Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кандыдаты пратэсту» Статкевіча аднесьлі дакумэнты ў ЦВК

абноўлена

Мікалай Статкевіч, кастрычнік 2019
Мікалай Статкевіч, кастрычнік 2019

Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Цэнтральны выбарчы камітэт 13 траўня аднесьлі пяць «кандыдатаў пратэсту» Мікалая Статкевіча: актывістка Вольга Мікалайчык, санітарка Менскай абласной дзіцячай больніцы Вікторыя Хатэнка, рамесьнік Ігар Кляшчук, прадпрымальнік Валянцін Фралоў і раскройшчыца абутковай кампаніі «Отыка» Антаніна Вішнякова.

Што за «кандыдаты пратэсту»?

Палітык Мікалай Статкевіч бачыць выбары як нагоду для пратэстаў, бо са статусам кандыдата на прэзыдэнта людзей прасьцей сабраць на вуліцы. Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць у ЦВК ініцыятыўныя групы 30 «кандыдатаў пратэсту».

11 траўня дакумэнты на рэгістрацыю падалі трое «кандыдатаў пратэсту» — Вераніка Мішчанка, Анжаліка Жалезьнякова і Аляксандар Грачышнікаў.

Хто яшчэ падаваў дакумэнты?

12 траўня падалі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп:

  • Фэрмэр Юры Ганцэвіч;
  • Інжынэр-дызайнэр​ Віталь Зялкоўскі.

Таксама хочуць стаць прэзыдэнтамі Беларусі

  • Былы старшыня праўленьня Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка;
  • Старшыня БСДП Сяргей Чэрачань;
  • Кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч;
  • Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў;
  • Былы дыплямат і дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала;
  • Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая;
  • Блогер і бізнэсовец Сяргей Ціханоўскі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG