Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не іду на вайну». 10 цытатаў Віктара Бабарыкі ў першым жывым эфіры


Былы кіраўнік Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка правёў першы жывы эфір у Instagram. Яго глядзелі каля 2300 чалавек. Свабода сьцісла пераказвае, пра што ішла гаворка.

  • На дадзены момант у ініцыятыўную групу запісаліся каля 8 тысяч чалавек. Усе заяўкі былі старанна правераныя. Да паўночы нядзелі яшчэ можна падаць заяўку на ўключэньне ва ініцыятыўную групу. Сьпіс будзе дапоўнены і перададзены ў ЦВК.
  • Я дваццаць гадоў кіраваў банкам. Я сябе рэалізаваў. І гэта дае мне права прымаць самастойныя рашэньні. Маё рашэньне ня вымушанае, а менавіта заснаванае на маіх разважаньнях і ацэнцы маіх магчымасьцяў. Я разумею, што я магу зрабіць на новым узроўні.
  • Банк (Белгазпромбанк — РС) пры маёй працы займеў прыбытак 50 мільёнаў — гэта чэсна заробленыя грошы.
  • У мяне будзе свой выбарчы фонд. Але калі вы хочаце дапамагчы фінансава — добра. Паверце, я заможны чалавек. Але ваша дапамога — гэта прызнаньне маёй запатрабаванасьці. Вы можаце дапамагчы інтэлектуальнымі здольнасьцямі, кампэтэнцыямі.
  • Я размаўляю па-беларуску. На жаль, у маім жыцьці размаўляць па-беларуску не было асабліва патрэбна. Таму я ня часта ўжываю родную мову. Але аднойчы я абяцаў — і я ня проста абяцаю — я буду валодаць беларускай мовай.
  • Праграма ўжо ёсьць. Яна будзе апублікаваная пасьля рэгістрацыі. Я перакананы, што ЦВК разумее: большая колькасьць удзельнікаў лепшая за іх адсутнасьць.
  • Канчатковае рашэньне я прыняў у панядзелак. Я ўбачыў потым такую маладую Беларусь, якая гатовая на валянтэрскіх пачатках зрабіць тое, што мне трэба, — працаваць.
  • У нас ужо ёсьць 51 каардынатар. «Закрытыя» усе буйныя гарады. Да панядзелка мы пастараемся «закрыць» усю Беларусь.
  • Як я ўспрыму паразу? Я не ваюю, не іду на вайну. Я спрабую патлумачыць, што я — мэнэджэр, чалавек, які разумее, чаму мы апынуліся ў такой сытуацыі і падзялюся, як я прапаноўваю выходзіць зь яе. А вы — захочаце ці не ісьці туды, куды я вас паклічу.
  • Мы думаем, як арганізаваць працу, каб мінімізаваць чалавечы кантакт. Ваша здароўе вельмі важнае. Наведваць гарады — гэта зьбіраць вялікія сходы, дзе будзе шмат народу. Плянуем праводзіць сустрэчы онлайн — менавіта для гэтага гораду ці для гэтага калектыву, адказваць на пытаньні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць тры дзясяткі «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG