Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«40 рублёў з доктара, 25 з мэдсястры». Як беларусаў прымушаюць працаваць на суботніку падчас каранавірусу


Архіўнае фота. Суботнік у Менску

Сёлета ўсе заробленыя на суботніку грошы ўлады абяцаюць накіраваць на добраўпарадкаваньне дзіцячых лягераў і помнікаў ахвярам Другой усясьветнай вайны.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Адсутнасьць карантыну ў Беларусі — не адзіная незвычайная для эўрапейскай краіны зьява ў часы пандэміі каранавірусу. У бліжэйшую суботу 25 чысла ў краіне пройдзе агульнарэспубліканскі суботнік. Настойвае на яго правядзеньні асабіста кіраўнік краіны.

«Калі я прымаў гэтае рашэньне, адназначна быў за суботнік. Той, хто працуе, — яны адпрацуюць, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. — Мы, чыноўнікі, вядома, свой заробак таксама пералічым у фонд суботніку, таму што гэта сьвятая справа».

Свабода зьвярнулася да чытачоў з просьбай расказаць, як суботнікі арганізаваныя на іхніх месцах працы.

«За суботнік нам заплацяць, але грошы забяруць назад»

«Выклікалі, сказалі, каб усе выходзілі на суботнік у абавязковым парадку, — кажа Іван, які працуе сьлесарам на Сьветлагорскай ЦЭЦ ужо 10 гадоў. — Нам заплацяць за суботнік, але выплату гэтую забяруць назад. Каб грошы з нашых заробкаў не вылічваліся. Вось так патлумачылі ўсё».

Паводле Івана, ідзецца пра розныя сумы. У асноўным ад 15 да 20 рублёў, залежна ад пасады. На суботнік 25 красавіка павінны зьявіцца ўсе супрацоўнікі. Пры гэтым на прадпрыемстве ўведзеныя захады бясьпекі ў сувязі з эпідэміяй.

«Абмежаваньняў у працы ў нас асаблівых няма, як працавалі, так і працуем, — расказвае Іван. — Маскі толькі павыдавалі, дэзынфэкцыйныя сродкі на працы ёсьць. Нічога асаблівага больш. На працу абавязкова прыходзіць. На ЦЭЦ у нас, здаецца, выпадкаў каранавірусу не было пакуль. Але ў Сьветлагорску нібыта ўжо забіралі людзей з падазрэньнем. Па горадзе ніхто асабліва не ўспрымае небясьпеку сур’ёзна. У масках людзей мінімальна, усе думаюць, што гэта нейкія жарты».

Іван расказвае, што суботнікі на Сьветлагорскай ЦЭЦ — звычайная рэч. Прычым апошні быў зусім нядаўна — 11 красавіка. Як правіла, такія захады абмяжоўваюцца тым, што прыбіраюць тэрыторыю самой электрастанцыі і побач зь ёй.

«На суботніку мы будзем прыбіраць тэрыторыю ЦЭЦ, усе супрацоўнікі, — расказвае Іван. — Разам трэба будзе працаваць, усіх выганяць. Людзі катэгарычна супраць, ніхто ня хоча выходзіць. Але ад нас патрабуюць. Калі не прыйсьці, то будзе нейкае пакараньне. Мы павінны адпрацаваць цэлы рабочы дзень. Кіраўніцтва, праўда, просіць хаця б на 1–2 гадзіны прыйсьці. Кіраўнікі нашыя ж усё разумеюць, ставяцца да людзей нармальна. Каб хоць так гэты суботнік прайшоў».

«40 рублёў з доктара, 25 з мэдсястры»

Супрацоўнікі 2-й дзіцячай паліклінікі Менску таксама расказалі Свабодзе пра будучы суботнік. Паводле іх, у адрозьненьне ад Сьветлагорскай ЦЭЦ, тут не давядзецца прыбіраць тэрыторыю з граблямі і рыдлёўкамі. Можна абысьціся здачай наяўных.

«Нас працаваць на суботніку ня клічуць, але сказалі проста здаць грошы, — расказвае супрацоўніца. — Наяўнымі. Дактары па 40 рублёў, мэдсёстры — па 25, санітаркі — па 15. Загадчыкі аддзяленьняў будуць зьбіраць, так неяк».

З словаў суразмоўцаў Свабоды, у кожным з двух аддзяленьняў паліклінікі працуе па 5–6 пэдыятраў, столькі ж мэдсясьцёр. Яшчэ ёсьць аддзяленьне, якое адказвае за дзіцячыя садкі і школы. Ці зьбіраюць грошы на суботнік з супрацоўнікаў там, суразмоўца сказаць не змагла.

«Год таму было каля 10 рублёў, сёлета 40, — абураецца суразмоўца. — У іншых лякарнях і сёлета 10. У клініцы „Маці і дзіця“, па чутках, лекары здаюць па 5 рублёў, мэдсёстры — па 3. Яны таксама не выходзяць на суботнік, здаюць грошы замест гэтага. Яшчэ больш-менш адэкватная сума. А ў нас — 40 і 25. Усе ў шоку, шчыра кажучы».

Мэдыкі кажуць, што супрацоўнікі 2-й дзіцячай паліклінікі пакуль ня ведаюць, што будуць рабіць у адказ на прапанову здаваць грошы замест працы на суботніку. Невядома таксама, што будзе, калі яны ня выканаюць просьбу кіраўніцтва.

У прыёмнай галоўнага ўрача паліклінікі Свабодзе пацьвердзілі, што атрымалі з адміністрацыі раёну ліст з распараджэньнем сабраць грашовыя сродкі на суботнік. Сама галоўны ўрач Натальля Козіч ад камэнтароў адмовілася.

«Я гатовая і 20 рублёў пералічыць, але толькі сама і на канкрэтную справу»

«У нас субота працоўная, і дзеці вучацца, — расказвае Свабодзе настаўніца адной зь менскіх школ, якая просіць не называць ейнага імя. — Але мы здаём на суботнік грошы. Ад 5 да 10 рублёў, залежыць ад колькасьці гадзін, якія настаўнік працуе ў школе. У каго менш за стаўку — той 5 павінен здаць. У каго стаўка і больш — той 10 рублёў».

Па словах настаўніцы, падобная сытуацыя склалася даўно і практыкуецца ў большасьці беларускіх школаў. Аднак сёлета адміністрацыі зьбіраць грошы на суботнік стала цяжэй.

«Я сёлета грошы не здала. Сказала, што пералічу гэтыя грошы на рахунак, дзе зьбіраюць грошы на мэдыкаў. А квітанцыю прынясу кіраўніцтву замест грошай на суботнік. Мне нічога не адказалі на гэта. Я сказала, што гатовая і 20 рублёў пералічыць, але хай яны канкрэтна пойдуць мэдыкам. Альбо ў Чырвоны Крыж. Сама, са сваёй карткі і на канкрэтную справу. Ня ведаю, чым гэта для мяне скончыцца. Раней я здавала грошы, хоць мне і не падабалася такая практыка. Але пасьля таго, што цяпер адбываецца ў краіне, у мяне сьветапогляд зьмяніўся».

Пастанову аб правядзеньні 25 красавіка рэспубліканскага суботніку ўрад Беларусі прыняў 16 чысла. «Утрыманьне наймальнікамі грашовых сродкаў з заработнай платы работнікаў, для якіх 25 красавіка 2020 году зьяўляецца працоўным днём, адбываецца зь іх згоды ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі работнікаў», — гаворыцца ў ёй.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG