Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Хафтар пакінуў Маскву, не падпісаўшы пагадненьня аб перамір’і ў Лібіі


Камандуючы Лібійскай нацыянальнай арміяй генэрал Халіфа Хафтар

Камандуючы Лібійскай нацыянальнай арміяй генэрал Халіфа Хафтар у ноч на 14 студзеня пакінуў Маскву, не падпісаўшы дамовы аб перамірʼі з прадстаўнікамі міжнародна прызнанага Ураду нацыянальнай згоды (ПНЗ), паведамляюць «РИА Новости» са спасылкай на лібійскую крыніцу і арабскія СМІ.

Падкантрольныя Хафтару войскі ўжо абвясьцілі, што «гатовыя і поўныя рашучасьці змагацца да перамогі».

Напярэдадні ў Маскве прайшлі перамовы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Лібіі, дзе працягваецца грамадзянская вайна. Паводле міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, кіраўнік Ураду нацыянальнай згоды Лібіі Фаіз Сарадж і прадстаўнік парлямэнту Лібіі на ўсходзе краіны падпісалі пагадненьне, у якім бакі дамаўляюцца спыніць агонь і вызначыць лініі судакрананьня войскаў. Аднак Хафтар адмовіўся падпісваць гэтае пагадненьне і «узяў час да раніцы 14 студзеня».

Урад нацыянальнай згоды Лібіі пад кіраўніцтвам Фаіза Сараджа, які базуецца ў Трыпалі, 12 студзеня абвясьціў аб спыненьні баявых дзеяньняў на захадзе краіны. У той жа дзень аб спыненьні агню абвясьціла Лібійская нацыянальная армія, якую ўзначальвае генэрал Хафтар. Такім чынам, бакі канфлікту прынялі прапанову прэзыдэнтаў Расеі і Турэччыны, якія 8 студзеня па выніках перамоваў у Стамбуле прапанавалі спыніць агонь у Лібіі. У Маскве Сарадж і Хафтар павінны былі абмеркаваць пагадненьне аб перамірʼі.

  • У 2011 годзе ў Лібіі быў зрынуты дыктатар Муамар Кадафі. Ён кіраваў краінай больш за 40 гадоў. Пасьля падзеньня рэжыму Кадафі ў краіне пачалася барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі. Гэты канфлікт прывёў да грамадзянскай вайны, якая працягваецца да гэтага часу.
  • Цяпер захад краіны і сталіцу Трыпалі кантралюе ўрад нацыянальнага адзінства. Яго падтрымліваюць ААН, заходнія краіны, Турэччына і Катар.
  • У 2019 годзе Хафтар абвясьціў аб пачатку аблогі Трыпалі. СМІ неаднаразова паведамлялі пра тое, што лібійскі генэрал карыстаецца падтрымкай Расеі. Расейскія ўлады афіцыйна гэтага не пацьвярджаюць. Паводле прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, на баку Хафтара ваююць больш за дзьве тысячы наймітаў расейскай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра», якую зьвязваюць з прадпрымальнікам Яўгенам Прыгожыным.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG