Лінкі ўнівэрсальнага доступу

0,1% — столькі прадстаўнікоў апазыцыйных партый у тэрытарыяльных выбарчых камісіях


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, сфармаваных у рамках прэзыдэнцкай кампаніі, уключылі толькі двух прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партый, сьведчаць дадзеныя, апублікаваныя на сайце ЦВК.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

Усяго сфармавалі 153 тэрытарыяльныя камісіі, куды ўключылі 1989 чалавек. У іх складзе:

  • 62,69% — прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў,
  • 32,23% — грамадзяне, вылучаныя шляхам падачы заявы,
  • 7,64% — сябры партый,
  • 5,08% — прадстаўнікі працоўных калектываў.

Прадстаўнікоў апазыцыйных партый у складзе камісій толькі двое: сябра партыі БНФ уключылі ў адну з абласных выбарчых камісій, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — у адну з раённых.

Ад іншых партый, у тым ліку праўладных, у тэрытарыяльныя выбаркамы розных узроўняў уключылі 150 чалавек:

  • ад Камуністычнай партыі — 92,
  • Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 45,
  • Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 6
  • Лібэральна-дэмакратычнай партыі — 6,
  • Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — 1.

Сярод прадстаўнікоў абʼяднаньняў:

  • 324 — сябры прафсаюзаў, якія ўваходзяць у прадзяржаўную Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі,
  • 148 — Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ),
  • 147 — праўладнага грамадзкага абʼяднаньня «Белая Русь»,
  • 130 — Беларускага саюзу жанчын,
  • 122 — Беларускага грамадзкага абʼяднаньня вэтэранаў,
  • 96 — Беларускага фонду міру,
  • 128 — прадстаўнікі іншых грамадзкіх абʼяднаньняў.

Таксама ў склад камісій уключылі 641 грамадзяніна, якія падавалі заяўкі, і 101 прадстаўніка працоўных калектываў.

Паводле статыстыкі ЦВК, жанчын сярод сябраў камісій 1254 (63,05%), дзяржаўных службоўцаў — 389 (19,56%), грамадзян да 30 гадоў — 102 (5,13%).

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG