Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не прарасейскі, я прасаюзны кандыдат». Ураджэнец Расеі падаў дакумэнты ў ЦВК


Андрэй Іваноў
Андрэй Іваноў

Андрэй Іваноў нарадзіўся ў Расеі і, паводле беларускага заканадаўства, ня можа ўдзельнічаць у выбарах у Беларусі. Аднак ён падаў сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы ў ЦВК для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. У ім, паводле Іванова, трохі менш за 300 чалавек.

Іваноў лічыць, што як грамадзянін Беларусі ён мае права ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.

«Я не прарасейскі, я прасаюзны, то бок прабеларускі кандыдат. Калі вы ведаеце гісторыю, дык Беларусь дасягнула росквіту, калі была абароненая адзінай вялікай саюзнай дзяржавай», — заявіў Іваноў, адказваючы на пытаньні журналістаў у ЦВК.

Ён кажа, што ў грамадзкай дзейнасьці ўжо больш за 25 гадоў, а апошнія 9 гадоў займаецца палітыкай. Паводле Іванова, на ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі яго вылучылі грамадзкія рухі.

«Гэта „За дэмакратыю і свабоду“, грамадзкі рух „Землякі“, вэтэранскія арганізацыі (я цяпер ня буду называць. там доўгія назвы), — пералічвае ён. — Таму я пагадзіўся прыняць іх ініцыятыўную прапанову і выставіцца кандыдатам».

«Я лічу, што проста прыйшоў час і трэба заявіцца», — кажа Іваноў.

Іваноў сьцьвярджае, што найперш Беларусі трэба здабыць поўны сувэрэнітэт.

«Сёньня паводле канстытуцыйнага права, на жаль, мы абавязаныя выконваць патрабаваньні (міжнароднага?) заканадаўства. У нас нават у прэамбуле Канстытуцыі гэта запісана, у 8-м артыкуле. Таму гэта адна з праблем, якія трэба будзе вырашаць у першую чаргу, — кажа ён. — Што тычыцца эканомікі, нам трэба яе дбайна збалянсаваць».

Іваноў заявіў, што ягоныя дзеці валодаюць беларускай мовай, а ён засвоіць яе, «калі будзе патрэбна».

На пытаньне, які палітык яму бліжэйшы, Пуцін ці Лукашэнка, Іваноў адказаў так: «Гэта два вялікія чалавекі, проста кожнаму сваё месца».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG