Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Лібіі абвінавацілі расейскіх наймітаў у выкарыстаньні хімічнай зброі


Ваяўнікі кампаніі Вагнера ў Сырыі
Ваяўнікі кампаніі Вагнера ў Сырыі

Урад нацыянальнай згоды Лібіі абвінаваціў наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера, якія ваююць на баку генэрала Халіфы Хафтара, ва ўжываньні нэрвова-паралітычнага газу, паведамляюць Libya Express і Lybia Observer.

«Найміты Вагнера ўжылі нэрвова-паралітычны газ супраць нашых узброеных падразьдзяленьняў у раёне Салахадын на поўдні Трыпалі», – заявіў кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў Лібіі Фахці Башага. Ён не ўдакладніў, калі гэта адбылося і ці ёсьць ахвяры.

Некалькі дзён таму ўрадавыя вайскоўцы вялі інтэнсіўныя баі з вайскоўцамі генэрала Хафтара ў ваколіцах Трыпалі. Таксама ў гэтым месяцы ўрадавыя войскі адбілі ў войскаў Хафтара два гарады на захад ад сталіцы – Сабрату і Сурман. У гэтай мясцовасьці знаходзіцца буйны нафтагазавы комплекс, адкуль наладжаныя пастаўкі ў Італію.

Афіцыйна Расея не бярэ ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Лібіі, якая працягваецца ўжо некалькі гадоў. Аднак, паводле зьвестак заходніх СМІ і дыпляматаў, пачынаючы зь вясны 2019 году, у Лібію прыбылі некалькі сотняў расейскіх наймітаў, у тым ліку некалькі снайпэраў, а таксама вайсковая тэхніка і расейскія вайсковыя спэцыялісты.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сёлета ў студзені адказаў на пытаньне журналістаў пра тое, ці ёсьць у Лібіі расейскія найміты, якія прадстаўляюць у тым ліку прыватныя вайсковыя кампаніі.

«Калі там і ёсьць расейскія грамадзяне, яны не прадстаўляюць інтарэсаў расейскай дзяржавы і грошай ад расейскай дзяржавы не атрымліваюць», — заявіў Пуцін.

Выданьне The Daily Telegraph ў пачатку сакавіка 2019 году сьцьвярджала, што ў лібійскім горадзе Бенгазі знаходзяцца каля 300 расейцаў зь неназванай прыватнай вайсковай кампаніі.

Агенцтва Bloomberg у верасьні 2019 году паведаміла, што ў краіну былі перакінутыя больш за сотню байцоў «ПВК Вагнера», чые найміты раней удзельнічалі ў канфліктах ва Ўсходняй Украіне і Сырыі. «Медуза» паведаміла, што некалькі дзясяткаў расейскіх наймітаў загінулі восеньню 2019 году падчас авіяналёту ў Лібіі і назвала імёны трох загінулых. Пазьней расьсьледавальная група Conflict Intelligence Team назвала імя яшчэ аднаго загінулага ў Лібіі расейца, які мог служыць у «ПВК Вагнера».

Журналісты New York Times таксама паведамлялі, што каля 200 наймітаў, якія восеньню дзейнічалі ў Лівіі, маюць дачыненьне да расейскай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) Вагнера. Журналісты Reuters у сваю чаргу выявілі, што як мінімум адзін з параненых у Лібіі наймітаў ПВК Вагнера праходзіў лячэньне ў клініцы «Согаз» у Санкт-Пецярбургу, цесна зьвязанай з блізкім атачэньнем расейскага прэзыдэнта.

Расейскія найміты аказваюць ваенную падтрымку войскам генэрала Халіфы Хафтара, якія ваююць супраць прызнанага міжнароднай супольнасьцю ўраду нацыянальнай згоды. Падтрымку ўраду дае кааліцыя на чале з ЗША і Турэччынай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG