Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не страляйце мэдыкам у сьпіну


У часе працы ў камісіі Вярхоўнага Савету, якая расьсьледавала дзеяньні службовых асобаў пасьля Чарнобылю, мяне шмат што ўразіла, шмат што не ўкладалася ў лёгіку здаровага сэнсу, але адзін факт падаўся проста неверагодным.

Яшчэ пры БССР у рэспубліцы правялі суботнік, сродкі ад якога павінны былі пайсьці на ліквідацыю наступстваў аварыі. Я цяпер не ўзгадаю, колькі дакладна сабралі — але гэта былі дзясяткі мільёнаў.

І як вы думаеце, куды ўрад БССР накіраваў гэтыя грошы?

На ўзьвядзеньне жыльля для перасяленцаў з Хойніцкага раёну? З Брагінскага? А можа, на будаўніцтва анкалягічнага цэнтру пад Менскам?

Не.

У Маскву. У Мінатамэнэрга СССР.

Калі я спытаўся ў тагачаснага намесьніка старшыні Саўміну, чаму гэтак было зроблена, ён адказаў: «Такі быў парадак».

Мелася на ўвазе — усё паступае ў Маскву, а ўжо Масква потым вырашае, куды, што і колькі.

Гэта, між іншым, было яшчэ адным аргумэнтам, чаму Народны Фронт патрабаваў Незалежнасьці.

Дзякуй Богу, цяпер сродкі, якія зьбіраюць людзі на дапамогу мэдыкам у дні змаганьня з каранавірусам, у Маскву не ідуць. І тое, што гэтым займаецца грамадзтва, дае гарантыі, што ўсе гэтыя маскі, рэсьпіратары, касьцюмы — усё гэта ідзе ў бальніцы.

Але дзівосы здараюцца і сёньня.

Інтэрнэт абляцела інтэрвію з загадчыкам рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі Ўладзімерам Мартавым. Ён кажа, што сытуацыя з каранавірусам у Віцебску выйшла з-пад кантролю. Пра гэта шмат хто казаў, але на ўмовах ананімнасьці. Мартаў жа заявіў адкрыта.

Але мяне ўразіла ў расповедзе Мартава тое, што зь іх, дактароў, ужо цяпер віцебская пракуратура патрабуе справаздачы за тое, што ім перадаюць валянтэры. За гуманітарную дапамогу, іншымі словамі.

І ведаеце, чым займаецца старшая мэдсястра? Пісанінай. Афармляе дакумэнтацыю на тую дапамогу. Бо раптам прыйдзе праверка ці то з пракуратуры, ці то зь міністэрства і скажа:

«Мы ведаем, што вам перадалі трыста рэсьпіратараў. А дзе дакумэнты? А, ёсьць дакумэнты? Усё аформілі? Малайцы. Ну, а тады — як наконт скарыстаных рэсьпіратараў? Дзе акт аб сьпісаньні? Ага, акт аб сьпісаньні вы склалі. А дзе самі рэсьпіратары? Можа, вы акт склалі, а рэсьпіратары забралі сабе?»

Ведаючы бюракратыю, цалкам веру ў такую пэрспэктыву.

Бо што-што, а інстынкт выконваць усталяваны «парадак» улада пераняла з тых, савецкіх часоў.

Вядома, пракурорскія работнікі, сьледчыя, супрацоўнікі кантрольных органаў — гэта, як казалі раней, «людзі асобага складу». І спэцыфіка прафэсіі за гады працы накладае свой адбітак. Як, напэўна, і кожная прафэсія.

А тут яшчэ — «парадак».

Але няўжо яны думаюць, што зробленыя зь нейкіх іншых малекулаў, што ўяўляюць сабой іншы біялягічны від, і інфэкцыя іх ні пры якіх умовах не кране?

Няўжо пракурор ня можа ўявіць, што вось прывозяць яго на насілках у тую ж бальніцу хуткай дапамогі, а ўрач яму і кажа: «Вы, таварыш пракурор, пачакайце, мне тут трэба аформіць паперы наконт дапамогі рэсьпіратарамі, а потым яшчэ дапамогі лекамі, гэта хутка, гадзінкі за паўтары-дзьве ўпраўлюся. Ну, максымум тры. А потым я вас адразу падключу да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх».

У Віцебску сям’я Мартавых добра вядомая як мэдычная дынастыя, а сам спадар Уладзімер, акрамя таго, што мэдык, вядомы і па-за Віцебскам як аўтар публікацый па ваеннай гісторыі (пэрыяду ВКЛ, Другой сусьветнай вайны і інш.). Магчыма, таму ён ужыў паралель з вайной: «Я сяджу ў акопах на перадавой і спадзяюся, што ў Генэральным штабе нехта думае».

Ня ведаю нікога з «генштабу» (Міністэрства аховы здароўя) — але добра ведаю вярхоўнага галоўнакамандуючага. Усё ж шэсьць гадоў правялі разам у Авальнай залі, зь іх чатыры — як калегі-дэпутаты. А галоўнакамандуючы кажа такое, што адразу робіцца сусьветнай сэнсацыяй. Ці «ніякага вірусу няма», ці — «у Беларусі ад каранавірусу ніхто не памёр». І «генштаб» вымушаны прымаць рашэньні, зыходзячы з гэтай устаноўкі.

І калі ўжо працягваць асацыяцыі з ваенным часам, прыгадваю свайго дзеда Ягора, які прайшоў усю вайну (ад чэрвеня 41-га і да восені 45-га) радавым, быў двойчы паранены, меў мэдаль «За адвагу» і «За баявыя заслугі».

Вось ён якраз ваяваў (калі выключыць шпіталі пасьля раненьняў) на перадавой. А за імі, салдатамі, былі заградатрады НКВД — гатовыя страляць у сьпіну, калі ты замарудзіў ісьці ў бой.

Але яшчэ горш, калі ты ўжо ў баі — а табе страляюць у сьпіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG