Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскі інтарэс да маёй кампаніі нулявы». Што Бабарыка расказаў на першай прэс-канфэрэнцыі. ВІДЭА

абноўлена

Віктар Бабарыка

Экс-старшыня праўленьня Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка зарэгістраваў найбольшую пасьля Аляксандра Лукашэнкі ініцыятыўную групу, у ёй 8905 чалавек.

Пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК Бабарыка публічна зьняпраўдзіў падазрэньні, што ён «прарасейскі» прэтэндэнт на ўдзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі, прызначаных на 9 жніўня 2020 году. Бабарыка назваў сябе «прабеларускім кандыдатам».

Свабода вядзе жывую трансьляцыю зь першай прэсавай канфэрэнцыі прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду пасьля яго ўступленьня ў кампанію.

Бабарыка падзякаваў удзельнікам ініцыятыўнай групы за хуткую мабілізацыю, а таксама супрацоўнікам ЦВК — за апрацоўку вялікага абʼёму інфармацыі пра сяброў ініцыятыўнай групы, за «абʼектыўны разгляд» заяўкі і рэгістрацыю.

Пра сувязь з Расеяй

Бабарыка сказаў, што ў расейскай дзяржавы і бізнэсу няма інтарэсу да ягонай выбарчай кампаніі. Адзіны кантакт з расейцамі за два тыдні кампаніі — звальненьне зь «Белгазпрамбанку». Паводле Бабарыкі, ягонае кіраўніцтва было шакаванае. Бабарыка падзякаваў, што ў той жа дзень «яго і адпусьцілі».

«Пасьля гэтага я ня меў ніякіх кантактаў з расейскім бізнэсам, „Газпромам“ ці яго асноўнымі акцыянэрамі», — сказаў Бабарыка.

На пытаньне, ці меў ён асабістыя кантакты з расейцамі, Бабарыка не адказаў.

«Нехта, хто працуе ў маім штабе, можа прадстаўляць расейскую кампанію. Але калі мець на ўвазе расейскі інтарэс, праяўлены да маёй кампаніі, я магу сказаць, што ён абсалютна нулявы».

Пра падлік галасоў

«Я лічу, што ЦВК абараняе заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яе грамадзян пры галасаваньні. Гэта маё абсалютнае перакананьне, як бы ні будавалі кансьпіралягічныя тэорыі. Я не іду на вайну, я іду ўдзельнічаць у выбарах Рэспублікі Беларусь. Я лічу, што фальсыфікаваць волю народу ня можа ніхто», — сказаў Бабарыка.

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Пра верагоднасьць рэпрэсій

«Я лічу мітатворчасьцю масавыя рэпрэсіі, якія могуць узьнікнуць. Я кажу адкрыта, што хачу, каб мой штаб знаходзіўся ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі. У нашым штабе няма сакрэтаў, мы не займаемся супрацьпраўнай дзейнасьцю, якая можа выклікаць гвалт да сяброў каманды», — сказаў Бабарыка.

Пры гэтым Бабарыка адзначыў, што любыя незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да ягонай каманды будуць асьвятляцца.

Пасьля Бабарыка ўдакладніў, што ён праціўнік затрыманьняў па палітычных ці эканамічных справах, калі людзі не правакуюць уладу і ня робяць супрацьпраўных дзеяньняў.

«Мы не выходзім на вуліцу і не парушаем закон. Натуральна, трэба выпраўляць законы і сыстэму, дзеля гэтага я і іду», — сказаў Бабарыка.

Пра зьніклых палітыкаў

Бабарыка выказаў спачуваньні семʼям зьніклых палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага.

«Назавіце мне хоць адно палітычнае забойства ці зьнікненьне пасьля 2000 году ў любой краіне Эўропы. Я ня думаю, што прайшло 20 гадоў і Беларусь на гэтай мапе будзе першай», — сказаў Бабарыка.

Пра незалежнасьць і каштоўнасьці Беларусі

Бабарыка сказаў, што лічыць сваёй задачай зрабіць эканамічную незалежнасьць Беларусі. Нацыянальныя сымбалі, на яго думку, — пытаньне другаснае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG