Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сталі на чвэрць менш хадзіць на працу і езьдзіць на транспарце, — Google


Сэрвіс Google Maps працягвае публікаваць дэталёвы аналіз паводзінаў карыстальнікаў падчас пандэміі каранавірусу. Новая справаздача (PDF) ёсьць і пра Беларусь.

Паводле Google, па стане на 17 красавіка беларусы, калі параўноўваць са «звычайнымі паводзінамі» да пандэміі каранавірусу, сталі:

  • на 21% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музэі, кінатэатры і бібліятэкі;
  • на 5% больш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі;
  • на 3% менш хадзіць у паркі і сквэры;
  • на 26% менш карыстацца грамадзкім транспартам;
  • на 27% менш знаходзіцца на працоўных месцах;
  • на 10% больш знаходзіцца дома.

Тыдзень таму ў аналягічнай справаздачы падзеньне наведваньня рэстарацыяў і забаўляльных установаў было большым (–31%), але транспарт і працоўныя месцы былі прыблізна ў тых жа значэньнях (–27% і –22%), крамы і аптэкі былі ня ў плюсе, а ў мінусе (–7%), а паркі, наадварот, у плюсе (+5%).

Зьвесткі тычацца ня кожнага чалавека ў сьвеце — толькі тых, хто карыстаецца сэрвісамі Google на смартфонах і не адключае гісторыі лякацыі.

Зьвесткі ананімныя. Іх публікуюць, каб дапамагчы ўладам ацаніць эфэктыўнасьць карантынаў і «сацыяльнага дыстанцыяваньня» (да заклікаў «заставацца дома» далучалася і Мінздароўя Беларусі, хоць карантыну ў краіне не абвяшчалі).

«Яндэкс»: беларусы за тыдзень сталі менш самаізалявацца

Расейская кампанія «Яндэкс» штодзень абнаўляе дасьледаваньне аб самаізаляцыі людзей у Расеі і краінах СНД, у тым ліку Беларусі, і «мапу самаізаляцыі». Гарадам выстаўляюцца балы ад 0 (як у час пік у звычайны дзень) да 5 (на вуліцах нікога). Рэйтынг складзены на падставе зьвестак аб геалякацыі карыстальнікаў сэрвісаў «Яндэксу» і не ахоплівае ўсё насельніцтва.

Сярэдні «бал за самаізаляцыю» па днях на бягучым тыдні ніжэй, чым на мінулым, у шматлікіх гарадах Беларусі. Так, у Менску на мінулым тыдні гэты бал вагаўся між 1,9 і 2,1 у працоўныя дні, на бягучым упаў да 1,7 сярэднедзённага бала на 23 красавіка — да ўзроўню пачатку месяца. Менск разам з Магілёвам, дзе лічбы прыблізна тыя ж, цяпер найменш «самаізаляваныя» ў рэйтынгу «Яндэкса».

Найбольшы сярэднядзённы «бал за самаізаляцыю» на 23 красавіка мелі Салігорск і Рэчыца. Але цяперашнія іхныя 2,4 бала таксама ніжэйшыя за тое, што было ў працоўныя дні на мінулым тыдні.

Для параўнаньня, у Смаленску на 23 красавіка было 2,2 бала, у Бранску — 2,7, у Маскве 3,2, у Санкт-Пецярбурзе — 2,5, у Нур-Султане — 3,0, у Кішэнэве — 3,1, у Ерэване — 3,2, у Баку — 3,7, у Бішкеку — 3,8, у Ташкенце — 4,1у Тбілісі — 4,4. Статыстыку па Ўкраіне, Польшчы і краінах Балтыі «Яндэкс» не вядзе. Такі нізкі бал, як у Менска і Магілёва, маюць расейскія Абакан, Белгарад, Горна-Алтайск, Свабодны і Южна-Сахалінск, ніжэйшы на адну дзясятую — Кемерава і Благавешчанск

У выходныя дні «бал за самаізаляцыю» прыкметна вышэыйшы ва ўсіх гарадах Беларусі. Пры тым чым далей, тым больш беларусы не выходзяць з дому па выходных, вынікае са зьвестак «Яндэксу».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG