Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паклікаў кіраўнікоў краінаў ЭАЭС на саміт у Менск. Дадон і Такаеў — за


Аляксандар Лукашэнка і Ігар Дадон у Малдове, 2018 год

Аляксандар Лукашэнка 4 траўня правёў відэаперамовы з прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам і кіраўніком Казахстану Касым-Жамартам Такаевым.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Лукашэнка расказаў Дадону, што «перашкодаў» для правядзеньня саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Менску няма — і запрасіў кіраўнікоў краінаў ЭАЭС на «вочны» саміт 19 траўня.

Відэа звароту Лукашэнкі да Дадона апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі.

Лукашэнка расказаў, што запрасіў і Такаева, паабяцаў «поўную бясьпеку», а таксама прызнаўся, што «ня вельмі ўспрымае» фармат відэаканфэрэнцыяў, бо «з нас ужо людзі пачынаюць сьмяяцца».

Паводле прэс-службы Лукашэнкі, Дадон падтрымаў прапанову кіраўніка Беларусі, Такаеў «таксама гатовы прыляцець». Адносна ўдзелу кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна Лукашэнка адзначыў, што «паглядзіць, якая будзе рэакцыя», бо ў Расеі «сытуацыя ня вельмі добрая». Ці былі запрашэньні астатнім удзельнікам ЭАЭС, кіраўнікам Армэніі і Кіргізстану, не паведамляецца. Лукашэнка пры тым дапусьціў, што мерапрыемства можна і перанесьці, і правесьці ў фармаце відэаканфэрэнцыі.

14 красавіка з удзелам Лукашэнкі прайшла відэаканфэрэнцыя Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады — там Лукашэнка прасіў у Пуціна зьніжку на газ, але пазьней атрымаў завочную адмову.

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю. Таксама ён сам ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG