Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даклад ААН: «ПВК Вагнэра» ​​разьмясьціла ў Лібіі да 1200 байцоў


Згарэлы танк арміі Халіфы Хафтара.

Больш за адна тысяча наймітаў расейскай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра» ​можа падтрымліваць наступ камандуючага Лібійскай нацыянальнай арміяй, мяцежнага генэрала Халіфы Хафтара ў Лібіі.

Пра гэта паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на даклад, прадстаўлены Камітэту па санкцыях Рады бясьпекі ААН у справе Лібіі.

«Група экспэртаў выявіла прысутнасьць наймітаў з „ПВК Вагнэра“ ў Лібіі з кастрычніка 2018 году», — прыводзіць вытрымкі зь неапублікаванага дакладу агенцтва AFP.

Іх колькасьць, на аснове паведамленьняў з адкрытых крыніц і абмежаваных назіраньняў, ацэньваецца аўтарамі дакладу ў дыяпазоне ад 800 да 1200 чалавек. Расейскія найміты аказваюць тэхнічную падтрымку ў рамонце вайсковай тэхнікі, удзельнічаюць у баявых апэрацыях і ў апэрацыях уплыву, сьцьвярджаюць аўтары дакладу.

У Лібіі ідзе грамадзянская вайна. Галоўныя бакі канфлікту — прызнаны ААН Урад нацыянальнай згоды Фаіза Сараджа ў Трыпалі і часовы кабінэт Абдалы Абдурахмана ат-Тані ў Табруку, які падтрымлівае Хафтара. Сам Хафтар карыстаецца падтрымкай Расеі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Эгіпту. Пра прысутнасьць у Лібіі расейскіх наймітаў кажуць як улады ў Трыпалі, так і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган.

Акрамя таго, на ўзбраеньні арміі Хафтара ёсьць самалёты Су-27, якія немагчыма было купіць без ухвалы Расеі, адзначаў бюлетэнь Intelligence online.

Зь вясны 2019 году Хафтар спрабуе захапіць Трыпалі. У канцы красавіка ўрад нацыянальнай згоды Лібіі абвінаваціў расейскіх наймітаў з «ПВК Вагнэра» ва ўжываньні хімічнай зброі ў Трыпалі.

Расея адмаўляе афіцыйнае вайсковае ўмяшаньне ў грамадзянскую вайну ў Лібіі.

У студзені прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адзначыў, што калі ў Лібіі «і ёсьць расейскія грамадзяне, яны не прадстаўляюць інтарэсы расейскай дзяржавы і грошай ад расейскай дзяржавы не атрымліваюць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG