Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар бібліятэкі імя Пушкіна: «Суботнік добраахвотны». Супрацоўніца: «Нас ад працы адпраўляюць»


Менская абласная бібілятэка імя Пушкіна
Менская абласная бібілятэка імя Пушкіна

Супрацоўніца Менскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна паведаміла карэспандэнту Свабоды, што яе разам з калегамі «адпраўляюць» на суботнік.

«Ну, мы пойдзем. Нас ад працы адпраўляюць. Мы працуем у бібліятэцы, менскай абласной, Пушкіна — тут недалёка. Пойдзем. Ну, на працу мы ходзім? Ходзім. Чаму б і не схадзіць на суботнік? Усё роўна некаму прыйдзецца ісьці. Таму вось так. Такія справы», — сказала маладая бібліятэкарка.

25 красавіка ў Беларусі пройдзе рэспубліканскі суботнік, у якім, паводле афіцыйных крыніц, возьмуць удзел ня толькі працаўнікі прадпрыемстваў, але і служачыя дзяржаўных і грамадзкіх устаноў. Чым будуць займацца на суботніку супрацоўнікі бібліятэкі імя Пушкіна, карэспандэнту Свабоды расказала дырэктарка гэтай установы Аксана Кніжнікава.

«Будзем працаваць на добраўпарадкаваньні прылеглай тэрыторыі. Як за кожнай установай ёсьць замацаваная тэрыторыя, гэтак і ў нас. На ёй мы папрацуем», — сказала дырэктар бібліятэкі.

Паводле Аксаны Кніжнікавай, загаду на правядзеньне суботніку ў іх няма, удзел у суботніку — справа не абавязковая, таму яны ня будуць весьці ўлік тых, хто не прыйшоў. Куды пойдуць грошы, заробленыя на суботніку, ёй пакуль невядома, бо «яшчэ не прыйшлі дакумэнты».

А чаму ўвогуле трэба праводзіць суботнік, тым больш у такі складаны час?

«Гэтак склалася вельмі даўно, традыцыя такая. Людзі да яе прызвычаіліся і не ўспрымаюць гэта як загад. Што да каранавірусу, мы захоўваем сацыяльную адлегласьць, карыстаемся антысэптыкамі, надзяваем маскі. Мяркую, усё будзе нармальна», — лічыць дырэктарка бібліятэкі.

«Учора прыходзіў сталы чытач-інвалід. На мыліцах прыйшоў»

У бібліятэцы працуе каля 90 чалавек. Паводле Аксаны Кніжнікавай, сярод супрацоўнікаў няма такіх, хто захварэў на каранавірус, і няма гэтак званых «кантактаў». Ці ўведзеныя ў сувязі з каранавірусам абмежаваньні для наведнікаў бібліятэкі?

Паводле Аксаны Кніжнікавай, бібліятэка працуе, але не аказвае ўвесь спэктар паслуг.

«7 красавіка выйшла пастанова Менскага аблвыканкаму адносна масавых мерапрыемстваў, згодна зь якой чытальная заля цяпер не працуе, але абанэмэнт працягвае працаваць. То бок можна прыйсьці ў бібліятэку і на замову ўзяць кнігі, але скарыстацца чытальнай заляй нельга, яна зачыненая. І масавых мерапрыемстваў, якія звычайна праводзяць у нашай бібліятэцы, часова няма», — сказала дырэктарка бібліятэкі.

Паводле Аксаны Кніжнікавай, наведвальнасьць бібліятэкі ў красавіку заўважна зьнізілася, але чытачы дагэтуль ідуць.

«Вось учора прыходзіў наш сталы чытач-інвалід. На мыліцах, але чалавек прыйшоў», — кажа Аксана Кніжнікава.

Менская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна — найстарэйшая публічная бібліятэка ў горадзе. З 1900 году бібліятэка нязьменна носіць імя расейскага паэта. Да 1918 году бібліятэка была платнай, потым плату для наведнікаў адмянілі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG