакай нечаканага, як той казаў…

«Басовішча» 1992. Прэс-канфэрэнцыя арганізатараў
«Басовішча» 1992. Прэс-канфэрэнцыя арганізатараў

— Хто так казаў? Ды ладна, няважна… Калі ты ня супраць, то і я загляну ў тую Гайнаўку.

Усе фатаграфіі зь сямейнага архіву аўтара інтэрвію.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG