Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён проста на мяне ўпаў». Мужчына патлумачыў, чаму акуратна паклаў на зямлю міліцыянта ў Горадні


Горадня, 29 траўня

Мужчынам у скураной куртцы, які падчас патасоўкі ў Горадні 29 траўня паклаў на зямлю міліцыянта, аказаўся горадзенскім актывістпм Я. (Свабодзе вядомае сапраўднае імя гарадзенца).

Ён расказаў Свабодзе, што адбылося падчас пікету, дзе праходзіў збор подпісаў за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую. Менавіта ў выніку гэтай мітусьні падчас збору подпісаў затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага. Гэтаму папярэднічалі агрэсіўныя паводзіны невядомай жанчыны, якая хапала Ціханоўскага за вопратку.

«Па законе яны [міліцыянты] павінныя былі адцясьніць гэтую жанчыну-правакатара, але яны чамусьці пачалі хапаць Сяргея за рукі. Мы спрабавалі іх адцясьніць ад Сяргея», — расказвае Я. пра момант перад тым, як здарылася патасоўка на плошчы, і Ціханоўскага затрымалі.

Актывіст пацьвердзіў, што ён акуратна паклаў міліцыянта на зямлю.

«Ён проста на мяне ўпаў, а я яго ўжо падхапіў адпаведна, каб ня даць чалавеку ўдарыцца аб нешта», — патлумачыў гарадзенец.

— Ці я правільна разумею, што міліцыянт сам упаў на вас?

— Так, вы правільна зразумелі. Калі ён падаў на мяне, я проста яго падхапіў. Ніякай бойкі там насамрэч не было, — адказаў мужчына.

Я. адсядзеў у траўні некалькі сутак за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у Горадні 26 красавіка. Пасьля выхаду на волю пасьля арышту ён паведаміў Свабодзе, што будзе надалей спрабаваць змагацца з уладай і з сыстэмай.

«Бо гэтая ўлада ставіцца да людзей па-скоцку... Яна займаецца забойствам свайго народу праз каранавірус, праз нікому не патрэбныя парады, якія паадмянялі ўсе краіны акрамя Беларусі і Туркмэністану. Чаму мне гэта патрэбна? Бо мне надакучыла езьдзіць па бліжэйшых краінах і працаваць там», — патлумачыў суразмоўца.

Па ягоных словах, праз затрыманьне яго не далося зламаць.

«Гэты затвор за кратамі даў мне яшчэ больш сілаў. Я зь яшчэ большым імпэтам буду старацца зьбіраць людзей і паказваць праўду, як улада зь імі абыходзіцца, і як нашыя грамадзяне Беларусі гэтага не заўважаюць», — сказаў актывіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG