Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вайны ніхто не адмяняў». Лукашэнка расказаў, навошта Беларусі вытворчасьць ракетнай зброі


Рэпэтыцыя параду на 3 ліпеня, 2019 год, ілюстрацыйнае фота
Рэпэтыцыя параду на 3 ліпеня, 2019 год, ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка 22 траўня наведаў выпрабавальны ўчастак навукова-вытворчага таварыства «АКБ ТСП» у Мачулішчах. Як піша БелТА, там ён расказаў, навошта Беларусі мець ракетную зброю.

Лукашэнка прызнаў, што распрацоўка ракетнай зброі каштуе «вельмі дорага», а ў Беларусі «лішніх грошай няма», але «даводзіцца траціцца і на абарону».

«Добра было б, калі б усе дзяржавы ўзялі і адмянілі войны, — разважаў Лукашэнка. — Але пакуль яшчэ ніхто не адмяняе вайны, нягледзячы на эпідэміі, пандэміі, гістэрыі. Вайны ніхто не адмяняў.

І, на жаль, да яе даводзіцца рыхтавацца ў мірны час. Нікуды не падзенесься. Калі ня будзеш рыхтавацца — ня дай Бог, вядома, — цяпер, то будзеш пажынаць горкія плады потым».

У выпадку ваеннай агрэсіі супраць Беларусі задача беларускага войска — «нанесьці непрымальную шкоду праціўніку», растлумачыў Лукашэнка.

«І мы гэта павінны дэманстраваць цяпер, каб тыя, хто, ня дай Бог, надумае з намі ваяваць, разумелі, што мы можам адказаць годна, — дадаў ён. — Найлепшы адказ з пункту гледжаньня ўзбраеньняў на сёньняшні дзень — гэта ракеты, высокадакладная зброя».

Мінулай восеньню Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі стварылі ўласную ракету сярэдняй далёкасьці, а плянуюць распрацаваць яшчэ больш магутную ракету з большай далёкасьцю на аснове «той базы, што ў нас існуе, досьведу нашых партнэраў, найперш Кітайскай Народнай Рэспублікі». Пры тым прадстаўлены быў толькі канцэпт ракеты, якая ляціць на адлегласьць да 500 кілямэтраў і базуецца на комплексе «Палянэз». Паводле ж сусьветнай клясыфікацыі ракетамі сярэдняй далёкасьці лічацца апараты, якія лятаюць на адлегласьць ад 1000 да 5500 кілямэтраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG