Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, дзе знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі

абноўлена

Сяргей Ціханоўскі

Як стала вядома Свабодзе, Сяргей Ціханоўскі затрыманы і цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Кастрычніцкага РАУС у Горадні.

Таксама тут утрымліваюць Дзьмітрыя Фурманава, каардынатара штабу Сьвятланы Ціханоўскай па Горадзенскай вобласьці​. Гэта яго 29 траўня апамаўцы паднялі разам з крэслам, на якім ён запісваў людзей за Ціханоўскую, і аднесьлі ў міліцэйскую машыну.

Дзьмітры Фурманаў зьбірае подпісы, 29 траўня, Горадня
Дзьмітры Фурманаў зьбірае подпісы, 29 траўня, Горадня
Аляксандар Фурманаў, бацька затрыманага Зьмітра Фурманава, каля будынку міліцыі Кастрычніцкага раёну
Аляксандар Фурманаў, бацька затрыманага Зьмітра Фурманава, каля будынку міліцыі Кастрычніцкага раёну

Аляксандар Фурманаў, бацька затрыманага каардынатара, расказаў Свабодзе, што ўсю ноч ня мог даведацца, дзе знаходзіцца ягоны сын.

«Яго затрымалі ў мяне на вачах. Спрабаваў яго адбіць, дык мяне ледзь не задавілі», — сказаў Аляксанадар.

Таксама ён апавёў, што ня можа перадаць ежу і адзеньне сыну, бо на выходных у ізалятары часовага ўтрыманьня нічога не прымаюць.

У міліцэйскай машыне прывезьлі ў ізалятар Яўгена Разьнічэнку. Гэта той чалавек, які расказаў Свабодзе, пры якіх абставінах апынуўся на зямлі міліцыянт падчас інцыдэнту на зборы подпісаў за Ціханоўскую ў Горадні. Уначы Разьнічэнка перастаў выходзіць на сувязь.

У ІЧУ прывезьлі Яўгена Разнічэнку
У ІЧУ прывезьлі Яўгена Разнічэнку

Яўгену Разьнічэнку 35 гадоў, ён будаўнік. Нядаўна вярнуўся з працы ў Расеі.

Разьнічэнка ўвечары 29 траўня запісаў галасавое паведамленьне і разьмясьціў яго ў тэлеграм-чаце «Страна для жизни». Ён паведаміў, што гэта ён укладваў міліцыянта на асфальт.

«Хутчэй за ўсё паспрабуюць прышыць „крыміналку“. Калі я перастану выходзіць на сувязь, хлопцы, разумейце, што гэта правакацыя з боку спэцслужбаў», — сказаў Яўген Разьнічэнка.

Яўген перастаў выходзіць на сувязь каля 1 гадзіны ночы 30 траўня.

Пакуль няма інфармацыі пра яшчэ семярых затрыманых удзельнікаў учорашняга пікету.

Будынак міліцыі Кастрычніцкага раёну Горадні. Тут жа месьціцца ІЧУ, дзе трымаюць Ціханоўскага
Будынак міліцыі Кастрычніцкага раёну Горадні. Тут жа месьціцца ІЧУ, дзе трымаюць Ціханоўскага

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Што здарылася?

А 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спэцназу падчас перадвыбарчага пікету ў Горадні. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.

Гэта адбылося пасьля таго, як невядомыя жанчыны, якіх сьведкі называлі правакатаркамі, кідаліся на блогера і спрабавалі трымаць яго за вопратку. Яны патрабавалі, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сыйсьці ад жанчын, які хапалі яго за вопратку. Пасьля гэтага зьявілася міліцыя.

У Твітар-акаўнце «Краіны для жыцьця» Сяргея Ціханоўскага зьявілася відэа, на якім бачна, як невядомы мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю маладому мужчыну ў міліцэйскай форме.

Літаральна праз 30 сэкундаў прыбеглі АМАПаўцы і пачалі хапаць Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру.

Паводле інфармацыі УУС Горадзенскага аблвыканкама, усяго затрымалі 10 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG