Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Суботнік — гэта блюзьнерства». Незалежныя прафсаюзы абвінавачваюць праўладных калегаў у замаху на жыцьці беларусаў


Піянэры на суботніку, архіўнае фота
Піянэры на суботніку, архіўнае фота

Афіцыйныя прафсаюзы рыхтуюцца да рэспубліканскага суботніку 25 красавіка. Працоўную групу ўзначальвае намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Кухараў.

У той жа час выканкам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) асудзіў рашэньне ўладаў правесьці суботнік у разгар пандэміі каранавірусу.

Незалежныя прафсаюзы: Суботнік не прадыктаваны жыцьцёва важнымі патрэбамі

«Арганізацыя такога масавага мерапрыемства з удзелам сотняў тысяч людзей стане фактарам імклівага распаўсюду гэтай сьмяротна небясьпечнай хваробы, — гаворыцца ў адмысловай заяве. — Правядзеньне суботніку непазьбежна пацягне за сабой істотны рост захворваньняў і пагрозу жыцьцю многіх суграмадзян».

Ад імя незалежных прафсаюзаў краіны падпісанты заяўляюць, што ўсе, хто падтрымаў ідэю правядзеньня суботніку і будзе ўдзельнічаць у мабілізацыі працоўных, падзеляць з уладай адказнасьць за дзеяньні, якія нанесьлі непапраўную шкоду жыцьцю і здароўю людзей. Гэта тычыцца, перш за ўсё, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ўхваліла ініцыятыву ўлады і пачала арганізацыю суботніку.

«Папярэджваем чыноўнікаў ФПБ, што яны рана ці позна будуць адказваць за ўчыненае перад беларускім народам. Таксама папярэджваем улады, што правядзеньнем суботніку тыя чарговы раз кідаюць выклік Міжнароднай арганізацыі працы, якая асудзіла практыку выкарыстаньня прымусовай працы ў Беларусі і запатрабавала адмовіцца ад яе, у тым ліку ад прымусу да ўдзелу ў суботніках».

Як удакладніў Свабодзе старшыня БКДП Аляксандар Ярашук, арганізацыя суботніку не прадыктаваная ніякімі жыцьцёва важнымі патрэбамі. Яго сапраўдная мэта — цынічна залезьці ў разгар крызісу ў кішэню працоўных. Ці гэта не блюзьнерства? — зьвяртаецца прафсаюзны лідэр да ўладаў і заклікае бюджэтнікаў масава байкатаваць суботнік.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«У свой выходны дзень вы маеце поўнае права адмовіцца ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве. Па-першае, удзел у суботніку нясе рэальную пагрозу вашаму здароўю і жыцьцю, ніводзін лекар не адважыцца гэта абвергнуць. Па-другое, суботнік — справа добраахвотная, ніводзін юрыст таксама ня будзе гэта адмаўляць. Мы заклікаем сказаць рашучае „не“ вымагальніцтву грошай і ўтрыманьням з заробкаў на рахункі суботніку, што стала паўсюднай практыкай».

«Не — суботніку! Не — паборам! Не — прымусу да працы!» — падсумоўвае выканкам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Праўладныя прафсаюзы: Тры мільёны чалавек гатовыя працаваць добраахвотна

Летась праўладныя прафсаюзы адрапартавалі, што ў суботніку ўзялі ўдзел больш за 3 мільёны чалавек, якія напрацавалі амаль на 9 мільёнаў рублёў для дзяржавы. Сёлета працоўны дэсант плянуецца ня меншы.

«На добраахвотнай аснове ў гэты дзень рэспубліканскія органы дзяржкіраваньня і іншыя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, могуць правесьці суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкаваць тэрыторыі населеных пунктаў, падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўныя лягеры да летняга сэзону. Удзел у суботніку возьмуць і кіраўнікі краіны», — інфармуе сайт Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Удакладняецца, што заробленыя ў гэты дзень сродкі пералічваюцца праз раённыя і гарадзкія выканкамы ў аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам. 50% заробленых сродкаў застаюцца ў распараджэньні гэтых структураў уладнай вэртыкалі і будуць накіраваныя на падрыхтоўку дзіцячых лягераў, добраўпарадкаваньне населеных пунктаў, аднаўленьне мэмарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы.

Астатнія 50% сродкаў аблвыканкамы і Менгарвыканкам пералічаць Міністэрству фінансаў. Грошы ў роўных долях будуць дасланыя Нацыянальнаму мастацкаму музэю і Гомельскаму аблвыканкаму для рэканструкцыі братняга пахаваньня на месцы спаленай вёскі Ала́ ў Сьветлагорскім раёне.

Пры ўдзеле ў суботніку некамэрцыйных арганізацый сродкі могуць пералічвацца ў памерах, вызначаных добраахвотна іх калектывамі.

Адмяняць суботнік ва ўмовах пандэміі каранавірусу ўлады не зьбіраюцца. Пра гэта заявіў і Аляксандар Лукашэнка: «Калі будзе так, як цяпер, то прарвёмся», заявіў ён.

«Калі я прымаў гэтае рашэньне, адназначна быў за суботнік. Вось яны сёньня працуюць, і ў пятніцу. А што зьменіцца ў суботу? Гэта сьмешна. Таму тыя, хто працуюць, яны і будуць працаваць. А мы з вамі будзем лес садзіць. І заробак пералічым у фонд суботніку. Таму абавязкова суботнік правядзём», — сказаў Лукашэнка.

Ён удакладніў, што сам 25 красавіка плянуе правесьці суботнік у адным з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Маўляў, у гэты час некалькі дзён будзе жыць на поўдні, і там «што-небудзь прыдумае». Канкрэтны населены пункт яшчэ не абраны.

Лукашэнка запэўніў, што калі сытуацыя з каранавірусам абвострыцца і будуць неабходныя захады дзеля ізаляцыі людзей і адмены масавых мерапрыемстваў, такія крокі будуць зробленыя. Пакуль у гэтым няма неабходнасьці, лічыць ён.

Сусьветная арганізацыя здароўя па выніках місіі сваіх экспэртаў у Беларусь рэкамэндавала афіцыйнаму Менску ўзмацніць фізычнае дыстанцыяваньне і адмяніць спартовыя, рэлігійныя, культурныя ды іншыя мерапрыемствы, у якіх задзейнічаная вялікая колькасьць людзей.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG