Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібіі аб'явілі перамір'е. Абодва бакі адразу ж заявілі аб парушэньнях


У Лібіі ў ноч на 12 студзеня было абвешчана перамір'е паміж урадавымі войскамі і арміяй генэрала Халіфы Хафтара. Але празь некалькі гадзін бакі канфлікту абвінавацілі адзін аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню.

Галоўныя бакі ў лібійскім канфлікце — міжнародна прызнаны Ўрад нацыянальнай згоды Фаіза Сараджа ў Трыпалі і часовы кабінэт Абдалы Абдурахмана ат-Тані, які абапіраецца на падтрымку парлямэнту ў Тобруку і арміі былога галоўнакамандуючага сіламі краіны генэрала Халіфы Хафтара.

У 2019 годзе Хафтар абвясьціў пра пачатак аблогі Трыпалі. Яго падтрымліваюць Расея, Францыя, Эгіпет і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Урад нацыянальнай згоды падтрымлівае заходняя кааліцыя на чале з ЗША і Турэччына.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 11 студзеня адказаў на пытаньне журналістаў пра тое, ці ёсьць у Лібіі расейскія найміты, якія прадстаўляюць у тым ліку прыватныя ваенныя кампаніі.

«Калі там і ёсьць расейскія грамадзяне, яны не прадстаўляюць інтарэсаў расейскай дзяржавы і грошай ад расейскай дзяржавы не атрымліваюць», — заявіў Пуцін.

Афіцыйна Расея не бярэ ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Лібіі, якая працягваецца ўжо некалькі гадоў. Аднак, па дадзеных заходніх СМІ і дыпляматаў, пачынаючы зь вясны 2019 году, у Лібію прыбылі некалькі сотняў расейскіх наймітаў, у тым ліку некалькі снайпэраў, а таксама ваенная тэхніка і расейскія вайсковыя спэцыялісты.

Выданьне The Daily Telegraph ў пачатку сакавіка 2019 году сьцьвярджала, што ў лібійскім горадзе Бэнгазі знаходзяцца каля 300 расейцаў зь неназванай прыватнай ваеннай кампаніі.

Агенцтва Bloomberg у верасьні паведаміла, што ў краіну былі перакінутыя больш за сотню байцоў «ЧВК Вагнера», чые найміты раней удзельнічалі ў канфліктах ва Ўсходняй Украіне і Сырыі. «Медуза» паведаміла, што некалькі дзясяткаў расейскіх наймітаў загінулі восеньню 2019 году падчас авіяналёту ў Лібіі і назвала імёны трох загінулых. Пазьней расьсьледавальная група Conflict Intelligence Team назвала імя яшчэ аднаго загінулага ў Лібіі расейца, які мог служыць у «ЧВК Вагнера».

Журналісты New York Times таксама лічаць, што каля 200 наймітаў, якія восеньню дзейнічалі ў Лівіі, маюць дачыненьне да расейскай прыватнай ваеннай кампаніі «ЧВК Вагнера». Журналісты Reuters у сваю чаргу выявілі, што як мінімум адзін з параненых у Лібіі наймітаў «ЧВК Вагнера» праходзіў лячэньне ў клініцы «СОГАЗ» у Санкт-Пецярбургу, цесна зьвязанай з блізкім асяродзьдзем расейскага прэзыдэнта.

Замежныя дыпляматы лічаць, што расейскія найміты аказваюць ваенную падтрымку войскам генэрала Халіфы Хафтара, якія цяпер трымаюць у аблозе Трыпалі. Сам горад кантралюецца прызнаным міжнароднай супольнасьцю ўрадам нацыянальнай згоды. Падтрымку яму аказваюць заходняя кааліцыя на чале з ЗША і Турэччына.

У лістападзе 2018 году году расейскі бізнэсовец Яўгеній Прыгожын, зь якім зьвязваюць дзейнасьць «ЧВК Вагнера», прысутнічаў на афіцыйных перамовах у Крамлі паміж міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу і камандуючым Халіфой Хафтарам. Праз 9 месяцаў пасьля гэтага, у ліпені 2019 году, у Лібіі былі арыштаваныя расейскі паліттэхноляг Максім Шугалей, які вядомы сваёй працай на структуры Прыгожына, і яго перакладчык Самэр Суэйфан.

Шугалея і яшчэ аднаго расейца ўлады Лібіі абвінавацілі ў спробе паўплываць на будучыя выбары ў гэтай краіне. Нібыта расейцы спрабавалі арганізаваць сустрэчу з Сэйфам Кадафі (Саіф аль-Ісламам), беглым сынам былога кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі, якога ў Крамлі разглядалі як патэнцыйнага кандыдата на пасаду новага прэзыдэнта Лібіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG